«Дзеяслоў» расставіць «Залатыя апострафы»

У Мінску адбудуцца штогадовыя ўручэнні літаратурнай прэміі…

 

Дзеяслоў3 снежня ў сталічным Палацы мастацтваў будуць ушанаваныя лепшыя беларускамоўныя пісьменнікі, чые творы друкаваліся на старонках аднога з самых дэмакратычных незалежных літаратурных перыёдыкаў — часопіса «Дзеяслоў».

Нягледзячы на мноства літаратурных імпрэз і прэзентацый, аўтары, якія пішуць па-беларуску, дагэтуль не маюць шырокага выбару рэдакцый, якім можна прапанаваць свае творы. Дзяржчасопісы палохаюць старой традыцыяй «прычэсваць» ды «акультурваць», маладыя эксперыментальныя выданні, якія прапагандуюць вальнадумства і свабодны палёт, рызыкуюць так і не патрапіць да шырокай аўдыторыі, а выхад іх новых нумароў часта застаецца пад пытаннем. Таму «Дзеяслоў» ужо шосты год застаецца выданнем, якое на сваіх старонках яднае прагных маладых і старэйшых, хто перажыў некалькі глабальных перабудоў беларускай культуры. Гэта «Дзеяслоў» прыдумаў правапіс, нефармальна ахрышчаны «дзеясловіцай» — і не класічная тарашкевіца, якая многім так коле вока, і не афіцыйна зацверджаная зрусіфікаваная ушчэнт беларуская мова (якая, між іншым, некаторым коле вока ніяк не менш).

Першы нумар часопіса

Першы нумар літаратурна-мастацкага і публіцыстычнага выдання «Дзеяслоў» пабачыў свет у 2002 годзе. Галоўным рэдактарам часопіса з’яўляецца пісьменнік Барыс Пятровіч. Па яго словах, «пасля таго, як праз стварэнне холдынгу «ЛіМ» дзяржава прыватызавала літаратурна-мастацкія часопісы, паўстала неабходнасць стварэння альтэрнатыўных выданняў». Часопіс выходзіць з перыядычнасцю нумар на два месяцы.

Гэта «Дзеяслоў», падтрымліваючы старую часопісную традыцыю, абзавёўся сваёй бібліятэкай. Гэткім чынам рэдакцыя паспрабавала акумуляваць ўсё найлепшае, што было сабрана афіцыйнымі літаратурна-мастацкімі часопісамі «Крыніца», «Полымя» і «Маладосць». Напрыклад, «Маладосць» мела сваю бібліятэку, у якой штомесяц разам з часопісам выходзіла першая кніга паэта або празаіка. «Дзеяслоў» пакуль не разлічвае на такія выдавецкія аб’ёмы, затое ў асобе старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча абяцае пакрысе выдаваць маладых.

Гэта «Дзеяслоў» на сваіх старонках знаёміў чытачоў з невядомымі і раней не друкаванымі творамі Васіля Быкава, раскрываючы невядомыя старонкі жыцця і прыхільнасцей генія. Пачаўшы з аповесці «Афганец», рэдакцыя друкавала дзённікі беларускага класіка з яго малюнкамі, яго лісты да паэткі Ларысы Геніюш, іншыя архіўныя матэрыялы ды творы, якія не выходзілі ў друк праз сваю крытычнасць і вастрыню.

І гэта «Дзеяслоў» заснаваў літаратурную прэмію «Залаты апостраф», каб вылучаць маладых аўтараў, не даючы ім знікнуць незаўважанымі, а таксама ўшаноўваць тых, хто ўжо мае сталае чытацкае кола і аўтарытэт.

Уладальнікамі прэміі за 2004 год сталі паэт Алесь Пісьмянкоў (пасмяротна), Людміла Рублеўская за раман «Золата забытых магілаў» ды малады празаік Усевалад Сцебурака. «Па гэтым часопісе будучыя пакаленні будуць меркаваць аб беларускай літаратуры пачатку XXI стагоддзя», — сказала Рублеўская пасля ўручэнняў, якія тады яшчэ праходзілі ў Доме літаратара.

