У Мінску прэзентавалі дакументальны фільм пра Барадуліна

Шчаслівую будучыню \"беларускай Беларусі\" паэт звязвае з яе незалежнасцю, роднай мовай і чалавечым сумленнем…

 

Як перадае БелаПАН, у Белдзяржфілармоніі 28 снежня адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма "Як па сухому. Штрыхі ды партрэта Рыгора Барадуліна", прысвечанага 75-годдзю народнага паэта Беларусі.

У Мінску прэзентавалі дакументальны фільма пра Барадуліна

Белая яблыня грому
Чорных садоў ліхалецьця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на сьвеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысьмерк.
Пэўна, што д'яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Сьветлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасьцю поўні наўкольле!
Хай жа ня будзе злому
Гольлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
I на апошнюю строму
Сьветла ўзыдзі са мною.
Р.Барадулін

Арганізатарам акцыі выступілі Міністэрства культуры і мінскі касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

59-хвілінны каляровы фільм створаны на кінастудыі рымска-каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены рэжысёрам Аляксандрам Матафонавым і прадзюсарам, ксяндзом-пробашчам Чырвонага касцёла Уладзіславам Завальнюком.

Завальнюк нагадаў, што народны паэт Беларусі з 2006 года намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры за зборнік духоўнай і філасофскай паэзіі "Ксты", выдадзены Чырвоным касцёлам. Паводле слоў ксяндза Уладзіслава, натхнёнае і жывое слова Барадуліна будзе вечным у народзе, як ззяюць на небе зоркі, якія даўно згаслі.

У Мінску прэзентавалі дакументальны фільма пра Барадуліна

Як адзначыў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духоўны і творчы подзвіг Барадуліна з'яўляецца часткай беларускай хрысціянскай культуры. Візітатар нагадаў, што ўлетку 2004 года ў Ватыкане паэт быў прыняты папам рымскім Янам Паўлам II, які ў асобе Барадуліна добраславіў прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць на адраджэнне краіны.

У фільме творчая асоба паэта раскрываецца ў выказваннях яго сяброў і калег Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, літаратуразнаўцаў Алы Сакалоўскай, Пятра Васючэнкі і Юрыя Стулава, а таксама землякоў Барадуліна. Вялікая частка здымак зроблена ў 2009 годзе на радзіме паэта ў гарадскім пасёлку Ушачы Віцебскай вобласці. У сваёй роднай хаце і старым садзе паэт гутарыць з суразмоўцамі і гледачамі аб вечным — Радзіме, паэзіі, мове, шляху да веры.

Шчаслівую будучыню "беларускай Беларусі" паэт звязвае з яе незалежнасцю, роднай мовай і чалавечым сумленнем.

На вечарыне выступілі Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, хор Чырвонага касцёла "Голас душы", заслужаны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка і саліст Белдзяржфілармоніі Канстанцін Шараў (арган), прагучалі творы Барадуліна.

У Мінску прэзентавалі дакументальны фільма пра Барадуліна

Нагадаем, у гэтым годзе ўжо выйшаў яшчэ адзін дакументальны фільм пра Барадуліна — «Эпоха Барадуліна». Тады культуролаг Максім Жбанкоў адзначыў, Барадулін, хоць, і жывая легенда айчыннай культуры, але “не тот герой” — як “безумоўны маральны аўтарытэт, які не хавае скепытычнага стаўлення да сучаснай улады”.

Рыгор Барадулін Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка ва Ўшацкім раёне ў сям'і Івана й Куліны Барадуліных. Навучаўся ва Ўшацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954), затым на філялягічным факультэце БДУ у Менску (закончыў у 1959). Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданьнях (сярод іх - газэта «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Барадулін — дзейны сябра СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 — ягоны прэзыдэнт), сябра Партыі БНФ. З 1995 да 1997 быў сябрам кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса. Рыгор Барадулін - апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Сярод астатніх узнагарод ён можа ганарыцца Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Гарсіі Лёркі, Ордэнам Знак Пашаны, латыскім Ордэнам Трох Зорак (1995) й мэдалём Францыска Скарыны. Барадулін ёсьць таксама Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну. Пачаў друкавацца з 1953 г., першыя вершы былі зьмешчаныя ў газэце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» - выйшаў у 1959 г. Цалкам плён працы Барадуліна складае каля 70-ці выдадзеных зборнікаў паэзіі (сярод якіх шмат зборнікаў сатыры й гумару, а таксама вершаў для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выходзілі ў сьвет зборы выбраных твораў паэта (у 1984 і з 1996 па 2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамох, але вышла толькі чатыры. Таксама некаторымі крытыкамі Барадулін уважаецца за аўтара ананімнага твору «Лука Мудзішчаў». У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).