У Мінску прэзентавалі зборнік твораў і аўдыёкнігу польскага паэта Чэслава Мілаша

 

2 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі ў Мінску адбылася прэзентацыя апошніх выданняў выдатнага польскага паэта і эсэіста, перакладчыка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. Сярод іх — збор выбраных твораў аўтара «Іншага канца свету не будзе» ў перакладзе на беларускую мову, а таксама аўдыёкніга «Чалавек шматпавярховы», у якую ўвайшлі вершы Мілаша ў перакладзе і выкананні Андрэя Хадановіча з музычным суправаджэннем беларускага гурту «Рацыянальная дыета».

Паводле слоў Андрэя Хадановіча, Мілаш цікавы беларусам, таму што «гэта найбліжэйшы да нас нобелеўскі лаўрэат, гэта наш добры сусед, якому не трэба было б тлумачыць, што такое Беларусь, што такое беларуская мова, што такое постсавецкая і посттаталітарная дзяржава, што такое дзяржава з няпоўнай свабодай, што такое пісаць з унутраным цэнзарам і змагацца з гэтым цэнзарам».

Як паведаміў Андрэй Хадановіч, 8 верасня адбудзецца адкрыццё фестывалю «Вялікае княства паэзіі», прысвечанае 100-годдзю Мілаша. У яго межах адбудзецца прэзентацыя спецыяльна падрыхтаванага 4-томніка, які адлюстроўвае Мілаша ва ўсіх сферах ягонай дзейнасці — паэзіі, эсэістыцы, прозе і філасофіі, расказаў Хадановіч.

Відэа БелаПАН