Сьвята ў віртуальнай прасторы

Як у беларускім інтэрнэце адзначаўся Новы год?

Як у беларускім інтэрнэце адзначаўся Новы год? Напрыклад, у інтэрнэт-газеце "Белорусские новости" (naviny.by) на працягу некалькіх дзён зьяўляліся самыя розныя матэрыялы, аб’яднаныя агульнай тэмай і рубрыкай — "Сьвята".

Наколькі эфэктыўным і пасьпяховым аказаўся гэты крок? Разважае галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня "Белорусские новости" Аляксандр Класкоўскі.

Ведаеце, гэтая задума аказалася нечакана ўдалай, хаця яна ўзьнікла спантанна. Мы прадбачылі, што, як звычайна ў пэрыяд калядных вакацыяў, будзе пэўны дэфіцыт падзейных матэрыялаў, і рубрыка "Новы год" павінна была кампэнсаваць гэта. Былі нават пэўныя ваганьні, ці варта. Усё ж наш малады рэсурс зарэкамэндаваў сабе як найперш грамадзка-палітычны і сур’ёзны, а тут раптам нешта не зусім сур’ёзнае. Але мы па першых днях убачылі, што гэтая рубрыка ідзе на 3–4 месцы па наведваньні, і пераканаліся, што ідэя мае права на існаваньне і мае пэрспэктыву. Акрамя таго, гэта дапамагло нам і трошкі падзарабіць, бо друкаваліся і матэрыялы рэклямнага кшталту.

Паводле якіх крытэраў вы падбіралі зьвесткі для гэтай рубрыкі? Бо ў калядныя дні ў вас пераважалі сьвецкія, сьвяточныя і забаўляльныя матэрыялы. Ці апраўдала сябе гэтая стаўка?

Так, безумоўна. Гэта былі звычайныя журналісцкія крытэры — каб матэрыял быў цікавы, пазнавальны і вясёлы. Таму што і такім сур’ёзным і прасунутым (як мы лічым) наведнікам нашага рэсурсу, таксама будзе цікава даведацца, напрыклад, пра Зюзю — самабытны беларускі аналёг Дзеда Мароза ці Санта-Клаўса.

Ну і нарэшце, хацелася, каб не было ў гэтых матэрыялах нейкага выключна канфэсійнага ўхілу, бо гэта недахоп дзяржаўных беларускіх мэдыяў. Мы імкнуліся нават неяк адысьці ад стэрэатыпу, нібы ёсьць нейкія "каталіцкія" і "праваслаўныя" Каляды. Бо насамрэч, тое, што ў нас называюць "каталіцкімі", сьвяткуе амаль што ўвесь сьвет, у тым ліку і праваслаўныя многіх краінаў. У выніку, я лічу, стаўка на цікавыя і сьвецкія матэрыялы сябе апраўдала.

Ці можа гэтая ідэя — нейкаму канкрэтнаму дню, сьвяту надаваць асобную рубрыку — працаваць і надалей?

Так. Мы вырашылі, што такой рубрыцы жыць. Наперадзе Дзень сьвятога Валянціна, жаночы дзень, іншыя сьвяты. І натуральна, гэтая рубрыка ў нас будзе пульсаваць, зьяўляцца, напаўняцца новым зьместам. Лічыце, яна ўжо прапісалася на нашым рэсурсе.

Гутарыў Віталь ЦЫГАНКОЎ, Радыё Свабода