Дамо эфір беларускай музыцы!





Таварыства беларускай мовы, абвясціўшае ў кастрычніку месячнік "Спявайма па-беларуску!", звернецца з прапановай падтрымаць акцыю ў тым ліку да дзяржаўных структур.





Так, тэбээмаўцы папросяць Першы нацыянальны тэлеканал і Беларускае радыё, каб у іх эфіры паболей гучала беларускай музыкі. Намеснік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў кажа, што варта таксама звярнуць увагу міністэрстваў культуры і адукацыі на праблемы беларускай мовы, і ў прыватнасці песні. У нашых школах, напрыклад, дагэтуль на ўроках спеваў карыстаюцца нотнікамі і песеннікамі, дзе беларускай музыцы адведзенае самае сціплае месца.





Натуральна, што падобныя месячнікі моўнай сітуацыі ў Беларусі і блізка не выправяць. Толькі лішні раз бачна, наколькі гэтая самая моўная сітуацыя прыкрая і запушчаная, калі даводзіцца праводзіць "дні без чужога слова", якія калісьці ладзіла газета "Наша ніва", ці месячнікі кшталту "Гаворым па-беларуску!" і "Спявайма па-беларуску!". Зрэшты, ва ўмовах, калі дзяржава ўхіляецца ад свайго прамога абавязку папулярызаваць мову тытульнай нацыі, трэба нешта ж рабіць самадзейна.





Застаецца толькі ўяўляць сабе, які б плён далі б месячнікі беларускай мовы, песні, кнігі, газеты, калі б у іх узяла ўдзел дзяржава. Хай бы з месяц пагаварыў па-беларуску прэзідэнт! Амаль сто працэнтаў, што нібы па прынцыпе даміно ўслед за ім успомніла б матчыну мову ўсё нашае чыноўніцтва.





А што ўжо казаць пра аднаўленне, як тое было напачатку 1990-х, курса на беларусізацыю і пра скасаванне несправядлівага "білінгвізму ў законе". Што ўласна да беларускай музыкі, то тут нічога новага прыдумляць не трэба. Бярыце прыклад з іншых краінаў, дзе да роднай мовы ставяцца паважна, — і ўсё. Хоць бы з тых самых суседзяў-украінцаў.





Першымі захадамі маглі б стаць наступныя. Чаму б не абавязаць усе FM-станцыі, ужо не кажучы пра дзяржаўныя тэлевізійныя каналы і радыё, каб там пэўная частка песневага эфіра была аддадзеная беларускай музыцы? Для пачатку, скажам, чвэрць эфіру. Другі мажлівы захад — значна павялічыць падатковую нагрузку на замежных гастралёраў з шоу-бізнесу. Падатак гэты можна было назваць адлічэннямі на падтрымку беларускай культуры: экспансія расійскай папсы яшчэ якія ёй наносіць страты! Дарэчы, падобную прапанову, памятаецца, неяк агучваў Міхаіл Фінберг.





Але, відаць, няма каму ў нас лабіраваць такія рашэнні праз урад і прэзідэнта, а самі яны надта далёкія ад гэтага...



Спасылкi да тэмы:

Я не мальчік, а хлопчык!

Месячнік беларускамоўя — круглы год!

Месячнік скончыўся. "Хто как хаціт, тот так і гаварыт"