Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Фестивальный Витебск: белорусский легпром и российская попса
    Корреспондент Naviny.by побывала в эти дни в Витебске и делится впечатлениями о царящей в нем атмосфере...
  2. «Славянскому базару» нужны ребрендинг и перезагрузка
    Концепция «Славянского базара» — старый больной вопрос…


Культура

Беларуская літаратура засталася без чытачоў


Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) падлічыў і сам спужаўся — большасць беларусаў не чытае і не ведае сучасных беларускіх аўтараў.

Алесь ПашкевічЯк абвясціў на 16-м з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў яго ўжо экс-старшыня Алесь Пашкевіч, па выніках сацыялагічнага апытання, якое рабілася па замове СБП, 80% рэспандэтаў наогул не чытае ніякай літаратуры.

Сярод тых, хто ўсё ж чытае, выбіраюць кнігі на рускай мове 82%, а па-беларуску — толькі 13,8%.

На пытанне, каго з сучасных літаратараў людзі ведаюць, 70% апытаных адказалі: «не ведаю нікога».

Мікалай Чаргінец Аднак старшыня іншага пісьменніцкага аб’яднання — праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ) — Мікалай Чаргінец лічыць, што быць таго не можа, каб не чытала цэлых 80%: «Гэта не так. Людзі чытаюць, можа крыху меней па-беларуску, чым па-руску, але чытаюць. Да таго ж, шмат хто чытае кнігі ў інтэрнэце. Таму ў паніку тут не трэба ўдарацца».

Чаргінец заяўляе, што асабіста ён яшчэ не сустракаў чалавека, які б не ведаў яго прозвішча як літаратара. Але згодны, што большасць беларусаў не ведае сучасных беларускіх пісьменнікаў: «Мы ездзілі з групай пісьменнікаў па Мінскай і Магілёўскай абласцях, сустракаліся з насельніцтвам, наведвалі навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы. І даведаліся, што тых пісьменнікаў, хто піша ўжо даўно, ведаюць. А вось маладых аўтараў апошняга дзесяцігоддзя ведаюць мала. А куфэрачак проста адчыняецца — у ніводнай бібліятэцы няма кніг сучасных аўтараў! І у крамах кнігі сучасных аўтараў трымаюць недзе падалей, за прыгожымі вокладкамі замежных кніг. Бо прадаўцы імкнуцца прадаваць тое, што дае большы навар».

«Тут ёсць праблема, — прызнае Чаргінец. — І калі нас прымаў Аляксандр Рыгоравіч, мы яе паднялі. І вось зараз ужо я бачу, як прымаюцца добрыя захады, каб гэты дысбаланс паміж пісьменнікамі і чытачамі ліквідаваць. Так, штогод ва ўсе бібліятэкі будзе адпраўляцца пэўная колькасць кніг, якія будуць знаёміць людзей з беларускімі пісьменнікамі. Але і самім пісьменнікам трэба варушыцца. Трэба самім думаць, як прапагандаваць свае творы — больш выступаць, размяшчаць інфармацыю пра кнігі ў друку».

Уладзімір ЗдановічСтаршыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Ўладзімір Здановіч лічыць, што скарачэнне колькасці чытаючых людзей — сусветная тэндэнцыя.

«Гэта звязана с прасоўваннем інтэрнэт-тэхналогій, — сказаў ён Naviny.by. — І ў мяне ёсць такое адчуванне, што гадоў праз 5-7 у нас будзе маладое пакаленне, якое наогул не чытае кніг у тым сэнсе, як мы гэта разумеем. Радавацца ці засмучацца гэтаму — хто яго ведае. Калісьці людзі крытыкавалі і з’яўленне тэлевізараў, а зараз мы без іх жыцця не можам уявіць. А што тычыцца літаратараў, то тут трэба больш актыўна іх прапагандаваць і выкарыстоўваць для гэтага любыя сродкі, у тым ліку, электронныя».

