Другие материалы рубрики «Культура»

  1. «Лео смог и ты сможешь». Победа Ди Каприо стала новым мотиватором в соцсетях
    Шуточки про Ди Каприо и его «Оскар» доживают свои последние дни.
  2. Смотреть обязательно: 9 фильмов-победителей «Оскара-2016»
    Предлагаем ознакомиться с картинами, которые собрали на премии главные статуэтки.


Культура

Адам Глобус прэзентаваў кнігу Play.By


Пісьменнік, выдавец і мастак Адам Глобус, містыфікатар і скандаліст, ніколі не піша нечага проста так. Яму мала быць проста модным, яму трэба быць заканадаўцам мод. Ён першым напісаў пра беларускі сэкс, рассунуўшы галіны густых кустоў, у якія яшчэ Іван Шамякін хаваў сваіх ахопленых эратычным азартам палескіх герояў. Глобусаўскія давамікі паказалі беларусам іх «чэлесы» і «похвы», пра якія, здаецца, раней ніхто і не здагадваўся. Аповеды са зборніка «Дамавікамерон» называлі непрыстойнымі і далёкімі ад прыгожага мастацтва, а па начах па іх вывучалі новую беларускую эратычнасць.

 Фота з блогу Адама Глобуса

З кастрычніка 2007-га па кастрычнік 2008 года Адам Глобус працаваў калумністам «Беларускіх навінаў», за гэты час ён напісаў 49 апавяданняў ды эсэ ва ўласнай рубрыцы PLAY.BY. Мы б здзівіліся, калі б пісьменнік, які сам выдае ўласныя «залатыя калекцыі», не аддаў у тыраж гэтую рубрыку. Тут якраз у Глобуса не атрымалася нікога здзівіць. Першая частка выдадзенай незалежным выдавецтвам «Логвінаў» кнігі PLAY.BY так і назваецца — «Меркаванні», у яе ўвайшло 35 аўтарскіх «калонак», з якімі нашы чытачы маглі знаёміцца на працягу года. Шкада, што каментары так і засталіся ў інтэрнэт-плоскасці.

Інтрыга крыецца ў другой частцы выдання. Там змешчана «Расейская кунсткамера» — рускі слоўнік Адама Глобуса, які пачаў складацца яшчэ ў 2003 годзе на старонцы літара.net. У «Расейскай кунсткамеры» пісьменнік дзеліцца сваім стаўленнем да расійскіх літаратараў, прыгадвае розныя абразкі з іх жыццяў, крытыкуе расійскае мінулае, сучаснасць, звычкі, норавы, ідэі — не саромеецца дзе-нідзе мацнейшае грубае слова сказаць, або папросту вылаяцца. Асобны «пакой» «Кунсткамеры» прысвечаны партрэтам пісьменніка Мікалая Гогаля — ад дзіцячай баўтанкі «гогаль-могаль» да прачынання вялікага расійскага празаіка ў труне — і перакладчыцы японскай літаратуры Веры Маркавай, беларусцы, сяброўцы Глобуса.



Сам пісьменнік лічыць другую частку сваёй кнігі важнай. Вызначыцца са сваім стаўленнем да рускай культуры — вось што, на думку Глобуса, патрэбна сучаснаму беларускаму грамадству. «Сёння гэта асноўнае пытанне для ўсіх беларусаў. Я для сябе на гэтае пытанне ў сваёй кнізе адказаў», — кажа пісьменнік, у кнізе якога ёсць і такая вытрымка: «На рускай галаве ўласна твар займае зусім маленькую частку. Галава ёсьць, а твару амаль няма. Нават няемка робіцца за такую рускую галаву».

«У кожным беларусе сядзіць рус, — сцвярджаецца ў іншым абразку, — у беларускасці ёсць і рускасць, і гэта не найлепшае, што маюць беларусы і Беларусь. Трэба выціскаць гэтую рускасць, займаць яе еўрапейскасцю, цывілізаванасцю, выхаванасцю».

