Кампанія «Будзьма» разаслала па FM-станцыям складанкі з сучаснай беларускай музыкай

Нашумелыя складанкі «Тузін: Перазагрузка» і « Budzma The Best Rock» ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» атрымалі ўсе FM-радыёстанцыі, абласныя і раённыя Дамы культуры Беларусі.

Кампанія «Будзьма беларусамі!» зрабіла падарунак і разаслала складанкі па ўсіх куточках Беларусі дзеля папулярызацыі беларускамоўнай культуры, каб кожны ведаў, наколькі багатая нашая беларускамоўная поп- і рок-сцэна.

На складанцы «Тузін: Перазагрузка», які быў зроблены ў супрацы з парталам «Тузін Гітоў», такія гурты, як «Atlantika», « Naka», «Da Vinci», «Серебряная Свадьба» і іншыя, праспявалі свае хіты на беларускай мове. У праекце ўзялі ўдзел адны з самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, песні якіх гучаць на радыё і тэлебачанні. Кожны з іх перазапісаў адзін са сваіх галоўных хітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафесійным перакладчыкам.

Другая складанка — «Budzma The Best Rock». Гэта 2 дыскі: песні вядомых беларускіх рок-музыкаў і творы маладых рок-гуртоў, якія былі адабраныя на конкурснай аснове.