Дата публикации:
23.11.2011
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/culture/2011/11/23/ic_media_photo_117_5151/

Паэту Анатолю Вярцінскаму споўнілася 80 гадоў

Автор:


22 лістапада ў Музеі беларускай літаратуры сябры і калегі Анатоля Вярцінскага сабраліся, каб павіншаваць паэта з юбілеем. 18 лістапада яму споўнілася восемдзесят гадоў.

“Калі глядзець па гадзінніку, то ўжо адвячорак, — сказаў пра свой узрост Анатоль Ільіч, але адзначыў, што ўсё ж знаходзіць нагоды для аптымізму. — Адкрыў я пашпарт і заўважыў тое, на што раней не звяртаў увагі: тэрмін дзеяння — да 2031 года!”.

“А вось яшчэ нагода для надзеі”, — паэт паказвае ўдзельнікам сустрэчы купюру ў 100 рублёў, на якой змешчана выява эпізода з балета Яўгена Глебава “Выбранніца” па паэмах Янкі Купалы з лібрэта Анатоля Вярцінскага.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч павіншаваў юбіляра вершамі беларускіх паэтаў, якія згадвалі Вярцінскага ў сваіх творах. Свае добрыя зычанні Анатолю Ільічу выказалі супрацоўнікі музея, а таксама Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Дайнека, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла ды іншыя творцы.

Уладзімір Арлоў зачытаў для юбіляра верш нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромэра, з якім нядаўна сустрэўся ў Швецыі, а Алесь Разанаў у сваёй віншавальнай прамове паразважаў пра маральны імперытыў, закладзены ў творах Вярцінскага: “Мы ашукваем і ашукваемся, таму што мы недастаткова ёсць, а Вярцінскі ўмее быць”.