У мінскі пракат выходзіць камедыя «Шлюбная гарачка», агучаная на беларускую мову

21 лістапада ў мінскі пракат выходзіць амерыканская камедыя «Шлюбная гарачка», агучаная на беларускую мову «Тутэйшын Студыяй».

Гэта працяг новага сумеснага праекта відэасервісу VOKA і сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas, створанага для таго, каб навінкі сусветнага кіно ў Беларусі нарэшце можна было глядзець у якаснай агучцы на беларускай мове.

Мара, галоўная гераіня новай стужкі майстра рамантычных камедый Роберта Лукеціча, — тыповая прадстаўніца пакалення Y, у якой можна пазнаць шмат каго са сваіх знаёмых: яна кажа, што жыве адным днём, марыць аб творчай прафесіі і зусім не верыць у шлюб і доўгія адносіны.

А вось яе новы хлопец Джэйк — зусім іншы. Цягам года яны атрымліваюць пятнаццаць запрашэнняў на вяселле. І гэта вялікае выпрабаванне для Мары. Што ёй рабіць, калі Джэйк падхопіць «шлюбную гарачку» і прапануе ёй пярсцёнак?

«Шлюбная гарачка» — другая прэм’ера ад «Тутэйшын Студыі». Першая адбылася ў верасні, калі гледачам прадставілі фільм Джэймса Франка «Нулявуд».