Выпрабавальнае дваццацігоддзе фестываля «Басовішча»

Маладыя беларусы Польшчы, якія ладзяць музычнае дзейства, спадзяюцца сабраць 5000 гледачоў…

Басовішча-2009«Басовішча» — фестываль, які два дзясяткі год на тэрыторыі Польшчы аб’ядноўваў незалежную, падпольную і забароненую беларускую музыку і яе маладых энергічных прыхільнікаў, — у гэтым годзе чакае істотнае выпрабаванне.

Па-першае, пасля таго, як лідэры айчыннага андэграўнду наведалі галоўнае гняздо дзяржаўнай ідэалогіі, вайна змянілася бяз’ядзернасцю і нейтралітэтам — «дзюбелі» не выдумляюць новых назваў гурту, каб паспець правесці канцэрт да таго, як будынак клубу рэзка стане пажаранебяспечным, а «ляпісы» крычаць «Белараша ліберта!» у забітым гледачамі, як кансерва селядцамі, Палацы спорту. Бездакорнаму правядзенню фестывалю BelaMusic не спрыяе толькі надвор’е, а Піт Паўлаў збірае маладыя каманды на бясконцых лесвіцах ампірнага Дому афіцэраў, можна сказаць, у хвіліне хады ад рэзідэнцыі.

Другая істотная змена адбылася ў самім «апараце», які запускае «Басовішча» — нядаўна ў «Беларускім аб’яднанні студэнтаў» (БАС) адбылася змена кіраўніцтва, і Радка Дамброўскага, які кіраваў арганізацыяй два гады, на пасадзе старшыні змяніла Мажэна Саевіч.

Па-трэцяе, конкурсная частка — тое, дзеля чаго ў Барык (новыя кіраўнікі аб’яднання настойваюць на гэтай назве ўрочышча пад польскім Гарадком) збіралася процьма маладых беларускіх каманд, папярэдне прайшоўшы некалькі этапаў «Адборышча» ў Мінску, у гэтым годзе праводзіцца не будзе. Басаўцы тлумачаць такое рашэнне тым, што амаль ніхто з апошніх лаўрэатаў «Басовішча» так і не стаў зоркай у Беларусі, не дамогся асаблівай увагі і любові слухачоў. Наадварот, пасля гэткай вымаранай перамогі ўзнагароджаныя калектывы рэзка знікалі, месца ж маладых фаварытаў у беларусі займалі небеларускамоўныя калектывы, якія пра «Басовішча», можа, і ведаць не ведалі — «Серебряная Свадьба», «Кассиопея», The Toobes…

Сёлета, карыстаючыся з круглай даты існавання фэсту, БАС ладзіць экскурс у гісторыю беларускай рок-музыкі. Апроч процьмы беларускіх і некалькіх польскіх каманд, у падляшскім лесе выступяць родапачынальнікі беларускага року — «Бонда» і «Мроя», і выканаюць свае старажытныя хіты.

Канчатковы парад выступаў двухдзённага фэсту выглядае наступным чынам:

17 ліпеня, пятніца, дзень першы

«Жнюв», BY — 19:00
Tarpach, BY — 19:30
Aдкрыццё фэсту — 20:00
SOK, BY — 20:10
«Бан-Жвірба», BY — 20:50
:B:N:, BY — 21:25
RIMA, PL — 22:15
ZERO-85, PL — 23:05
Znich, BY — 00:00
IQ48, BY — 00:50
Sciana, BY — 01:40

18 ліпеня, субота, дзень другі

Rahis, BY — 17.00
«Босае сонца», BY — 17:30
«ДетиДетей», BY — 18:15
OSIMIRA, BY — 19:00
«Палац», BY — 19:45
«Крама» + «Бонда», BY — 20:30
Lao Che, PL — 21:30
Neuro Dubel, BY — 23:00
ULIS, BY — 00:00
N.R.M. + «Мроя», BY — 01:00

Па словах намесніцы старшыні БАСа Касі Кузьміч, збольшага ўжо ўсё падрыхтавана для правядзення фэсту, засталося вырашыць некаторыя тэхнічныя пытанні, дамовіцца пра начлег для музыкаў. Ніякіх зменаў у размяшчэнне фестывальнага поля сёлета ўнесена не будзе — намётавае мястэчка за сцэнай, кошт за магчымасць паставіць там намёт — 15 злотых (каля 5 долараў), як заўсёды, на фестывалі будзе чыстая вада, прыбіральні і гарачая ежа, з гэтага году ў жыхароў намётавага мястэчка з’явіцца магчымасць падзарадзіць тэлефон. Душавых кабінак, праўда, пакуль не з’явіцца. Гэта, кажа Кася, занадта дорага.

Ужо намаляваны і лагатып фестывалю — як і ў некаторыя папярэднія гады яго стварыў вакаліст беластоцкага гурта Zero-85 Юрка Асеннік. Кася запэўнівае, што лагатып цалкам перадае дух «Басовішча». Майкі і іншую атрыбутыку з лагатыпам, як заўжды, можна будзе набыць на фестывалі.

У гэтым годзе выдаваць бясплатныя візы наведвальнікам «Басоў» пагадзілася толькі консульства Польшчы ў Гродне, прыём заявак скончыўся ўчора, 9 ліпеня. Кася кажа, што такой колькасці ахвотных арганізатары нават не чакалі — усяго анкеты для атрымання візы падаў 1021 грамадзянін Беларусі. Праўда, большасць заявак было пададзена ў апошнія тры дні, таму басаўцы хвалююцца, ці паспее консульства аформіць такую колькасць візаў. Калі ўсё атрымаецца, на фестывалі чакаюць не менш за пяць тысяч гледачоў.