Купалаўскі тэатр запусціў абноўленую версію сайта

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы запусціў абноўленую версію сайта kupalauski.by. Цалкам змяніўся яго дызайн, навігацыя, структура і з’явіліся новыя магчымасці для карыстальнікаў.

Каб набыць квіток у тэатр не выходзячы з дому, цяпер дастаткова зайсці на сайт kupalauski.by, зарэгістравацца і кіравацца інструкцыямі.

У раздзеле “Афіша Мінска” можна знайсці інфармацыю пра іншыя тэатральна-музычныя мерапрыемствы ў Мінску і набыць квіток анлайн.

Усе спектаклі Купалаўскага тэатра ідуць на беларускай мове, але новае тэхнічнае абсталяванне, якое з’явілася ў тэатры пасля рэканструкцыі, дазваляе глядзець пастаноўкі з сінхронным перакладам на ангельскую мову. Каб даведацца, калі і якія, трэба сачыць за афішай, дзе перакладныя паказы пазначаныя спецыяльным знакам. Бліжэйшыя адбудуцца 20-22 сакавіка – гэта прэм’ерная “Чайка” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

Варта адзначыць, што ў сайта kupalauski.by з’явілася англамоўная версія, таму ўся інфармацыя пра тэатр стала даступнай і для замежнікаў.

Абноўлены сайт інтэграваны з сацыяльнымі сеткамі, і з яго можна адразу перайсці да архіву тэатральных відэазапісаў на YouTube ці на афіцыйную старонку тэатра на Facebook і сачыць за падзеямі Купалаўскага там, праглядаць больш фотаздымкаў, чытаць інтэрв’ю з артыстамі.