Літаратурны музей Янкі Купалы 12 верасня запраше на музейную ноч «Мiнск — сталiца, гордасць наша…»

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (вул. Купалы, 4) прадстаўляе 12 верасня музейную ноч «Мiнск — сталiца, гордасць наша…»

Музейная ноч — гэта яскравае і непаўторнае відовішча, якое сумяшчае ў сабе розныя па жанрах і накірунках, але агульныя па настроі мастацкія, тэатральныя і музычныя мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму гораду. Мастакі, фатографы ды артысты з вялікім задавальненнем падораць кожнаму гледачу добры настрой і моцныя ўражанні ад сваіх праектаў.

Праграма святкавання:

18.00 — «Местачковая вечарынка». Каля галоўнага ўваходу ў музей адбудзецца майстар-клас па старадаўніх танцах, якія карысталіся вялікай любоўю жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак: падыспань, кадрыль, кракавяк... Кожны зможа паўдзельнічаць і адчуць сябе ўдзельнікам вечарынкі пачатку ХХ стагоддзя.

19.00 (выставачная зала) — «Восеньскі колаварот» У адной з залаў музея адбудзецца майстар-клас члена Саюза майстроў Наталлi Гамаюнавай па выцінанцы — традыцыйнаму для беларускага горада віду мастацтва, а таксама пад чароўныя гукі скрыпкі студэнты Глебаўскай мастацкай вучэльні будуць займацца каліграфіяй — з густам і прафесійным майстэрствам выпісваць вершы Янкі Купалы тушшу на адмысловай паперы, і кожны жадаючы зможа набыць сабе такі маленькі паэтычна-мастацкі шэдэўр.

19.00 (экспазіцыя) — «Музыка на палатне» Ці можна намаляваць музыку? Ці можна падгледзець, як мастак пераносіць на палатно мелодыі, гукі, гармонію, як сугуччы праходзяць праз яго душу ды з дарамогай пэндзля адбіваюцца ў чароўных вобразах? Наведвальнікі не толькі паслухаюць музыку ў выкананні сучасных беларускіх артыстаў (чакаюць «Drum-дуэт ТР», «Жаба ў каляiне», «Alta mente», Алесь Камоцкi, «Хорціца», «The Worm Uroboros», Карына Баброўнiк), але і падзівяцца, як жывапісцы тым часам малююць карціны.

Наведвальнiкам у строях пачатку ХХ стагоддзя ўваход вольны.