Салідарныя з Украінай. Які боршч больш пасуе вайскоўцам

Прыгатаваны па рэцэпце Лідзіі Ярмошынай, Вольгі Нікалайчык ці Станіслава Шушкевіча?

У Мінску 9 верасня прайшла акцыя “Мы любім украінскі боршч”. Яе сутнасць была ў тым, каб сабраць як мага больш беларусаў на дэгустацыю баршча, а ўсім прысутным даць магчымасць дапамагчы фінансава ўкраінскім вайскоўцам ды параненым.

Арганізатарка акцыі рэжысер Вольга Нікалайчык зварыла больш за 20 літраў баршчу ў сябе дома. Дзеля гэтага выкарыстала гіганцкі рондаль, куханны камбайн і мінімальную дапамогу сяброў.

Naviny.by завіталі да спадарыні Вольгі, каб паглядзець на працэс.

“Мы гатуем такі украінскі боршч з беларускім прысмакам, — расказвае Вольга Нікалайчык. — Акрамя сушаных грыбоў, якія і ў кіеўскі боршч дадаюцца, будзе і беларуская “фішка”. Ёсць такая рэч, пра якую я даведалася ад свайго таты: ён заўседы кідаў у боршч чарнасліў. Некалькі чарнаслівак. І гэта заўседы дадавала такі пікантны смак. Гэта будзе нашае фірмовае адрозненне”.

Рэцэпт баршча ў Вольгі не просты. Спачатку трэба доўга-доўга варыць мяса. Потым папрацаваць з гароднінай.

“Зараз бурачкі з памідоркамі прытушым, пасля морквачку абсмажым з цыбулькай і вэнджаным мясам і кіўбаскай. У канцы кінем яшчэ вэнджаныя крылкі курыныя. Перцы. Вось мяса мы ўжо наварылі, курыца не бройлер, а такая, вясковая, каторая бегала, з мышцамі. Свініна. Бульба, само сабою. Крыху напрыканцы трэба воцату, але мая бабуля ніколі воцат не дадавала, яна брала зімовыя яблычкі, кіслыя, якія яшчэ не даспелі, іх кідала і перад канцом іх даставала. І абавязкова напрыканцы часнык і пятрушка з майго гароду”, — распавядае Вольга, працуючы каля пліты.

Мы вырашылі даведацца, якія яшчэ рэцэпты выкарыстоўваюць беларусы, каб прыгатаваць боршч.

Станіслаў Шушкевіч, напрыклад, прызнаецца, што боршч часцей гатуе яго жонка, але і сам першы кіраўнік незалежнай Беларусі час ад час стаіць каля пліты.

“Я раблю боршч вельмі прымітыўным спосабам, але мне ён падабаецца. Галоўнае — варыць мяса на касцях. І потым на бульоне мясным варыць борш. А інгрэдыенты звычайныя: салодкія бурачкі, морква, цыбуля, бульба, правільна парэзаная, мяса. І ў мяне ёсць знаемы мяснік, я проста кажу яму: зрабі мне для баршча. І ён адбірае мне кавалак мяса з косткай, нават не ведаю дакладна, што за мяса. Але заўседы смачнае”, — прызнаецца Шушкевіч.

Вядомы таксама рэцэпт ад Лідзіі Ярмошынай: нарэзаную моркву, бульбу і цыбулю заліць кіпнем на 15 хвілін — бланшыраваць. Да гародніны трэба дадаць булён ці кіпень, калі боршч вегетарыянскі. У каструлю кладзецца нарэзаная капуста і варыцца 10 хвілін. За гэты час на тарку трэба пацерці буракі і развесці таматную пасту. Усё гэта дадаецца у боршч.

Самае цікавае ў рэцэпце Лідзіі Міхайлаўны — бурак варыцца літаральна тры хвіліны. А каб было смачней — трэба дадаць чарнасліў. Пэўнае падабенства з рэцэптам арганізатаркі “украінскай” акцыі.

На акцыю ў сядзібу БНФ Вольга Нікалайчык так і прывезла борш — у гіганцкім рондалі. І кожны жадаючы атрымаў... не талерку, а кубак баршчу. Менавіта ў такім посудзе раздавалі боршч на Майдане.

Прыйшоў на акцыю і Станіслаў Шушкевіч: дапамагчы і прадэманстраваць сваю пазіцыю.

“Я прыйшоў, каб выказаць салідарнасць з тымі, хто паважае незалежную Украіну. Мне жудасна, што расійскія цывілізаваныя адукаваныя людзі сталі ў шэрагі сталіністаў. Я ніколі гэтага не чакаў”, — кажа Шушкевіч.

Боршч раздалі жадаючым прыкладна за поўгадзіны. Але мерапрыемства працягнулася: тут мог выступіць кожны, у каго было што сказаць наконт сітуацыі ва Украіне.

Усяго сабраць на акцыі атрымалася больш за 700 долараў. Прычым ахвяравалі і долары, і беларускія рублі... і нават расійскія рублі. Каб, так бы мовіць, рускія грошы дапамаглі ўкраінскім вайскоўцам.

“Сення зварыць боршч — справа не танная, але гэта мой унесак, — кажа Вольга Нікалайчык. — То бок я прыважу боршч і бутэрброды, а людзі, якія збяруцца пакаштаваць гэты боршч — іх задача зрабіць нейкі ўнёсак, каб дапамагчы украінскім параненым, украінскім вайскоўцам. Там бракуе аптэчак, там бракуе элементарных прэпаратаў для спынення крыві, проста цёплых рэчаў. У пасылку аднаму салдату трэба сабраць і спальнік, і тэрмабялізну, бо ўжо халодна хлопцам. І шкарпэткі, і шапачка, і шалік — шмат элементарных рэчаў. І нават самы мінімум, які мы збярэм — гэта добра. Калі мы выратуем нават адно жыцце, то мы не дарма стаялі і варылі гэты боршч, далучаліся да салідарнасці. І мы любім украінскі боршч!”.