Зiнаiда Бандарэнка: Мне не сорамна ні за адзін пражыты год



Амаль 40 гадоў таму Зiнаiда Бандарэнка, стаўшы дыктарам Беларускага тэлебачання, у адзiн момант i надоўга стала знакамiтай i папулярнай. Мiнуў час, i сёння таленавiтая i прыгожая Зiнаiда Аляксандраўна ўвогуле не заходзiць у будынак на Макаёнка,9. I справа не ў тым, колькi ёй гадоў, справа ў яе стаўленнi да рэчаiснасцi, да таго, што адбываецца ў краiне.





Чым сёння напоўнена жыццё знакамiтай жанчыны? Як яна ставiцца да свайго ўзросту?





— Зiнаiда Аляксандраўна, Вы можаце прызнацца, колькi Вам гадоў?





— 62. Ад сваiх гадоў нiкуды не ўцячэш. Твае блiзкiя, калегi ўсё роўна ведаюць. Адзiнае — можна выглядаць маладзейшай. I, можа, гэта iсцiна: чалавеку столькi гадоў, на колькi ён выглядае.





— Вы нiколi не ўтойвалi свой узрост?





— Раней я не любiла гаварыць пра свой узрост. Можа, таму, што да 50 гадоў у мяне было такое адчуванне, што маладзей за мяне нiкога няма. Я iшла па вулiцы, вакол крочылi маладыя жанчыны, дзяўчаты, а я ўсё роўна думала, што я амаль самая маладая. Такi быў унутраны настрой, самаадчуванне... А зараз думаю: усё гэта смешна. Можна сябе выхоўваць, не думаць пра гады, але сталасць усё роўна прыйдзе. Трэба пакрыху рыхтавацца да яе. I тут, на мой погляд, вельмi важна, з чым ты да яе падышоў. Мне не сорамна нi за адзiн пражыты год.





— У свой час Ваша папулярнасць была вялiзнай, Вамi захаплялася ўся краiна, Вас запрашалi на ўсе самыя "высокапастаўленыя" тусоўкi, беларускiя жанчыны рабiлi прычоску "а-ля Бандарэнка". Сёння гэтага няма. Што адчуваеце?





— Гэтым летам мы сабралiся з маiмi каляжанкамi i паехалi да мяне на лецiшча. Успамiналi нашу дыктарскую групу, працу на тэлебачаннi. I гаварылi менавiта пра тое, што на наш час сапраўды выпала такая папулярнасць!..





Але я ўвесь час ведала, што, у рэшце рэшт, усё скончыцца, прыйдуць новыя сiлы. I рыхтавала сябе да гэтага. Але я не думала, што ўсё адбудзецца так раптоўна i груба. Можа, калi б я была больш лаяльная i спагадлiвая да цяперашняй улады, то яшчэ працавала, але я вельмi адкрыта выказвала свае думкi наконт таго, што адбываецца ў краiне.





Мне, праўда, нiхто не прапаноўваў пакiнуць працу. Рыгор Кiсель — у той час старшыня Белтэлерадыёкампанii — нават не падпiсваў маю заяву аб звальненнi. Аднак увесь час я адчувала, што нязручная кiраўнiцтву, што дыктарскай групы, якой я кiравала, хутка не будзе.





Са сваёй калегай Элай Давыдоўскай мы пачалi рабiць праграму "Яшчэ не вечар" для людзей сталага ўзросту. Год з лiшкам яна выходзiла, у нас усё добра атрымлiвалася. Перадачу глядзелi, нам шмат пiсалi. Але вячэрнi эфiр нам не давалi, а потым я пачала адчуваць, што нас хочуць прымусiць яе закрыць: то тэхнiкi няма, то плёнкi, то аператар заняты. I я вырашыла: лепей я пайду сама. У лiпенi 1998 года напiсала заяву.





— Сёння нi адна вядучая Беларускага тэлебачання не можа пахвалiцца такой славай, якая была ў Вас. Як Вы думаеце, чаму?





— Я вучылася ў Маскве, i тыя семiнары, якiя для нас арганiзоўвалi, далi мне шмат карыснага. Цяпер па той сiстэме я працую з моладдзю.





Вядучы павiнен належаць гледачу, быць вельмi шчырым. Тое, што цяпер адбываецца на Беларускiм тэлебачаннi, выклiкае супрацiўленне. Як кажуць, бываюць "дзецi хлуснi" — i гэта адчуваецца, калi глядзiш беларускiя навiны. Вядучыя гамоняць, гамоняць, а пра што? Я iм не веру. Вочы напружаныя, не валодаюць артыкуляцыяй, няма ўпэўненасцi. Пра якую шчырасць можна гаварыць. Пасля лiквiдацыi дыктарскага аддзела была знiшчана школа выканальнiцкага майстэрства вядучага. Тое ж самае сёння адбываецца i на радыё.





