Зміцер Падбярэзскі: Лявон Вольскі на пытанні анкеты адказваў паўтары гады

2 чэрвеня ў бары “Графіці” была прэзентавана "Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі"...

2 чэрвеня ў бары “Графіці” была прэзентавана “Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі”, галоўным укладальнікам якой з’яўляецца музычны крытык і пісьменнік Зміцер Падбярэзскі. Вечарына была камерная, зэдлікаў хапіла ўсім, а Падбярэзскі разам з выдаўцом Змітром Коласам па-сяброўску запрашалі сядяць паміж імі і загадваць жаданні.

Зміцер Падбярэзскі

“Гэтая кніга – першая ў гісторыі Беларусі спроба сабраць пад адной вокладкай інфармацыю пра асоб і калектывы, якія ў той ці іншай меры засведчылі сябе ў розных стылях і напрамках таго, што можна лічыць папулярнай музыкай”, - сцвярджаецца на самім выданні.

Ажыццяўленне ж такой смелай спробы заняло ў стваральнікаў энцыклапедыі каля шасці з паловай гадоў працы.

- Зрабіць такі даведнік, каб туды патрапілі ўсе, немагчыма нават тэарэтычна, - кажа Падбярэзскі. - Да таго ж не патрапілі тыя, хто сам, напрыклад, паляніўся адказваць на анкету. Я не хачу, каб лічылі, што гэта кніга – толькі мая заслуга. У нас працаваў калектыў. Напрыклад, Генадзь Шостак з Брэста – адзіны беларускі навуковец, які абараніў кандыдацкую працу па гісторыі беларускай рок-музыкі і джазу. Па Брэсце ён сабраў для даведніка столькі інфармацыі, колькі яе там наогул было. Таму гэта другі стваральнік гэтай энцыклапедыі.

Для збору інфармацыі ўкладальнікі выкарыстоўвалі анкетную сістэму. Таму ў кнізе нічога няма пра тых, хто адмовіўся запаўняць анкету па ўсталяваных правілах. Напрыклад, хіп-хопер Кроў не пажадаў называць сваё сапраўднае імя і прозвішча, а гэта была адна з абавязковых умоў энцыклапедыі.

Першым анкету для кнігі запоўніў за сябе і за гурт “Мадера Хард Блюз” Юрый Міхайлаў, так што, фактычна, з яго і пачалася ўся праца, то спорылася, то наадварот – стаяла на месцы.

- Лявон Вольскі на пытанні анкеты наогул гады паўтары адказваў, - ці то скардзіцца, ці то смяецца Падбярэзскі.

Некаторыя так і не выдалі для даведніка свой сапраўдны ўзрост:

- Колькі я не званіў спадару Ярмоленку, - кажа Падбярэзскі, - каб даведацца, у якім годзе яго Вольга або “Алеся” прыйшла на свет – безвынікова. Значыць, застанецца вечнамаладой. Знайшліся і мужчыны, якія замест канкрэтных лічбаў арыгінальнічалі: “Я нарадзіўся ў год каня”.

Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі

Праўда, якраз гэта ўяўляецца дробяззю ў параўнанне з сапраўднай абыякавасцю і безадказнасцю. Магчыма, існуе традыцыйная нацыянальная несабранасць, якая адлюстравалася і на працэсе стварэння гэтага даведніка. Падбярэзскі кажа, што многія людзі абяцалі дапамагчы, бралі на сябе пэўныя тэмы, а потым знікалі, так і не давёўшы працу да канца. Праз гэта і белыя плямы, пра наяўнасць якіх аўтар кажа адкрыта і не хаваючы. Пералічыўшы толькі некаторыя несталічныя каманды, інфармацыя пра якія так і не была змешчана ў кнізе праз недахоп спраўджаных абяцанняў, Падбярэзскі ўздыхае:

- Крыўдна, што прозвішчы многіх асоб, якія для беларускай музыкі зрабілі вельмі шмат, не змяшчаюць у афіцыйную, дзяржаўную літаратуру. Адна з мэтаў гэта кнігі – зафіксаваць тое, што на сённяшні момант яшчэ зафіксаваць магчыма.Тут трэба спяшацца, бо час няўмольна збягае. Вось мы ўвесь час сутыкаліся з такімі момантамі, калі людзі самі не маглі ўзгадаць, што з імі адбывалася гадоў дзесяць таму: назву свайго тагачаснага калектыву, музыкаў, з якімі супрацоўнічалі.

