Беларуская азбука для дзетак. Вучыце з планшэта!

Створаная беларусамi для беларусаў, азбука мае прафесійную анімацыю для кожнай літары, цікавыя міні-гульні для дзетак...

Для карыстальнікаў планшэтаў на платформе iOS стаў даступным праект маладога беларускага інтэрактыўнага выдавецтва Kinderfox — “Буквар: Родная азбука”.

“Створаная беларусамi для беларусаў, азбука мае прафесійную анімацыю для кожнай літары, цікавыя міні-гульні для дзетак”, — паведамляецца на сайце праекта, адкуль буквар на роднай мове можна бясплатна спампаваць і ўсталяваць на свой планшэт.

Андрэй Залатар“Наша каманда працавала над гэтым праектам чатыры месяцы, — распавёў у каментары для Naviny.by стваральнік інтэрактыўнага буквара Андрэй Залатар. — Праца вялася паралельна з распрацоўкай дадатка “Спадчына Беларусі” для iPad, нашым першым праектам. Мы маладое выдавецтва, і распачынаючы працу, вырашылі, што варта пачаць з буйного праекта пра нашу краіну на роднай мове”.

Па словах Андрэя Залатара, ён шмат часу шукаў партнёраў, каб рэалізаваць сваю ідэю — буквар для дзетак на беларускай мове, “але нікога не знайшоў і тады звярнуўся па падтрымку да грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

“Яны адгукнуліся і ўсяляк спрыялі стварэнню азбукі для iPad па-беларуску. Я займаўся тэхнічнымі пытаннямі, а ў іншым — пачынаючы ад фарміравання канцэпцыі і заканчваючы тэсціраваннем гатовага прадукта — мы шчыльна і плённа працавалі з “Будзьмай”, — адзначыў Андрэй Залатар.

“Першыя два праекты мы стварылі для беларусаў. Гэта наш падарунак суайчыннікам. У далейшым мы плануем працаваць над праектамі для дзяцей усяго свету, — распавёў выдавец. — На жаль, у Беларусі няма такой колькасці карыстальнікаў, каб рабіць дадаткі для іх. Гэта папросту камерцыйна невыгодна. Але разам з тым я лічу, што не трэба забывацца на тое, што мы беларусы, і толькі праз непрыбытковасць адмаўляцца ад праектаў для беларускай аўдыторыі”.

Азбуку для дзяцей склалі вершы беларускага пісьменніка Кастуся Севярынца. Над агучкай вершаў працавалі прафесійныя беларускія акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Музычнае афармленне праекту выканаў Алег Хаменка. Малюнкі стварыў мастак Аляксандр Моніч.

“З нашым вядомым музыкам Алегам Хаменкам мы пазнаёміліся падчас працы над дадаткам “Спадчына Беларусі”. Мы выкарысталі аўтэнтычную музыку гурта “Палац”. Супраца з ім нам вельмі спадабалася, таму мы і запрасілі яго ў наш чарговы праект, — распавядае Андрэй Залатар. — У мяне ў планах зрабіць даступным для айфонаў і айпадаў выдатны праект Алега Хаменкі “Беларускія казкі”. А мастак Аляксандр Моніч, які зрабіў цудоўныя ілюстрацыі для “Буквара”, наагул рускі. Ён жыве зараз у Беларусі, але беларускую мову не ведае. Я вельмі рады, што такі цудоўны таленавіты чалавек у нашай камандзе”.

Калі дзіцёнку надакучыць слухаць галасы беларускіх артыстаў, бацькі самі змогуць запісаць уласны варыянт агучкі для кожнай літары.

Адказваючы на пытанне, ці атрымаў стваральнік буквара Андрэй Залатар водгукі па працы дадатка, ён адзначыў: “Праграма стала даступнай на iTunes менш чым суткі таму, але тым не менш я ўжо маю водгукі і парады ад беларусаў, якія спампавалі праграму для сваіх дзетак. Гэта вельмі істотна — мець водгук, каб у абнаўленнях рабіць тое, што неабходна карыстальнікам”.

“Буквар: Родная азбука” створаны на платформе iOS. “У нас няшмат магчымасцяў, каб рабіць дадаткі і для андроідаў, якія зараз вельмі папулярныя сярод беларусаў. Калі ёсць жадаючыя зрабіць азбуку сумяшчальнай з сістэмай андроід, мы адкрытыя для супрацы”, — адзначыў Залатар.