БМАgroup у серыі «Беларускі Музычны Архіў» выпускае дыскі Алеся Камоцкага і Натальлі Арсеньневай

29 і 30 чэрвеня ў Чырвоным касьцёле адбудзецца рэліз новых дыскаў БМАgroup серыі «Беларускі Музычны Архіў»: Алесь Камоцкі «Песьня як жыцьцё. Лепшае й невядомае» і Натальля Арсеньнева «З крывіцкай сям'і. Паэтычныя песьні й рамансы»

Серыя «Беларускі Музычны Архіў» была заснаваная з мэтай захаваньня і выданьня архіўных і рарытэтных запісаў, вяртаньне забытых імёнаў у беларускі музычны кантэкст.

Так за гэты час былі выдадзеныя альбомы Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага, Станіслава Манюшкі, Сяржука Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Эдуарда Акуліна. Асобна стаяць у серыі дыскі прысьвечаныя знаныя паэтам: Ларысе Геніюш, Сяргею Новіку-Пяюну.

Дыск Алеся Камоцкага «Песьня як жыцьцё. Лепшае й невядомае» уяўляе з сябе складанку лепшых песен з розных альбомаў на думку выканаўцы. А таксама невядомыя песьні барда. Асобным блокам ідуць песьні на вершы А.Камоцкага ў выкананьні іншых артыстаў: З.Вайцюшкевіча, Неруша, Стэфана, а таксама вядомая «Калыханка» ў выкананьні К.Мінчанка, Т.Лісіцкай і Л.Грыбалёвай.

Дыск Натальлі Арсеньневай «З крывіцкай сям'і. Паэтычныя песьні й рамансы» працягвае серыю прысьвечаную знаным паэтам. Свае апрацоўкі песен аўтаркі гімну «Магутны Божа» прадставілі гурты Rostra, ZigZag, P.L.A.N., выканаўцы Алеся Унукоўская, Тацьцяна Беланогая, Уладзімір Зайчанка, Тацьцяна Матафонава, гурт Яна Жанчака «In Search for» (ISF) і іншыя.

Дыск утрымлівае рарытэтныя запісы голасу паэткі, захаваныя Янкам Запруднікам.

Зараз у стадыі падрыхтоўкі знаходзяцца дыскі, прысьвечаныя Кастусю Каліноўскаму, і перавыданьне на дыску альбома гурта Мроя «28-я зорка» з бонусамі і інш.