Літаратура і Мастацтва без свабоды немагчымыя

Да апошняга часу ў рэдакцыі галоўнай беларускай літаратурна-мастацкай газеты панавала адносная свабода. Пра Генадзя Бураўкіна ці Ніла Гілевіча, па-ранейшаму пісаць не асабліва спяшаліся, але...

Нягледзячы на ўсе высілкі літаратараў, мастакоў і журналістаў зрабіць прастору для творцаў усялякіх відаў і рознага прызначэння агульнай, каб на ўваходзе не трэба было паказваць «корачкі» чужых і сваіх колераў, выступы было не абавязкова начытваць з падрыхтаванага загадзя аркуша, а якасць вызначалася не па камандзе зверху, сама прастора для дэмакратыі пакуль аказваецца не падрыхтаванай. На шляху да папулярызацыі беларускай літаратуры і мастацтва ў каторы раз апынулася ўласна «Літаратура і Мастацтва» — дзяржаўны рэдакцыйна-выдавецкі агрэгат, які выпускае часопісы і газеты, у тым ліку і 77-гадовую ўжо па ўзросце газету «ЛіМ».

За даўжэзную гісторыю свайго існавання «ЛіМ» перажываў разнастайнае: і культурны росквіт, калі між радкоў і яшчэ глыбей зацікаўленыя маглі вычытаць усё, што было гэтак істотна, актуальна і настолькі ж забаронена, і моманты поўнай няпэўнасці, калі за адзін дзень мянялася кіраўніцтва выдання.

Да апошняга часу ў рэдакцыі галоўнай беларускай літаратурна-мастацкай газеты панавала адносная свабода. Пра Генадзя Бураўкіна ці Ніла Гілевіча, па-ранейшаму пісаць не асабліва спяшаліся, але рэцэнзіі на кнігі незалежных выдавецтваў выходзілі на зайздрасць часта. Аглядальнікі маглі дазволіць сабе і «правакацыйную» (па «лімаўскіх» мерках) думку выказаць: напісаць, да прыкладу, што беларускія рускамоўныя літаратары — другасныя, кіруючыся толькі ўласнымі разважаннямі ды не зважаючы на тое, што большасць аўтараў у тым жа Саюзе пісьменнікаў Беларусі на чале з яго старшынём Мікалаем Чаргінцом — пішуць па-руску. Адным словам, літаратурныя працэсы, калі не ў поўнай меры, то, прынамсі, самымі істотнымі сваімі эпізодамі знаходзілі адлюстраванне на старонках «ЛіМа».

У канцы жніўня адбылося паседжанне ў Міністэрстве інфармацыі, дзе разглядалі працу ўсяго холдынга. Да апошняга моманту нарады не гучала аніякіх прэтэнзій, паведаміла «Беларускім навінам» крыніца, блізкая да рэдакцыі літаратурнай газеты: міністр Уладзімір Русакевіч хваліў «ЛіМ» за якасную працу, рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч прапаноўваў сумесныя палемічныя праекты па літаратуры… Але тут слова папрасіў Мікалай Чаргінец, ён дастаў цэлую даследчыцкую працу — ксеракопіі старонак і артыкулаў «ЛіМа», дзе былі падкрэсленыя імёны, фразы, цытаты. У выдзеленым ён угледзеў нацыяналізм, абвінаваціў аўтараў у шавінізме. Пазней кіраўнік СПБ звярнуўся непасрэдна да рэдактара газеты Анатоля Казлова. Маўляў, таварыш рэдактар са сваімі абавязкамі не спраўляецца, з усім гэтым нацыяналістычным націскам, і лінія прэзідэнта з кожным днём скрыўляецца ўсё больш, а хутка наогул з простай ператворыцца ў хвалістую…

На заканчэнне гэтага паседжання, якое, мяркуючы па расповедзе крыніцы, адбывалася ў лепшых партыйных традыцыях, Казлоў прызнаўся, што ўжо стаміўся нешта адстойваць і не супраць пакінуць рэдактарскі фатэль. Пасля гэтага ён напісаў заяву. Рэдактарскія абавязкі стаў выконваць дырэктар холдынга Алесь Карлюкевіч, палосам стала не хапаць матэрыялаў, некаторыя аўтары, баючыся магчымай цэнзуры, перасталі прыносіць свае тэксты.

