Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Георгий Волчек: кто ж сволочь сделает главным героем?
    Говорят, юмористы и пародисты вне сцены вполне серьезные люди. Вот и артист театра и кино, юморист-пародист, автор и исполнитель Георгий Волчек…
  2. Беларускую літаратуру забівае палітычны кантэкст
    У Гомелі 30 сакавіка Беларускі ПЭН-цэнтр зладзіў імпрэзу «Сустрэчы з Гедройцам». Да рэгіянальных чытачоў даехалі лаўрэаты прэміі...


Культура

Паўнобеля не бывае


На гэтым тыдні былі названыя сёлетнія лаўрэаты Нобелеўскай прэміі. Беларусы прэміі зноўку не дачакалі, хаця ўжо не адзін год многія з нас цешацца надзеяй, што ў шэрагах уганараваных Нобелем з’явіцца і наш суайчыннік. Прыкладам, хто-небудзь з пісьменнікаў. Але ці ёсць у нас шансы ўзяць нобелеўскую прэмію і наогул ці заслугоўваем мы яе?

У гэтым годзе нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры стаў венгерскі пісьменнік Імрэ Кертэш. Хаця ў якасці фаварытаў называліся багата іншых імёнаў, прычым больш вядомых і чытэльных у свеце літаратараў, сярод якіх швед Томас Транстрэмер, латышка Візма Бельсэвіца, чэх Мілан Кундэра. Яны называюцца кандыдатамі на Нобеля ўжо не адзін год.

Але гэта ўсё так званая інтэрнетаўская ўцечка інфармацыі: у прынцыпе, імёны прэтэндэнтаў на Нобеля трымаюцца ў сакрэце, у тым ліку і пасля абвяшчэння лаўрэата. Гэтак колькі гадоў таму ў прэтэндэнцкім шэрагу называўся і наш Васіль Быкаў. Зрэшты, не выключана, што ён ці нехта яшчэ з беларускіх пісьменнікаў фігуравалі ў спісе кандыдатаў на нобелеўскую літаратурную прэмію і сёлета.

З нашых суседзяў нобелеўскай літаратурнай прэміі не маюць, як і мы, літоўцы, латышы ды ўкраінцы. А вось польскім і рускім пісьменнікам яе давалі ажно некалькі разоў, дакладней, па 5. А часцей за ўсіх літаратурнага Нобеля бралі французы — 12 разоў, амерыканцы — 10, ангельцы — 8, немцы — 7.

Апошнім разам нашым суседзям Нобеля далі ў 1996 годзе, калі нобелеўская літаратурная прэмія была ўручаная польцы Віславе Шымборскай. Дарэчы, гэта быў і апошні выпадак, калі Нобелем за літаратуру ўганаравалася кабета. Жанчын-нобелеўскіх лаўрэатаў наогул няшмат — усяго 9 за стагоддзе. Не выключана, што ў наступным годзе прэмію, так бы мовіць, для некаторага полавага балансу і справядлівасці аддадуць якраз пісьменніцы. Выбар чарговага лаўрэата Шведскай акадэміяй навук досыць часта матываваны не толькі літаратурным талент таго ці іншага пісьменніка, але і палітычнымі сімпатыямі, геаграфіяй і іншымі ваколлітаратурнымі крытэрыямі.

У выніку, прынамсі, траціну нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры за ўсю гісторыю прэміі амаль ніхто не ведае. Падазрона і тое, што нобелеўскімі лаўрэатамі у галіне літаратуры станавіліся ажно 6 шведаў, прычым амаль усе яны, апрача Сельмы Лагерлёф, былі членамі мясцовай акадэміі літаратуры. Між тым без прэміяў засталіся такія пісьменнікі, як Джеймс Джойс, Коба Абэ, Хуліо Картасар, Марк Твен, Леў Талстой, Поль Валеры, Франц Кафка

Геграфічная тэндэнцыйнасць выявілася ў тым, што 90% ад усіх нобелеўскіх лаўрэатаў — гэта еўрапейцы і амерыканцы. Напрыклад, першым пісьменнікам з іншых кантынентаў, хто атрымаў прэмію, быў у 1913 годзе індыец Рабіндранат Тагор, наступным толькі ў 1968 годзе – японец Ясунары Кавабата. Быццам бы для ўяўнасці справядлівасці. У мінулым годзе гэткім чынам аддалі даніну Кітаю.

Такім чынам, беларусы могуць асабліва не перажываць, што ім дагэтуль не дасталося Нобелеўскай прэміі. Можна суцяшаць сябе тым, што яна не зусім справядлівая і не зусім аўтарытэтная. І тым не менш надта ж хочацца. Да таго ж трохі маюць рацыю тыя, хто кажа, што нобелеўская прэмія зможа значна паспрыяць папулярызацыі беларускай літаратуры і адраджэнню беларускай мовы.

Шведскія акадэмікі-эксперты чытаюць у арыгінале на нямецкай, ангельскай, французскай, іспанскай і шведскай мовах. Таму тым пісьменнікам, якія пішуць на іншых мовах, застаецца спадзявацца на прыстойныя пераклады сваіх твораў на гэтыя мовы. А той жа пераклад на ангельскую мову «Знак бяды» Васіля Быкава паэт Рыгор Барадулін, напрыклад, называе «саўковым». Экзатычнасць беларускай мовы таксама абцяжарвае атрыманне нобелеўскай прэміі нашымі пісьменнікамі. Апрача таго, што хаваць, беларуская літаратура ў свеце малавядомая. Той жа Быкаў за мяжой не такі папулярны, як многім тут, у Беларусі, падаецца.

Беларускую літаратуру і ў самой Беларусі мала хто чытае. Вось, відаць, у чым галоўная прычына таго, што мы не маем Нобеля. Напачатку трэба адрадзіць як след мову, уладкаваць у рэшце рэшт паўнавартасную незалежную дзяржаву. А то ў нас быццам бы напаўнезалежнасць. напаўдзяржава, напаўмова, напаўлітаратура... Нічога не бывае «на халяву». І паўнобеля не бывае.

Можа асобныя беларускія пісьменнікі нобелеўскую прэмію і заслужылі, але цалкам нацыя — наўрад ці…

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева