Усе альбомы гурта N.R.M. упершыню з'явіліся на лічбавых пляцоўках

20 сакавіка на лічбавых музычных пляцоўках упершыню з'явіліся ўсе альбомы гурта N.R.M., створаныя класічным складам у 1995-2007 гадах.

Калектыў быў заснаваны ў 1994 годзе на парэштках гурта «Мроя» Лявонам Вольскім (вакал, гітара), Пітам Паўлавым (гітара), Юрасём Ляўковым (бас-гітара), Алезісам Дземідовічам (бубны).

Першую сур’ёзную папулярнасць N.R.M. прынеслі альбомы «Одзірыдзідзіна» (1996) і «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» (1998). Статус аднаго з галоўных беларускіх гуртоў усіх часоў — альбомы «Тры чарапахі» (2000) і «Дом культуры» (2002).

У гэтым складзе музыкі стварылі шэсць студыйных альбомаў, якія ніколі не прысутнічалі на лічбавых пляцоўках, таму што ў 2010 годзе шляхі Лявона Вольскага і астатніх удзельнікаў разыйшліся.

А між тым попыт на запісы гурта ёсць дагэтуль. У 2019 годзе сэрвіс «Яндэкс Музыка» праводзіў у Беларусі апытанне наконт таго, якіх артыстаў найперш бракуе яго айчынным карыстальнікам. N.R.M. тады трапілі ў топ-5 разам з Rammstein, Metallica, Tool і King Crimson. Сёння N.R.M. з’явіўся на пляцоўцы.

 

 

«Песні N.R.M. ведаюць мільёны беларусаў, гэта жывая гісторыя беларускай музыкі, — адзначае Зміцер Безкаравайны, кіраўнік лэйбла MediaCube Music, адказнага за перавыданне. — Працэс перамоваў і тэхнічнай падрыхтоўкі рэлізу заняў каля трох месяцаў. Мы ўдзячныя ўсім бакам за канструктыўны падыход, які дазволіў ажыццявіць гэты праект».