Гурт ZET выдаў новы альбом

 

Ня гледзячы на чуткі пра распад, ZET усё ж такі выдалі другую ў гісторыі каманды кружэлку. Дыск з назвай "Radzima.com" на гэты раз выйшаў на гомельскім лэйбле "Go-records" і стаў бясспрэчным доказам добрага музычнага і працоўнага стану гурта.

Дэма-запіс "Radzima.com" быў зроблены яшчэ блізу трох год таму, а песьня "Белакрылы анёл" нават пасьпела атрымаць статус лепшай песьні 2005 году на тагачаснай "Рок-каранацыі". Зь цягам часу адбыўся запіс альбому на прафэсыйнай студыі ў адпаведнасьці з усімі патрэбамі сучаснасьці. Але пры гэтым матэрыял згубіў усю сваю энэргетыку й ператварыўся ў нейкую млявую музычную зьяву. Па-другое, складалася ўражаньне, што плытка абганяе час па ўсіх парамэтрах. Таму на нейкі тэрмін на "Radzima.com" проста забыліся.

Да выданьня плыткі гурт падштурхнулі вясновыя падзеі ў Беларусі. Выпадкова праслухаўшы стары дыск, таямнічыя ўдзельнікі ZET прыйшлі да высновы, што менавіта такі альбом зараз патрэбны беларускім слухачам. А каб не згубіць шчырасьць і імпэт песень, вырашана было выдаць самы першы, "дэмны", запіс. На паўнавартасны альбом зь яго ня трапіў толькі адзін твор — "Дурнямі звацца". Па агульных меркаваньнях, песьня адрозьніваецца ад астатніх у горшы бок як тэкстам, так і самой якасьцю запіса.

"ZET — адзіны беларускі гурт, які я шчыра, бясконца й неверагодна люблю, — пракамэнтаваў зьяўленьне "Radzima.com" вядомы беларускі музыка, лідэр гурта NEURO DUBEL Аляксандар Кульлінковіч. — Калі казаць пра музыку, што рабілася і робіцца ў Беларусі, я бы назваў менавіта ZET. Для мяне гэта ўсе зьявы мастацтва у адным. Проста вясёлыя нармальныя парні ў адрозьненьні ад усіх астатніх. Такое ўражаньне, што ўсе людзі, якія займаюцца беларускім рокам, перанесьлі ў свой час пераломы й чэрапна-мазгавыя траўмы, зараз пакутваюць й баяцца. А ZET — весела й задорна. І ў адрозьненьні ад тугамоціны, што грае N.R.M. ды NEURO DUBEL, яны сапраўдныя й жывыя. Лічу, што існаваньне такой каманды — залог квітненьня нашай краіны!"