Змагары за гістарычную спадчыну Беларусі маюць рашучы настрой

Антон Астаповіч назбіраў ужо тамы перапісак з дзяржустановамі наконт рэканструкцый і знішчэння помнікаў. Гэтыя дакументы...

Змагары за гістарычную спадчыну Беларусі маюць рашучы настрой18 красавіка адзначаецца міжнародны Дзень помнікаў і мясцінаў. Напярэдадні гэтай падзеі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заявіла, што пераходзіць да рашучых мер па змаганні за спадчыну краіны.

На прэсавай канферэнцыі 16 красавіка старшыня таварыства Антон Астаповіч адзначыў, што назбіраў ужо тамы перапісак з дзяржустановамі наконт рэканструкцый і знішчэння помнікаў. Гэтыя дакументы грамадскія актывісты плануюць апублікаваць у інтэрнэце і даслаць у міжнародныя аб’яднанні.

Апроч таго, Астаповіч зазначыў: «Мы маем поўнае маральнае права хадайнічаць перад Радай Еўропы за пашырэнне спісу асобаў з ліку грамадзян Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу, бо яны не выконваюць свае абавязкі па ахове гістарычнай спадчыны».

Сярод пералічаных чыноўнікаў значыліся прозвішчы міністра культуры Уладзіміра Матвейчука, намесніка міністра і старшыні гісторыка-культурнай спадычы і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Уладзіміра Грыдзюшкі, намесніка начальніка Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадычы і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, старшыні Мінгарвыканкаму Міхаіла Паўлава, старшыні Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму Віктара Нікіціна.

Запрошаныя да дыскусіі прадстаўнікі ўлады, а таксама журналісты дзяржаўных сродкаў інфармацыі сустрэчу праігнаравалі.

Журналіст Сяргей Харэўскі расказаў, што прымаліся розныя меры па ахове помнікаў. Так, збіраліся подпісы супраць пабудовы паркінгу на Нямізе. «Аднак ніколі не было такога цынізму з боку ўладаў: нішчыцца гісторыя, а праз дзяржаўныя СМІ ідзе актыўная прапаганда таго, што так і мусіць быць. Як можна назваць дзеянні ўлады, калі перад зруйнаваннем дома ў Оршы, яна прапанавала купіць яго за 100 мільёнаў рублей. Атрымоўваецца, хочуць зарабіць нават на гэтым».

Акцэнтавалі ўвагу удзельнікі дыскусіі і на праблеме захавання Мінска, як сталіцы. Паводле словаў Харэўскага, у горадзе засталося 0,3% гістарычных забудоў. Дзяржава ж не слухае альтэрнатыўныя прапановы. Так, архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга дасылаў нават на імя прэзідэнта праект рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру, аднак спусціўшы справу на ўзровень выканаўчага камітэта, аўтару адмовілі.

«Калі ў помніку 12-га стагоддзя кладзецца плітка «Керамін», а таксама ставяцца вокны ПВХ, за рамонтам не сочыць вопытны спецыяліст, то гэта нельга назваць рэканструкцыяй», — упэўнены прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў. Дарэчы, БАЖ стварыла спецыяльны камітэт з праблемы аховы помнікаў. Аляксандраў паабяцаў, што ў бліжэйшых планах арганізацыі будзе навучанне журналістаў, як асвятляць праблему, а таксама збор усіх магчымых публікацый па праблеме на адным рэсурсе — сайце spadchyna.ximik.info.

Апроч праблемы ўзвядзення будынкаў, якія не адпавядаюць стылістыцы папярэдніх помнікаў, існуе практыка простага знішчэння забудоў з «закатваннем пад асфальтам». У прыклад можна прывесці Гродна. «Такім чынам, у кожнага горада мусіць быць свая плошча Незалежнасці», — падвёў вынік Аляксандраў.

Апроч звароту да міжнароджных арганізацый Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вырашыла падтрымаць традыцыю напісання агульнабеларускай дыктоўкі. Аднак замест прадмовы да «Дудкі Беларускай» Францішка Багушэвіча жадаючых запрашаюць напісаць зварот да прэзідэнта. Лісты адправяць поштай на адрас Адміністрыцыі. Дыктоўку будуць пісаць 18 красавіка у 18.30 ля Мінскай ратушы на плошчы Свабоды.