Відавочна, сам пісьменнік рускасць у сабе падавіў і зьнішчыў ужо даўно, цяпер ён прэзентуе таму боку сябе еўрапейскага, моднага, цывілізаванага. У прэстыжным расійскім выдавецтве «АСТ» у 2007 годзе з’явілася кніга Глобуса «Лирика BY», у якую ўвайшлі пераклады яго вершаў на рускую мову, зробленых паэтамі А.Яроменкам, А.Паршчыкавым, Д.Мізгуліным і В.Купрыянавым, ды лірычная проза ў перакладзе С.Барчыкава і А.Андрэева.

Зрэшты, у творчай мастацкай біяграфіі Глобуса не ўсё так паспяхова, як у біяграфіі літаратара. Мінскую мастацкую вучэльню ён скончыў яшчэ ў 1977, праз шэсць гадоў — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі універсітэт, малюе больш за 25 гадоў, а першую персанальную выставу атрымалася зладзіць толькі цяпер, 7 красавіка, у сталічнай галерэі «Падземка», дзе адначасова была прэзентавана і кніга PLAY.BY, «апранутая» ў свежую зялёную вокладку з цукровымі вушамі «плэйбоеўскага» зайчыка і ядавітым лаймавым кактэйлем «Махіта».



Глобус паскардзіўся, што арганізоўваць выставы складана — заўсёды наедзе нейкіх пажарнікаў, якія зробяць мастацкую імпрэзу немагчымай. Сам мастак раней удзельнічаў у калектыўных выставах, персанальную праводзіць яму не дазвалялі — казалі, што ні замоў на новыя палотны яму ніколі не атрымаць, ні карціны сваёй за грошы не прадаць.

На першай у гісторыі Глобусаўскай уласнай выставе, куды прыйшла безліч сяброў выдаўца і мастака, ён прэзентаваў 14 палотнаў у стылі постмадэрнізму. За выключэннем карціны «Магма», якая была створана яшчэ ў часы навучання, яны напісаныя пасля 25-гадовага перапынку ў прафесійных занятках жывапісам. «Магму» Глобус прынёс на выставу нездарма — ён патлумачыў гэта тым, што над магмай жывем мы ўсе, а «Падземка» па азначэнні да магмы яшчэ бліжэй. Выстаўленыя карціны, як і большасць творчых вынаходак Глобуса, ужо можна было пабачыць раней у іншых прасторах — кубічныя формы натуршчыц, абстрактную садавіну даўно мелі магчымасць разглядаць чытачы Глобусаўскага блогу.

«Я малюю жанчын, бутэлькі з-пад парфумы, садавіну і агародніну — тое, што я люблю», — прызнаўся Глобус наведнікам выставы, між якіх былі заўважаны пісьменнікі Уладзімір Сцяпан, Уладзімір Арлоў, Марыйка Мартысевіч, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі і іншыя вядомыя персоны.

Паводле слоў Глобуса, кожны чалавек займаецца творчасць для свайго задавальнення. «Вось я малюю флаконы ад парфумы. Мне здаецца, што мастак, ды і любы добры чалавек, павінен добра пахнуць, і жывапіс сёння, як і мастацтва паху, вельмі эгаістычны і антырацыянальны. Ад таго, што я добра пахну, у мяне добрая карціна, нікому так не прыемна, як мне самому», — гаворыць Глобус.

Марыйка Мартысевіч, разглядаючы карціны, адзначыла, што наколькі проза пісьменніка Глобуса больш жывапісная, настолькі і жывапіс Глобуса-мастака больш слоўны, яго можна чытаць.

Мастак Глобус, хоць і менш паспяховы за Глобуса-літаратара і Глобуса-выдаўца, але гэткі ж прагны да стылю, скандалу і моды. Напэўна, праз гэта ўсе адабраныя карціны так гарманізавалі з элементамі вопраткі маладых аматарак творчасці Глобуса. Колер фуксіі — на топе мінскай вулічнай моды.

Наведаць ружовую выставу Глобуса можна да 20 красавіка.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева