Павел Харланчук: папса і камедыя зараз пануюць на Беларусі

Падыйдзіце да афішы любога тэатра і прачытайце жанры спектакляў — камедыя, камедыя, камедыя… Прычым такая, каб не трэба было думаць...

Павел ХарланчукКалі ў акцёра забіраюць сцэну і гледача, гэта можа значыць канец. Але толькі не для Паўла Харланчука, акцёра і рэжысёра, якога пасля сакавіцкіх падзей 2006 года звольнілі з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Ён адкрывае сябе ў іншым: кіно, рэкламе, але і не забывае на тэатр і на футбол.

— Павел, што здарылася адметнага ў вашым жыцці за гэты год?

— У мяне нарадзілася дачка. Назвалі яе Адэляй. Калі казаць пра працу, дык адбылася прэм’ера «Старэйшага сына» ў Сучасным мастацкім тэатры, дзе я выступіў рэжысёрам. Здымаўся ў кіно. Гэта для мяне нова і даволі нечакана, асабліва тое, што за гэта лета ўжо паспеў зняцца ў пяці карцінах «Беларусьфільма». Калі казаць пра непрыемныя навіны, то судзіўся я шмат. Апошнім разам падаваў скаргу намесніку гаспадарчага суда. Але пакуль усё безвынікова.

Павел Харланчук быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка 2006 года і кожны дзень прыходзіў да моладзі з намётавага мястэчка. А пасля разгону прасядзеў 10 сутак у спецпрыёмніку-размеркавальніку. Праз паўгады кіраўніцтва Горкаўскага тэатра, дзе працаваў Паша, звольніла яго. Афіцыйная прычына — неадпаведнасць той пасадзе, якую займаў Харланчук. Аднак перад самім рэжысёрам быў разыграны спектакль: спачатку проста адстранілі ад роляў, пасля абвінавацілі ў тым, што з-за яго былі сарваны пастаноўкі, потым пазбавілі звання акцёра вышэйшай катэгорыі, прапанавалі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні і, паколькі Харланчук адмовіўся, канчаткова звольнілі.

— Вы хадзілі пасля звальнення ў Горкаўскі тэатр у якасці гледача?

— Не. Ні разу не быў.

— Няма жадання?

— Жаданне ёсць. Але часу бракуе. Я б схадзіў на пару спектакляў. Скажам, паглядзеў бы «Легенду о бедном дьяволе», хаця ні адзін з акцёраў мне яго не параіў. Ды і раней рэдка калі хадзіў на пастаноўкі ў іншыя тэатры. Хацелася больш дадому, да жонкі. Апошняе, што бачыў, — «Сымон-музыка» ў Купалаўскім. А на Рускі тэатр у мяне няма злосці. Я падтрымліваю кантакт з акцёрамі. Хіба што мне незразумела, чаму так са мной паступіла дырэкцыя тэатра…

Барыс Луцэнка, які і запрасіў Паўла ў тэатр, шмат у чым падтрымліваў маладога акцёра і рэжысёра, на пасяджэнні атэстацыйнай камісіі прызнаўся: «Вы былі маім найлепшым вучнем» і напісаў характарыстыку, дзе абвінаваціў у «парушэнні маральных асноў тэатра», прапанаваў неатэстоўваць і прызнаць неадпаведным пасадзе, якую займаў Харланчук.

— Ніколі не было жадання пайсці ў іншы тэатр?

— У мяне былі прапановы, але ж, калі я падпісваў дамову з Горкаўскім тэатрам, гэта быў мой свядомы выбар. Не было такога, што на час прыйду, а пасля паглядзім. Але гэта не значыць, што акцёр мусіць сядзець у сваім тэатры і не мець магчымасці паказацца на сцэне іншага. Так, я, напрыклад, граў у Сучасным мастацкім тэатры пару разоў, замяняў Малчанава ў пастаноўцы Аляксея Дударава «Князь Вітаўт» у Купалаўскім. Граў у Тэатры-студыі кінаакцёра.

Дарослы глядач памятае Паўла па ролях у спектаклях «Дядюшкин сон», «Доходное место», «Единственный наследник», «Мастер и Маргарита»... А дзеці былі ў захапленні ад яго «Кракадзіла», які ставіўся ў Рускім тэатры.

— Вам падабаецца працаваць з дзецьмі?

— Так, вельмі, але даўно ўжо не працаваў. Калісьці ў нас быў тэатр у тэатры — праект «Зязюлькіны дзеці». Мы ставілі ў Горкаўскім пастаноўкі для маленькага гледача. Яго так афіцыйна ніхто не адкрываў, таму і ніхто не закрываў. Але пасля майго сыходу я не ведаю пра далейшы лёс гэтага праекту.

— Вы б хацелі адкрыць свой тэатр для дзяцей?

— Выключна для дзяцей, не. Я б жадаў бачыць у сваім тэатры пастаноўкі для рознаўзроставай аўдыторыі.

— Вашу дачку вы бачыце акцёркай?

— Мы з жонкай вырашылі, што яна сама зробіць свой выбар. Мы не будзем на яе ціснуць.

Павал сумяшчае ў сабе і акцёра і рэжысёра. У акцёры хлопчык пайшоў, дзякуючы запрашэнню мастацкага кіраўніка Гомельскага абласнога тэатра Уладзіміра Караткевіча, які набіраў трупу. А вось паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра яму прапанавалі ўжо падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў.

