Французская вясна расквітнее ў сэрцы Беларусі

Беларускія літаратары адзначаць міжнароднае свята франкафоніі…

 

Штогод 20 сакавіка ў ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень франкафоніі — свята тых, хто размаўляе і думае па-французску. У Беларусі франкафонія святкуецца тыднямі — яны праходзяць з 1996 года. Адначасова з расталым снегам Мінск навадняюць французскія культурныя дзеячы, а на самі імпрэзы апроч «франкафонаў» (тых, хто валодае мовай Бадлера і Пруста) збіраюцца і «франкафілы» — аматары ўсяго, што звязана з радзімай моды і стылю.

З 2002 года дзе-нідзе ў Беларусі паціху пачалі адзначаць шырока распаўсюджанае ў свеце свята маладога французскага віна Beaujolais nouveau.

У 2005 годзе Беларусь аб’ехаў медыя-аўтобус, начынены экземплярамі рэдкай і папулярнай французскай літаратуры. Тады ж, чатыры гады таму, французскі фолк-рок у сэрца Беларусі прывозіў гурт Louise Attaque. Ці мог раней сталічны меламан нават прысніць, што на сцэне клуба «Рэактар» выступіць адзін з самых вядомых парыжскіх гуртоў і зробіць гэта за «бюджэтныя» квіткі коштам ў 10 тысяч рублёў? Аднак меламана прымусілі абудзіцца ад зімовага сну і прыняць шчодры падарунак вясновай Францыі. Сярод падобных культурных прэзентаў — штогадовы фестываль аматарскіх франкафонных тэатраў, на які з’язджаюцца трупы з усёй Беларусі, традыцыйны фестываль французскага кіно, а таксама французска-беларускія літаратурныя сустрэчы.

У мінулым годзе ўвесь сакавік быў названы месяцам франкафоніі ў Беларусі. Яго літаратурная праграма ўключала ў сябе франкафонныя чытанні, канферэнцыі і прэзентацыі пісьменнікаў Анры Башо і Юліі Крысцевай.

Сёлета 16 сакавіка ў сталічным Доме дружбы збярэцца цэлае сузор’е маладой і старэйшай генерацыі беларускіх літаратараў. Мэты праекту «Францыя ў сэрцы Беларусі» — не проста захапленне французскай культурай, а спроба пабудаваць французска-беларускі літаратурны дыялог, стварыць адзіную прастору, зліць у адно дзве наймілагучнейшыя мовы свету.

На вечарыне будуць прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў, якія прысвечаны або ў якіх ускосна ўзгадваецца Францыя, яе гарады і жыхары, пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на французскую мову. Свае творы ў арыгінале будуць чытаць: пісьменніца, крытык, аўтарка зборнікаў паэзіі і прозы, літаратурная аглядальніца газеты «Советская Белоруссия» Людміла Рублеўская; перакладчык, літаратурны крытык, дацэнт МДЛУ Леанід Казыра; аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, прозы і эсэ Леанід Дранько-Майсюк; дзеўка-паэт, аўтарка трох кніг, рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Валерыя Кустава (якая канец лютага прысвяціла беларуска-польскаму і беларуска-нямецкаму літаратурнаму абмену); паэтка, аўтарка двух зборнікаў вершаў, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Віка Трэнас; паэтка, кіраўнік паэтычнага тэатра АРТ.С Аксана Спрынчан; перакладчык, літаратар, перформер, мастацтвазнаўца, аўтар зборнікаў культуралагічных эсэ Юрась Барысевіч; паэт, старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч; філолаг і выкладчыца Дар’я Брыч; паэткі Алёна Беланожка і Юлія Новік.

Музычную частку напоўняць барды Яраш Малішэўскі і Вадзім Клімовіч, Кацярына Сакоўская, удзельніцы школы гістарычнага танца «Залаты двор» Яна і Хрысціна Шэляговіч. Гледачы пабачаць сумесны тэатральны праект асацыяцыі Demain le Printemps (Францыя) і МГА Teatro (Беларусь).

Таксама ўдзел у вечары «Францыя ў сэрцы Беларусі» возьмуць беларускі выдавец Зміцер Колас і французскі выдавец Іў Пруд’ом. Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы пасольства Францыі ў Беларусі.

Вясна набліжаецца, але да таго, як свята франкафоніі занясе ў Беларусь атлантычны вецер блакітнага ўзбярэжжа, яшчэ міне не адзін марозны дзень. Культурныя кантакты, на шчасце, не чакаюць адмысловай нагоды і робяць нагоду самі, разносячы ідэі беларуска-французскага супрацоўніцтва па ўсёй краіне. Літаральна на днях, як паведаміў «Першы канал», у Магілёўскім універсітэце імя Куляшова адкрыўся цэнтр інфармацыйных рэсурсаў французскай мовы і культуры, пакуль што падзея гэта беспрэцэдэнтная.

Францыя кіруецца стралой у сэрца Беларусі, ці ёсць у гэтым сэрцы сама Беларусь — нікому невядома.