«Серебряная свадьба» стала ўдзельнікам «Перазагрузкi»

Наш спадзеў – атрымаць ад праекту выдатную песню на беларускай мове, каб належным чынам прадстаўляць...

У межах праекту «Тузін. Перазагрузка»  інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» бярэ ўдзел кабарэ «Серебряная свадьба». Адзін з іхніх узорных музычна-тэатральных нумароў на тэму кахання ды нянавісці загучыць па-беларуску.

Спявачка і па сумяшчальніцтву рэжысёр лялечнага тэатру Святлана «Бенька» Бень кажа: «Наш спадзеў – атрымаць ад праекту выдатную песню на беларускай мове, каб належным чынам прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні».

Музычны праект «Серебряная свадьба» паўстаў чатары гады таму ў выніку пяшчотнай любві ды павагі яго ўдзельнікаў да Францыі. Пра гэта сведчыць хоць бы першпачатковая назва гурту, якая гучала, як «Пи*да Парижу!», якую праўда хуценька змянілі на больш мілагучную — «Серебряная свадьба». У музыцы «СС» густа замяшана ўсяго ўсялякага: іх канцэртныя шоў можна з аднолькавым поспехам назваць як самачыннымі панк-правакацыямі, так і грунтоўна прадуманай тэатральнай дзеяй. Адзінае пэўна – ад гэтых музыкаў сыходзіць неймаверная энергетыка.

Музыкі з’ездзілі ўжо у тур у сваю ўлюбеную Францыю, зняліся ў фільме расійскага рэжысёра Сяргея Баброва «Реальный папа» ды наогул пастаянна сядзяць на валізках. А вось у студыі яны рэдкія госці – пакуль у гурту толькі адзін альбом «Концерт в чулане», і той – неафіцыйна выдадзены. Цяпер яны рыхтуюццца ў межах «Перазагрузкі» запісаць адзін са сваіх апошніх гітоў - музычны паэтычна-празаічны твор «Новы мост». Паэтычную частку перакладзе Сяргей Балахонаў, а празаічную – сама Бенька. «Паўдзельнічаць у такім праеце для «Серебряной Свадьбы» надта цікава, — кажа спявачка. – Уся наша творчасць – па-расейску, а прыціскаць родную мову зусім не хочацца!».

Наступны ўдзельнік праекту будзе прадстаўлены 30 красавіка.

Даведка. У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасць матэрыялу, прафесійнасць у музычным падыходзе і жаданне эксперыментаваць. Кожны з іх перазапіша адзін са сваіх хітоў у беларускамоўным варыянце, зробленым прафесійным перакладчыкам. Усе песні будуць прэзентаваныя на старонках http://music.fromby.net і http://www.budzma.org/

Інфармацыйныя партнёры акцыі “ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА”:

Інтэрнэт-партал TUT.BY

Першая прафесыйная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by

Першая беларуская газета – “Наша Ніва” (www.nn.by)

Першая беларуская транспамежная FM-станцыя – Радыё Рацыя (98,1 FM у Гродна і Беластоку)

Праграма «Proдвижение» (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале “Лад”)

Праграма “Новая зямля” (шточацвер а 23-ай гадзіне на Радыё Unistar (99,5 FM у Мінску, 102,3 FM у Брэсце)




Оставьте комментарий (0)