Галерэя «Ў» запрашае на прэзентацыю новай кнігі пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса

17 лютага ў 18:00 галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) запрашае дзетак і дарослых на прэзентацыю кнігі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста “Блінны торт” з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык. Уваход вольны.

“Блінны торт” з’яўляецца пачаткам славутай серыі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста. На беларускай мове яна ўпершыню выдаецца ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч.

“Блінны торт” стаўся адзінаццатым выпускам серыі “Каляровы ровар” бібліятэкі СБП “Кнігарня пісьменніка”.

Свэн Нурдквіст нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу (Швецыя) і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.

У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва Opal на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе "Блінны торт" чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан, і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.

Кнігі Свэна Нурдквіста будуць цікавыя дзецям і дарослым, яны перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.