Нагадаем, высяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў з гэтага культурнага і грамадскага цэнтра адбылося ў 2006 годзе. 30 жніўня ў прысутнасці судовага выканаўцы і чыноўнікаў Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта сябры Рады СБП узялі партрэты беларускіх пісьменнікаў і нацыянальных геніяў іншых краін, што знаходзіліся ў мемарыяльным кабінеце народнага паэта Беларусі Максіма Танка, і ажыццявілі іх сімвалічны вынас у сімвалічныя катакомбы — у падвал Дома літаратара.

«Залатым апострафам-2005» у намінацыі «паэзія» быў узнагароджаны Віктар Слінко за паэму «Жбан і вада», у намінацыі «проза» лепшымі тады былі прызнаны «Нэрвовы раман» і апавяданне «Хлопчык і яго бацькі» Леаніда Дранько-Майсюка, у намінацыі «дэбют» журы адзначыла маладую паэтку Ганну Аўчыннікаву за падборку вершаў «Сэрца і неба». Гэтыя ўручэнні сталі першым выпадкам у гісторыі СБП і часопіса «Дзеяслоў», калі Саюз плаціў дзяржаве за правядзенне вечарыны ў вялікай зале Дома літаратара. Да таго ж цырымонія тады праводзілася са спазненнем на месяц — пісьменнікам так і не ўдалося дабіцца выдзялення памяшкання ў традыцыйны для гэтай імпрэзы дзень 25 сакавіка — гадавіну абвяшчэння БНР.

Прэміяй за 2006 год у намінацыі «проза» у мінулым годзе была ўзнагароджана Вольга Іпатава за аповесць «Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба», у намінацыі «паэзія» прэмію атрымаў мастак-графік і паэт Рыгор Сітніца за падборку вершаў «І голас Бога слухае душа», а ў намінацыі «дэбют» прэміяй імя Анатоля Сыса была ўзнагароджана Лізавета-Дамініка Панамарова за нізку вершаў «Крылы». Лаўрэатка прэміі пісьменніца Вольга Іпатава, выступаючы пасля цырымоніі, тады адзначала, што «Дзеяслоў» стаў сімвалам свабоды і супраціўлення гвалту. «Нягледзячы на тое што ў друку не называюцца школы і іншыя ўстановы, у якіх выступаюць беларускія пісьменнікі, мы сустракаемся з прыхільнікамі беларускага слова. Так, у адной з сельскіх школ Зэльвенскага раёна дзеці купілі ўсе 124 асобнікі «Дзеяслова». Гэты цяжкі час, у якім мы жывем, загартоўвае нас, дазваляе ўсвядоміць свой уласны патэнцыял творцы і грамадзяніна. І я шчыра веру, што мы зробім свабоднай нашу краіну», — казала тады ўладальніца «апострафа».

Як паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў, ужо вызначаны намінанты на прэмію «Залаты апостраф-2007», якая адбудзецца 3 снежня. Імёны лаўрэатаў будуць абвешчаныя на літаратурна-музычнай вечарыне «Залаты апостраф».

У намінацыі «проза» на атрыманне прэміі сёлета вылучаюцца тры прэтэндэнты: Альгерд Бахарэвіч — за аповесць «Пасьля фейерверку» (№ 27); Юры Станкевіч — за аповесць «Партрэт выпускніка на фоне адлігі» (№ 26) і апавяданне «Клон Чэ і яго жонка» (№ 29); Кастусь Тарасаў — за аповеды «Брыгіткі» (№ 26) і «Нячутныя гукі самоты» (№ 30).

За ўзнагароду ў намінацыі «паэзія» таксама змагаюцца тры аўтары. Гэта Людка Сільнова з падборкай вершаў «На Калінавым мосьце» (№ 30); Сяржук Сыс з нізкай вершаў «Залацісты цмок» (№ 29) і Андрэй Хадановіч з падборкай вершаў «Азёрная школа паэзіі» (№ 30).

У «дэбюце» намінуюцца Ірына Бельская — за нізку вершаў «Каб адагрэць сваю душу» (№ 30), Дар’я Ліс — за аповед «Звычайная гісторыя» (№ 26); Наталка Харытанюк — за аповед «Архан, Архан» (№ 27).

Апроч абвяшчэння лаўрэатаў і уручэння ўзнагарод, адбудзецца прэзентацыя новых кніг з серыі «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў» і выступы вядомых беларускіх паэтаў ды бардаў.




Оставьте комментарий (0)