У рэдакцыі ўжо мусяць пераймацца — пра што ж пісаць? Што ставіць на месца новаўтвораных белых плям? Некаторыя аўтарскія рубрыкі і калонкі знятыя. Гледзячы на цяперашні “ЛіМ”, узнікае ўражанне, што супрацоўнікам гэтай рэдакцыі можна пісаць толькі пра кніжкі «таго» саюза, толькі пра тое, што выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура»… Больш ніякіх «логвінавых» з «галіяфамі», а між тым менавіта апошнія часцей за астатніх выдаюць кнігі ды ладзяць імпрэзы. Час ад часу можна ўзгадаць некага з аўтараў, якія ўваходзяць не ў “той” пісьменніцкі саюз, але так, каб яны не ўспрымаліся асобна ад тэксту ды іх прозвішчы не прываблівалі вока. Беларускі народны паэт — Рыгор Барадулін — таксама пад забаронай. Старонкі аддадзеныя тым, хто нейтральны, ніколі не акрэсліваў сваю пазіцыю або належыць да СПБ.

На пытанне, ці сапраўды ў «ЛіМе» нельга друкаваць «няслушных» аўтараў, Мікалай Чаргінец у тэлефоннай размове са мной заявіў: «Людзі ўсё хочуць падсаліць, а вас нехта хоча выкарыстаць! Гэта няпраўда, вось зараз я вам зачытаю апошні нумар — там ёсць прадстаўнікі розных саюзаў».

На жаль, апошняга нумара пад рукой у старшыні СПБ так і не знайшлося.

Са слоў старшыні СПБ, Казлова з пасады ён ніколі не гнаў, вось толькі рэдактар дрэнна выконваў свае абавязкі. «Ён добры хлопец, проста яму скаладана працаваць было, спраўляцца з задачамі, — сказаў Чаргінец «Беларускім навінам». — Аднак у мяне самае лепшае меркаванне пра яго як пра працаўніка. Крытыкаваць, вядома ж, кожнага можна».

Дырэктар холдынгу і цяперашні рэдактар газеты Алесь Карлюкевіч пра сітуацыю ў «ЛіМе» выказаўся вельмі лаканічна: Анатоль Казлоў «проста звольніўся па ўласным жаданні». І інфармацыю пра тое, што ёсць аўтары, пра якіх пісаць цяпер у газеце непажадана, Карлюкевіч назваў няпраўдай.

Аднак, гартаючы апошні нумар (№ 39) за 16 кастрычніка, адразу кідаецца ў вочы адсутнасць матэрыялаў пра аўтараў Саюза беларускіх пісьменнікаў, адсутнасць іх тэкстаў і рэцэнзій на кнігі незалежных выдавецтваў. Відавочна, нейкія новаўвядзенні ўсё ж адбыліся.

І больш за ўсё гэтыя новаўвядзенні закранулі аддзел літаратурнай крытыкі, які сутыкнуўся з праблемай дыферэнцыяцыі беларускіх пісьменнікаў. Доўга такая сітуацыя працягнуцца не можа. Па словах набліжанай да рэдакцыі крыніцы, двух нумароў газеты можа быць цалкам дастаткова на ўсе “правільныя” выданні апошняга часу. Пісьменнікі ў праўладнай арганізацыі моцна не напружваюцца, не прыносяць свае кнігі на рэцэнзіі, не актыўнічаюць. У супрацоўнікаў рэдакцыі рукі апускаюцца, бо пры наяўнасці жывых тэм існуе немагчымасць іх падымаць, а з абавязковых новых артыкулаў ў «ЛіМе» цяпер мусіць з’яўляцца штонумаровы агляд дзейнасці СПБ…

Безумоўна, доўга такая сітуацыя працягвацца не можа. Калі ніхто зараз не задумаецца пра тое, каму выгадны падзел беларускай літаратуры і — што самае істотнае — ці выгадны ён чытачу «ЛіМа», галоўная літаратурна-мастацкая газета Беларусі пераўтворыцца ў суцэльную белую пляму.