Падбярэзскі ўпэўнены, што грэх скрадзіцца на тое, што ў беларускай музыцы не хапае талентаў. Талентаў шмат, толькі трэба ўдзяляць ім увагу.

- Ёсць гурт з Бабруйску “Солнечная сторона”, - распавядае музычны крытык. - Калі гэты калектыў у другой палове 80-х працаваў у сваім родным горадзе, да іх на рэпетыцыі часта прыходзіў сёння ўжо вельмі вядомы чалавек, якога завуць Лёва. Так, Лёва з гурта “Би-2”. Дык вось у рэпертуары сённяшняга гурта “Би-2” як найменш – пяць ці шэсць песен “Солнечной стороны”. У тым ліку і той самы славуты “Рок-н-ролл”.

А беларускі музыка, які зараз жыве ў Мінеапалісе, Аркадзь Юшын, граў у гурце “Форпост”, у гурце “Крама”, супрацоўнічаў з Аляксеем Шадзько, а потым з’ехаў у ЗША, скончыў там вышэйшую музычную школу і, як аказалася, рабіў аранжаванні для Джэнет Джэксан.

Зміцер Падбярэзскі i гурт

Зміцер Падбярэзскі ў гэтай энцыклапедыі - цалкам нейтральны чалавек. У кнізе адсутнічаюць якія заўгодна характарыстыкі, паколькі вытрыманы фармат энцыклапедычныга даведніка. Да таго ж у змешчаных артыкулах не ўказаны ганаровыя званні. На апошняе галоўны ўкладальнік кнігі пайшоў прынцыпова.

- У ва ўсім свеце людзей ведаюць па імені, па тым, што яны зрабілі да мастацтва, а не па нейкіх прысвоеных катэгорыях, - кажа ён.

Падбярэзскі прызнаецца, што рабіць ацэначную энцыклапедыю яму не хочацца. Гэта выкліча лішнія спрэчкі і лішнія непаразуменні. Ён лічыць, што крытычную энцыклапедыю будзе пісаць ужо наступнае пакаленне.

Асабліва шмат пытанняў, што да выдадзенай ўжо кнігі, выклікаюць ілюстрацыі. І Зміцер Падбярэзскі, і Зміцер Колас ва ўнісон сцвярджаюць, што не маюць аніякага дачынення да размяшчэння фотаздымкаў у кнізе. Фотаздымкі, што праўда, насамрэч вельмі розныя: некаторыя студыйныя, штосьці – “хэнд-мэйд”, зроблены мыльніцай і, відавочна, здабыты з хатніх фотаальбомаў музыкаў. Чыесьці здымкі сучасныя, іншыя ўжо могуць толькі навяваць настальгію на сваіх сённяшніх пасталелых (пастарэлых, патаўсцелых) герояў. На некаторых здымках дрэнна бачныя твары, затое паўсюль добра атрымаўся алкаголь: піва ў пластыку, шампан ці хаця б горлачка ад гарэлачнай пляшкі. Зміцер Колас тлумачыць:

- Здымкі якія былі, такія і паставілі. Гэта найлепшым чынам ілюструе стаўленне нашых музыкантаў да сябе. Некаторыя так актыўна ўдзельнічалі ў працэсе, што нават забываліся дзяліцца інфармацыяй.

Пра тое, што энцыклапедыя яшчэ займее свае наступныя ўвасабленні, Зміцер Падбярэзскі распавядае без сумневаў:

- Годзікі праз тры-чатыры, з дапамогай тых сяброў, якія выдавалі і гэтую кнігу, я планую зрабіць мультымедыйную версію гэтага даведніка, каб там прысутнічалі і музычныя трэкі. Праца не спыняецца: хоць рукапіс гэтай энцыклапедыі і закрыты лістападам 2007 году, на маім кампутары ўжо з’явілася шмат дадаткаў і абнаўленняў. Мы адмыслова змясцілі анкету ў канцы кнігі, каб тыя людзі, якія лічаць сябе вартымі патрапіць у новае выданне, дасылалі нам інфармацыю пра сябе.

“Годзікі праз тры-чатыры” і паглядзім, а пакуль што сур’ёзныя размовы сканчаюцца, і Падбярэзскі бярэцца чытаць паэзію Янкі Купалы пад “інтуітыўную імправізацыю” гурта “Князь Мышкін”. Дарэчы, падрабязней пра гэты гурт можна даведацца з “Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі”, літара “К”.

“Энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі” шукайце ў кнігарнях, музычных крамах (напрыклад, “Містэрыя Гуку”), у “Акадэмкнізе” і незалежных распаўсюднікаў.