«Garadzkija» выпрабавалі новы склад на польскіх гледачах

Гурт Піта Паўлава вярнуўся з «больш чым паспяховага» польскага тура…

 

Гітарыст гурта NRM Піт Паўлаў цвёрда стаў у лідэрскую пазіцыю, ператварыўшы свой сайд-праект «Garadzkija» ў гурт з доўгатэрміновымі гастролямі і натоўпам фанатаў. Праўда, фанатаў небеларускіх — Піт з кампаніяй толькі што вярнуліся з серыі канцэртаў па Польшчы.

Піт Паўлаў. Фота з сайта generation.by

Польскі тур, па словах музыкаў, атрымаўся больш чым проста ўдалым. Яны далі некалькі сольных канцэртаў і неаднаразова выступалі ў якасці «адмысловых гасцей». На думку Паўлава, найбольш яскравыя канцэрты ў Варшаве і Вроцлаве «прадэманстравалі безумоўную карысць зменаў у гурце і абсалютную гатоўнасць да канцэнтравання на любым узроўні».

Я б назваў гэтыя гастролі міні-турам, — кажа Піт. — Усе нашыя выступы былі «прышпілены» да Вышэградскага фестываля ў Вроцлаве, куды мяне паклікаў мой сябра-арганізатар. Тым не менш, калі хочаце, называйце наш трып максі-турам, для беларускага гурта гэта вельмі добры вынік, пагадзіцеся. Гэтае падарожжа пакінула нам пачуццё поўнага задавальнення і жадання ў бліжэйшы час прапанаваць слухачам новы альбом.

Па словах Паўлава, гурт «Garadzkija» перажыў поўны «апгрэйд», «рэстайл» і «рэбрэндзінг». Гэтыя экзатызмы значаць літаральна тое, што ад мінулага складу ў калектыве застаўся толькі сам Піт.

Мы так доўга гралі разам, што ўрэшце проста зайшлі ў тупік, застой, усё павісла, і ні ад каго не было ініцыятывы. Сённяшнія музыкі пакуль нікому не вядомыя, гэта зусім новыя людзі, але яны вельмі заахвочаныя справамі гурта, патрыятычна ставяцца да «Гарадзкіх», я магу некаторыя рэчы цалкам даверыць ім. Мінулы склад можа і лепшы быў, але мы ператварыліся ў праект, якім цалкам кірую я. Зараз гэта таксама праект, толькі адчуваецца агульнае жаданне працаваць, — распавядае Паўлаў.

Змены адбыліся не толькі ў складзе. Цяпер гурт гучыць больш адточана і больш драйвова. Дэманстраваць свае новыя магчымасці «Garadzkija» збіраюцца не толькі замежнікам — вялікі канцэрт гурта адбудзецца ў мінскім DaClub’е 26 лістапада. На гэтым канцэрце «Garadzkija» збіраюцца падтрымаць прэзентацыю альбома маладой гродзенскай каманды «Tlusta Lusta».

Яны мне падабаюцца. Я хачу з імі супрацоўнічаць і ім спрыяць, — сказаў Піт.