I, па-другое, калi няма даных, — нiчога не атрымаецца. Была такая вядучая — Iнга Хрушчова. Дзе яна? Няма. Хрушчова i Зiмоўскi дамаглiся таго, што прэзiдэнцкае тэлебачанне не палюбiлi. Сёння там вяшчае Аксана Чайка. Чалавек няшчасны на экране... Такое ўражанне, быццам бы спецыяльна ўсё робiцца для таго, каб людзi не глядзелi Беларускае тэлебачанне.





Раней там працавалi прыгожыя, здольныя людзi. Iх спецыяльна адшуквалi, праводзiлi конкурсы. Столькi людзей iшло! I выбiралi самых, самых. Аднаго разу, памятаю, пад нацiскам намеснiка старшынi тэлекампанii я ўзяла яго знаёмую. I ў яе, у рэшце рэшт, нiчога не атрымалася. Сёння вядучыя — сват, брат, знаёмыя, у асноўным магiлёўскiя.





— Вы ведаеце сакрэт, як стаць дасканалай i паспяховай у сваёй прафесii? Чула, што Вы спачатку працавалi медсястрой...





— У мяне быў дыплом, але медсястрой я не працавала нiводнага дня. Заканчвала медвучылiшча, калi мяне знайшлi па конкурсе i прапанавалi працу на тэлебачаннi. Я пачынала з Гомельскага тэлебачання. Вучылася завочна ў Гомельскiм педагагiчным iнстытуце. Потым мяне перавялi ў Мiнск. У маёй працоўнай кнiжцы амаль адзiны запiс. Усё жыццё я працавала на Беларускiм тэлебачаннi.





Мне здаецца, гэта самае галоўнае — не памылiцца ў выбары прафесii. Калi ж так адбылося, не трэба баяцца ўсё змянiць. Я, напрыклад, ляцела на працу.





— Зiнаiда Аляксандраўна, у мiнулым годзе, напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў, Вы занялi вельмi актыўную пазiцыю, адкрыта выступiлi супраць дзеючай улады. Усе памятаюць перадвыбарчую ўлётку "Час выбiраць" з Вашым партрэтам. У дзень выбараў Вас бачылi на Кастрычнiцкай плошчы, дзе збiралiся прыхiльнiкi кандыдата на прэзiдэнцкую пасаду Уладзiмiра Ганчарыка. Пасля гэтага Вас папрасiлi пайсцi з аркестра М.Фiнберга, дзе Вы працавалi, у Вас стала менш гадзiн у БДУ, дзе Вы выкладалi. Якiя яшчэ перамены адбылiся ў Вашым жыццi?





— У БДУ я зараз увогуле не выкладаю. На факультэце журналiстыкi на адзiн год зрабiлi перапынак па некаторых прадметах. Адмовiлiся ад усiх сумяшчальнiкаў.





Але з'явiлася шмат iншай працы. Мяне запрашаюць весцi канцэрты, аднак, вядома, не ўрадавыя. Але я нават i не ўяўляю, як бы выйшла на гэтую сцэну i ўбачыла гэтую аўдыторыю. Штучную, угодлiвую, лiслiвую. Я б сябе ненатуральна паводзiла...





Напярэдаднi выбараў я выказала сапраўды сваё меркаванне. I аказалася, што ў гэтай сваёй пазiцыi я мела рацыю. У нас так i адбываецца сёння: хамства як на высокiм узроўнi, так, на жаль, i паўсюль.





У тыя часы мяне падтрымала кiраўнiцтва беларускай службы радыё "Свабода". Мяне запрасiлi правесцi курсы дыктарскага майстэрства на радыё. Я працавала з беларускiмi журналiстамi. Усе яны вельмi адукаваныя, моцныя журналiсты, але дыктарскiх навыкаў iм не хапае. I сёння мне так прыемна iх слухаць, яны сталi больш прафесiйнымi.





— Што Вас сёння больш за ўсё непакоiць у сабе?





— Усё яшчэ не магу спынiцца. Кудысьцi бягу, спяшаюся i толькi адзiнае турбуе: хацелася, каб i надалей хапiла здароўя.





— Як складваюцца ўзаемаадносiны з мужам? У апошнi час стала модным, калi мужчыны ва ўзросце заводзяць маладых палюбоўнiц, з якiмi "выходзяць у свет". Вас нiколi не турбавала, што ў Вашага мужа можа ўзнiкнуць раман "на баку" з маладзенькай жанчынай, нягледзячы на тое, што яго жонка так добра выглядае?





