Беларускамоўны фільм «Возера радасці» выходзіць у сталічны пракат

13 лістапада ў кінатэатры «Масква» з нагоды выхаду ў сталічны пракат адбудзецца прэзентацыя фільма рэжысёра Аляксея Палуяна «Возера радасці», створанага па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Гэта цалкам беларускамоўны фільм, сусветная прэм'ера якога адбылася ў Клермон-Ферране — на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў.

«Возера радасці» атрымала шэраг прызоў на прэстыжных еўрапейскіх кінафэстывалях, сярод якіх тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз «За лепшую рэжысуру» на кінафестывалі ў грэцкай Драме, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе, а таксама перамога ў намінацыі «Лепшы кароткаметражны фільм» нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.

Мінскаму гледачу фільм прадставіць здымачная група з удзелам рэжысёра Алексея Паўляна і пісьменніка Віктара Марціновіча. Частка сродкаў ад прададзеных білетаў пойдзе на карысць платформы «Імёны» (праект-настаўніцтва для дзяцей-сіротаў).

У аснове аповеду ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому.

Алексей Палуян — беларускі рэжысёр, які зараз жыве і працуе ў Германіі. За яго плячыма навучанне ў Касэльскай мастацкай акадэміі і шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў. Рэжысёр пачаў працу над сцэнаром «Возера радасці» ў 2016 годзе, натхніўшыся раманам беларускага пісьменніка. Акрамя вольнай адаптацыі эпізода з рамана ў аснову фільма легла асабістая гісторыя бацькі Алексея, які таксама, як і гераіня фільма, рос у інтэрнаце.

«Возера радасці» — міжнародны праект, у здымачную каманду ўвайшлі кінапрафесіяналы з Германіі, Ірану, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі.

У фільме здымаліся вядомыя беларускія акцёры: Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Маўчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц, чыю гульню высока ацаніла міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU, прысудзіўшы дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая актрыса».

За музычнае афармленне фільма адказны знакаміты беларускі этна-гурт Vuraj. Кампазiцыя з альбома Lito стала яго саундтрэкам, таксама гурт зняўся ў эпізодзе.

У Мінску фільмы можна будзе ўбачыць з 14 па 28 лістапада ў кінатэатрах «Беларусь», «Піянер», Silver Screen і Falcon Club Бутык Кіно, а з 14 по 20 лістапада — у Silver Screen.

Плануецца, што карціну пакажуць ў Магілёве, Брэсце, Баранавічах і Ляхавічах.