«Белсат» у жывым эфіры пакажа цырымонію пахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага

22 лістапада а 10:00 паводле менскага часу «Белсат» плануе пачаць шматгадзінную наўпроставую трансляцыю з Вільні пахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863–1864 гг.

Катэдральны касцёл Святых Станіслава і Уладзіслава. Фота Krzysztof Mizera

Цэнтрам жывога эфіру ў літоўскай сталіцы будзе мабільная студыя на Катэдральнай плошчы. Туды для каментавання цырымоніі будуць запрошаны гісторыкі ды грамадскія лідары.

Эфір распачнецца прэм’ерай відэакліпу на песню Лявона Вольскага «Калі ідуць на абардаж» на верш Уладзіміра Караткевіча «Павешаным 1863 года».

Акрамя гэтага, журналісты «Белсата» будуць працаваць на вуліцах Вільні і сачыць за ўсім, што адбываецца падчас цырымоніі, пачынаючы ад грамадскага развітання ў Катэдральным касцёле Святых Станіслава і Уладзіслава.

Пазней разам з удзельнікамі пахавальнай працэсіі гледачы пройдуць ад касцёлу праз Вострую браму да могілак Росы, дзе ў капліцы і знойдуць спачын 20 паўстанцаў.

Падчас закрытай часткі цырымоніі — набажэнства ў Катэдральным касцёле і пахавання на Росах — «Белсат» скарыстаецца сігналам Літоўскага тэлебачання LRT.

Выступы кіраўнікоў дзяржаваў, каментары на польскай і літоўскай мовах у эфіры «Белсату» прагучаць у перакладзе на беларускую. Імшу ў касцёле будзе каментаваць беларускі рымска-каталіцкі святар.

Глядзіце 22 лістапада ў эфіры і на старонцы belsat.eu.

Адрас будучай трансляцыі – https://www.youtube.com/watch?v=54CHW0qD-S4