"Дзеяслоў" не спіць між нумарамі



Кірыла ПАЗНЯК


картинка

12 лістапада а 18-й гадзіне ў Мінску ў Доме літаратара адбудзецца прэзентацыя новага літаратурна-мастацкага і публіцыстычнага выдання "Дзеяслоў". Што праўда, ён ужо прэзентаваўся, але ягоныя стваральнікі кажуць, што менавіта гэтая імпрэза лічыцца афіцыйнай прэзентацыяй.





Першым разам "Дзеяслоў" паказалі шырокай публіцы амаль два месяцы таму — 23 верасня падчас з’езда Саюза пісьменнікаў. Гэта стала адным з чыннікаў таго, што на старшыню пісьменніцкай арганізацыі быў абраны малады літаратар Алесь Пашкевіч, намеснік галоўнага рэдактара "Дзеяслова". Дарэчы, галоўны рэдактар гэтага выдання Барыс Пятровіч (Сачанка) стаў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў.





Былі яшчэ рэгіянальныя прэзентацыі "Дзеяслова" — у Гомелі, Гродне, Віцебску, дзе на філфаках і ў абласных бібліятэках рэдакцыя выдання сустракалася, як кажа Барыс Пятровіч, "са сваімі будучымі чытачамі і аўтарамі".





Тым не менш, з ягоных слоў, афіцыйная прэзентацыя "Дзеяслова" адбудзецца менавіта 12 лістапада. У вечарыне возьмуць удзел чальцы рэдакцыі альманаха, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Алесь Пісьмянкоў і іншыя вядомыя пісьменнікі. На імпрэзе выступяць барды. Беларускія літаратары, апрача таго што прачытаюць свае творы, натуральна, будуць казаць пра тое, як ім падаўся "Дзеяслоў" і чым ён можа стаць ці ўжо стаў у айчынным літаратурным працэсе, асабліва пасля таго як дзяржава навяла свае парадкі ў літаратурна-мастацкіх выданнях, стварыўшы холдынг "Літаратура і мастацва" ў складзе аднайменнай газеты і часопісаў "Полымя", "Неман", "Маладосць", "Крыніца", "Всемирная литература".





Другі нумар "Дзеяслова" выйдзе пасля рэгістрацыі выдання. У рэдакцыі спадзяюцца, што да новага года. Галоўны рэдактар "Дзеяслова" Б.Пятровіч паведаміў, што ў наступным нумары з паэтычнымі творамі выступяць Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Віктар Шніп, Сяржук Сыс (зямляк, але не сваяк Анатоля Сыса), Віктар Слінка, Сяржук Сокалаў-Воюш, з прозай — Уладзімір Сцяпан, Вінцэсь Мудроў, Сяргей Астравец, Пятро Васючэнка. Леанід Дранько-Майсюк.