— Я ўвесь час хвалявалася i раўнавала яго. I гэта быў добры стымул трымаць сябе "ў форме". З боку майго Генадзя таксама было нешта падобнае. Ён па натуры сваёй — уладар.





— Вам часта прызнавалiся ў каханнi? Думаю, у Вас было многа паклоннiкаў у самых высокiх кабiнетах. Вы прымалi iх заляцаннi?





— У маiм характары ёсць такая рыса — баюся пакрыўдзiць чалавека. Iншым часам я надоўга зацягвала з разрывам, мне было няёмка сказаць мужчыну, што яму няма чаго лавiць. Але я заўсёды iмкнулася адразу даць зразумець, што на сур'ёзныя адносiны разлiчваць нельга.





Неяк мяне выклiкалi ў ЦК партыi i ўчынiлi сапраўдны допыт. Справа ў тым, што за адным вялiкiм начальнiкам цягнуўся шлейф "жаночага ўгоднiка". I ў высокiх кабiнетах у мяне пыталiся, цi праўда, што ў яго раман са мною цi з кiмсьцi на тэлебачаннi. Я абараняла гэтага чалавека, але яго потым усё роўна знялi.





Вядома, жанчыне прыемна, калi на яе звяртаюць свае позiркi мужчыны, прычым мужчыны цiкавыя, разумныя. Але я вельмi кахаю свайго мужа, каб дазволiць сабе нейкiя адносiны яшчэ з кiм-небудзь. Я часта ездзiла ў камандзiроўкi, мяне падоўгу не было дома i калi вярталася, амаль бегла дамоў. Расстанне ўзмацняе пачуццi.





— На Ваш погляд, якi ўзрост для жанчыны самы цiкавы?





— 40 гадоў. Па-першае, ужо розум iншы. Жанчына фiзiчна хораша сябе адчувае. Да 40 гадоў я нават нi аб чым не задумвалася, жыла i жыла.





У 33 гады я нарадзiла другога сына. У медыцынскай лiтаратуры пiшуць, што роды — гэта амаладжальны перыяд для жанчыны. Так яно i ёсць. Пасля другiх родаў я адчувала сябе вельмi добра, перажывала перыяд жаночага росквiту. Я раю ўсiм жанчынам раджаць: i ў 30, i ў 40 гадоў.





— Цiкава, а якая Вы мацi?





— Напэўна, я не змагла даць той вялiкай любовi сваiм дзецям, якую павiнна даць мацi. Я ўвесь час была ў раз'ездах. Памятаю, аднаго разу ў майго малодшага сына Валодзi журналiстка, якая брала ў мяне iнтэрв'ю, спытала: "Табе падабаецца, кiм працуе твая мацi?". I Валодзя (яму было тады 4 гады) адказаў: "Я ненавiджу яе працу. Яе нiколi няма дома".





Дзякуючы толькi сваёй свекрывi, якую я вельмi люблю i паважаю (на жаль, яе няма ўжо на гэтым свеце), мае сыны выраслi ў жаночым клопаце. Яна змагла iх выхаваць. Сыны ўвесь час мяне разумелi i паважалi маю працу. У нас заўсёды складвалiся добрыя ўзаемаадносiны. Зараз яны дарослыя. Нават маёй унучцы 15 гадоў.





— Думаю, Вы са мной пагодзiцеся, што каля паўстагоддзя таму ўзроставы "лiмiт" жаночай сiлы i прыгажосцi заканчваўся прыблiзна каля 50-i. Сёння дзякуючы бурнаму развiццю касметалогii гэты тэрмiн адсунуты. I ў 60 гадоў яшчэ рана гаварыць пра старэнне...





— Для мяне дакладна рана. Можа, справа ў маёй прафесii, яна наклала свой адбiтак. Я думаю, што i ў 70, i нават ў 80 гадоў яшчэ рана гаварыць пра старэнне. I ўвогуле цi трэба пра яго гаварыць?





Сённяшнi стан касметалогii сапраўды дае магчымасць жанчыне надоўга заставацца "ў форме". Але ў нашай краiне цяжка ўдзяляць увагу свайму знешняму выгляду. На гэта трэба мець вялiкiя грошы. Я сустракаю некаторых сваiх сябровак i мне балюча на iх глядзець... У мяне душа балiць за нашых жанчын, дзяцей. Што iх чакае ў будучынi?





— Вядомая iтальянская актрыса Ганна Маньянi аднаго разу сказала фатографу, якi спрабаваў паставiць спрыяльнае для яе святло: "Не скрывайце маiх зморшчынак, яны мне вельмi дорага каштавалi". Якiя пажаданнi Вы выказваеце фатографам? Што робiце са здымкамi, якiя, на Ваш погляд, атрымалiся няўдалымi?





— Мне такi падыход да свайго мiнулага блiзкi. У рэшце рэшт, нам дадзены розум, iнтуiцыя, густ, якiя не дазваляюць выглядаць вартай жалю кабетай, якая маладзiцца. Аднак да сваiх здымкаў, дакладна тых, якiя з'яўляюцца ў прэсе, я стаўлюся вельмi патрабавальна.





Неяк у "Советской Белоруссии" надрукавалi мой здымак пад рубрыкай "Лепшыя прыгажунi свету". Побач з прафесiйнымi здымкамi Сафi Ларэн, Брыжыт Бардо, Мадонны змясцiлi i мой. Здымак вельмi няўдалы. Адкуль яго ўзялi? Першае жаданне, якое ўзнiкла, калi я гэта ўбачыла: падаць у суд. Пасля эмоцыi сцiхлi.





— Зiнаiда Бандарэнка дазволiць сабе выйсцi на вулiцу без макiяжу, неахайна апранутай?





— Неахайна апранутай — не. А без макiяжу магу выйсцi. Чаму не? Напрыклад, калi спяшаюся ў басейн, сауну...





— Вось чаму Вам удаецца так добра выглядаць?





— Я думаю, гэта генетыка. Дар маiх бацькоў. Мае родныя i з боку бацькi, i з боку мацi былi маладжавыя, да самай старасцi добра выглядалi.





Але будзе няпраўдай, калi я скажу, што нiколi не думала пра свой знешнi выгляд. Наадварот, мяне гэта непакоiла — у мяне прафесiя такая.





Я займалася масажам твару, шыi. У мяне была свая масажыстка, потым яна з'ехала за мяжу, i я сама, памятаючы, як яна што рабiла, займаюся сабою. Вядома, я наведваю касметолага. На мой погляд, жанчына павiнна хадзiць у касметалагiчны кабiнет раз на месяц цi два.





Адзiнае, што я раблю рэгулярна на працягу 20 гадоў, масаж цела. 12 сеансаў штогод. Люблю плаваць. Басейн насупраць майго дома, у Палацы чыгуначнiкаў. Дзякуй Рахманько, якi зрабiў там еўрарамонт, таму што басейн сапраўды быў у жахлiвым стане. Басейн, сауну я наведваю рэгулярна.





— Цi прытрымлiваецеся Вы якой-небудзь спецыяльнай дыеты? У Вас няма лiшняй вагi, у той час, як iншыя сталыя жанчыны часта пакутуюць ад гэтага.





— Амаль што не. Калi настае пост — прытрымлiваюся дыеты. Мы гэта робiм разам з малодшым сынам. Муж сварыцца, бо ён любiць смачна паесцi.





У звычайныя днi iмкнуся больш есцi зяленiва, агароднiны, садавiны. У нас ёсць лецiшча. Там, праўда, толькi газон i кветкi, але градка з цыбуляй ёсць. Я вельмi люблю бываць там, на свежым паветры. Калi выпадае вольны час — адразу туды. Там мае ружы, я сама iх вырошчваю.





— Мiхаiл Жванецкi неяк сказаў: "Я жадаю сабе жыць доўга i памерцi маладым". Хачу прапанаваць Вам паразважаць на тэму "вечная маладосць"...





— Гэта мая мара памерцi маладой, каб нiкога не абцяжарваць. Неяк я трапiла ў аварыю i прыйшлося легчы ў бальнiцу. Разам са мной у палаце ляжала Еўдакiя Уралава — першы мiнiстр адукацыi Беларусi. На той час ёй было гадоў 80. У 6 гадзiн ранiцы яна ўставала, рабiла фiззарадку, масаж. Я спытала ў яе, чаму яна так працуе над сабой, i Уралава адказала: "Я адна ў свеце. У мяне няма блiзкiх. Я павiнна памерцi на нагах".





Сёння я яе ўспамiнаю, i разумею, наколькi яна мела рацыю. Але пры гэтым хочацца захаваць маладосць душы, каб вочы заўсёды блiшчэлi. Гэта, напэўна, залежыць ад адносiн да людзей. Я вельмi люблю людзей. Перажываю за тых, з кiм здараецца бяда, iмкнуся дапамагчы чым магу. Я часта чытаю Бiблiю. Мы сапраўды — людзi божыя i павiнны адзiн да аднаго добра адносiцца, любiць блiзкага свайго. Калi не будзе абыякавасцi ў адносiнах да людзей — усiм будзе лягчэй.





Гутарыла Марына ЭЙСМАНТ, "Народная Воля"