— Што вам больш даспадобы: акцёрства ці рэжысура?

— Пакуль я іх добра сумяшчаю. Шчыра кажучы, мяне больш цікавіць рэжысура, бо я проста меней ёй займаюся. А акцёрства — гэта ж прафесія, у якой мне яшчэ далёка да дасканаласці.

— Вы можаце назваць, якое яно — ваша амплуа?

— Я лічу, акцёр мусіць быць універсальным. Нават комік Юрый Нікулін не быў у поўнай ступені толькі клоўнам. Яго выступы маглі не толькі забаўляць, але і засмучаць і, галоўнае, прымушалі думаць. Таму я не магу сказаць, што мой вобраз — вобраз трагіка ці каго іншага.

Амплуа рамантычнага героя Паўлу ўсё ж вельмі пасуе. Акцёра-летуценніка сярод натоўпу можна вылучыць па глыбокаму позірку, мілай усмешцы, лёгкім адзенні нават у верасні. Аднак, паводле Павала, пазнаюць яго на вуліцах рэдка. Калі не па ролях у тэатры, дык хоць па рэкламных роліках ці серыялах.

— Павел, для вас здымкі ў рэкламе выключна камерцыйны праект?

— Ведаеце, калі б гэта была дрэнная рэклама, я б у ёй не здымаўся. А так мне прадастаўляюць там досыць свабоды, прапануюць цікавы сцэнар. Апроч таго, запрасілі мяне туды мае ж сябры, з якімі я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. Вось таму я і пагадзіўся сыграць у роліку, скажам з апошняга, кампаніі Velcom. Хаця ў самога аператар — МТС.

Павел Харланчук— А што для вас кіно? Яно можа замяніць вам тэатр?

— Здымацца ў кіно я так раптоўна пачаў гэтым летам. Так, зняўся ў карцінах «Таццяна» (тэлевізійны чатырохсерыйны фільм), «Вяртанне бумеранга», «Куряж, или Мои тяжелые воспоминания о войне», зараз яшчэ ідуць здымкі ў фільме з працоўнай назвай «Пірат і піратка». Але нішто не заменіць тэатр. Там акцёр больш важны, чым у кіно. Некаторыя аператары называюць акцёраў падчас здымкаў светлавымі плямамі. А ў тэатры жывыя людзі, там ёсць зносіны паміж людзьмі й акцёрамі. Нейкі больш жывы працэс.

— На вашу думку, беларускаму тэатру не стае свабоды?

— Свабода без адказнасці — гэта хаос. Я глядзеў пастаноўку «Свабоднага тэатра» «Пакаленне Jeans». Умовы, шчыра кажучы, былі не вельмі спрыяльныя для пастаноўкі: нейкі клуб, дзе насмалена і неяк няўтульна. Я не кажу, што павінна быць строгая дысцыпліна: усе селі, выключылі святло і пайшла пастаноўка. Але там было занадта свабоды.

А што тычыцца абмежаванняў у пастаноўках, дык яны, вядома, ёсць. У нас ёсць таленавітыя і акцёры, і рэжысёры, але яны не ўпэўнены ў сваіх сілах. Ды і ўмовы не надта спрыяльныя. Падыйдзіце да афішы любога тэатра і прачытайце жанры спектакляў — камедыя, камедыя, камедыя… Прычым такая, каб не трэба было думаць. У Еўропе, і нават Расіі зараз патрэбны больш разумны тэатр, каб глядач прыходзіў і думаў, нешта ў сабе мяняў. Папса і камедыя зараз пануюць на Беларусі.

— А што б вы паставілі, калі б у вас быў свой тэатр?

— «Великий рогоносец» Ф.Кромелінка, «Шинель» гогалеўскую, пра якую мару здаўна, і рэалізаваў праект «Няма словаў» — уражанні ад перажытага, прачытанага і прадуманага.

— Рэпрэсаваныя студэнты з’язджаюць з Беларусі вучыцца па праграме Каліноўскага, а вам не прапаноўвалі працу за мяжой замест той, з якой вас звольнілі?

— Не. Ды і асаблівага жадання з’язджаць няма. Хаця, вандраваць я люблю. Некалі малым з гомельскім тэатрам «Сінтэз» аб’ездзіў амаль усю Еўропу. Але тады, у савецкія часы, мы глядзелі не на архітэктурныя помнікі, а на крамы. Я марыў калісьці стаць футбалістам, каб тры гады ў адной камандзе, тры гады ў іншай… Пабачыць свет. Але выступаць за зборную Беларусі.

Калісці Павал вагаўся паміж футболам і тэатрам. Аднак прага да спорту не знікла. Яшчэ ў часы студэнцтва ён граў на першынстве Акадэміі. Харланчук ганарыцца аўтографам Петэра Шмейхеля, брамніка зборнай Даніі і «Манчэстар Юнайтыд». Але сэрцам ён з «Ліверпулем» і БАТЭ.

Аднак хадзіць на футбольныя матчы Паўлу няма калі: у яго хапае працы. Ён па-ранейшаму супрацоўнічае з Сучасным мастацкім тэатрам, з’яўляецца ў рэкламных роліках, а таксама грае ў кіно. Акурат зараз Павел задзейнічаны ў здымках новага фільма паводле п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Беларускага гледача чакае зусім новае кіно і новы Харланчук, у незвычайным для рамантычнага героя амплуа.