Свой 86-ы сезон тэатр імя Купалы завяршае прэм’ерай

Свой 86-ы тэатральны сезон Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы завяршае прэм’ерай. 27 і 28 ліпеня а 19-й гадзіне тэатр запрашае на спектакль "Маэстра" па п’есе сучаснага ўкраінскага драматурга Марыі Ладо.

Спектакль прысвячаецца 250-годдзю з дня нараджэння Вольфганга Амадэя Моцарта. П’еса распавядае пра людзей мастацтва, праўдзіва адлюстроўвае тое, што непакоіць сучасную творчую інтэлігенцыю. Галоўны герой, дырыжор — фантасмагарычная фігура самога Моцарта; прысутнічае тут і сучасны Сал’еры. Вечнае процістаянне гэтых герояў — ёсць асноўны канфлікт п’есы.

Рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Гарцуеў, мастак — народны мастак Беларусі Барыс Герлаван. У спектаклі занята амаль уся моладзь тэатра, а таксама прадстаўнікі сярэдняга і старэйшага пакалення артыстаў: народныя артысты Беларусі А.Памазан і Г.Гарбук, заслужаныя артысты Беларусі М.Кірычэнка, А.Падабед, У.Рагаўцоў, артысты А.Іваннікава, А.Кавальчук, І.Дзянісаў, А.Гарбуз, С.Зелянкоўская, Ю.Шпілеўская, Г.Хітрык, Я.Кульбачная, К.Яворская, Ю.Міхневіч, В.Фадзеева, М.Зуй, А.Гладкі, С.Чуб і іншыя. У галоўнай ролі — А.Малчанаў і Р.Падаляка.

На прэм’еру ў Мінск прыедзе і сам аўтар п’есы — Марыя Ладо.