Уладзімір Някляеў Вядомы паэт, лідэр грамадскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў сярод прычын заняпаду літаратуры таксама называе тэхнічны прагрэс.

«Спад культуры, і найперш літаратуры, — гэта праблема сусветная, а не толькі беларуская, — патлумачыў ён Naviny.by. — Звязана гэта з тымі тэндэнцыямі, што выявіліся ў развіцці чалавецтва, а канкрэтна — з падменай паняцця «культура» паняццем «цывілізацыя».

У той жа час Някляеў бачыць і выключна беларускія асаблівасці ў праблеме запатрабаванасці літаратуры — адсутнасць цікавасці да гэтай тэмы з боку ўлады. І больш за тое — «свядомае разбурэнне нацыянальнай культуры як падмурку нацыянальнага духу і свядомасці, а значыць, і нацыянальнага супраціву».

«Гэта самае страшнае, што сёння робіць улада
, — лічыць паэт. — Гэта нізвядзенне беларусаў да нацыі, якая спажывае не роднае, якая калі і чытае, то не сваю літаратуру, і значыць, арыентуецца не на свае каштоўнасці, а на чужыя. Мы пераадолеем эканамічныя праблемы, а вось вярнуць усё тое, што звязана з духоўнасцю, будзе вельмі цяжка. Я нават не ведаю, колькі гадоў спатрэбіцца, каб адбудаваць тое, што зруйнаваў гэты рэжым».

Генадзь Бураўкін Знакаміты беларускі паэт Генадзь Бураўкін адзначае: не варта слепа давяраць сацыялагічным даследаванням: «Я б не ўспрымаў зусім трагічна лічбы, што прагучалі на нашым пісьменніцкім з’ездзе. Але ў тым, што ставіцца да іх трэба з трывогай, — не сумняваюся».

Бураўкін мяркуе, што адказ на пытанне, чаму беларусы так мала чытаюць наогул і канкрэтна беларускай літаратуры, знайсці вельмі цяжка: «Тут сплялося шмат чаго. Гэта і сучасныя тэхналогіі са сваім Сусветным сецівам, якое, як мы ведаем, бывае там, дзе мала парадку і ветру. Гэта і нялёгкае сучаснае жыццё, калі бутэлька гарэлкі каштуе танней за добрую кнігу. Гэта і адсутнасць прадуманай сістэмы выхавання моладзі. А таксама стаўленне — несур’ёзнае, нават грэблівае — да літаратуры з боку ўлады, а за ёй і з боку самога грамадства».

«Людзі ўжо даўно не спрабуюць нават думаць і проста робяць тое, што ім скажуць, — шкадуе паэт. — Таму любяць чытаць лёгкія дэтэктыўчыкі. Вельмі цяжка чытаць Дастаеўскага, Быкава — гэта ж трэба думаць, разважаць, уключаць і галаву, і сэрца! А калі ў нас прызвычаіліся людзі ўключаць толькі рот і жывот, то духоўная прадукцыя ім непатрэбная».

Гэта горка і непрыемна, адзначае пісьменнік, — мець сур’ёзную літаратуру і не шанаваць яе.

«Спадзяюся на тое, што чалавек будзе развівацца інтэлектуальна і з часам зразумее, што варта чаго, — дадае Бураўкін. — Нездарма засталіся ж у гісторыі і Шэкспір, і Сервантэс. Спадзяюся, што ў нашым часе таксама такія творцы ёсць. І хай потым будзе сорамна тым, хто не зразумеў, што жыве ў адзін час з выдатнымі творцамі, і больш за тое — перашкаджаў і знішчаў гэтыя таленты».

Оценить материал:
Средний балл - 4.17 (всего оценок: 17)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • што ж гэта ні адзін наш піссменнік не успомніў пра дзяцей, якія засталіся без адзінай газеты і журнала?
  • а пачынаючы з вясны г.г. - і НОГІ! (
  • «Людзі ўжо даўно не спрабуюць нават думаць і проста робяць тое, што ім скажуць, — шкадуе паэт. — Таму любяць чытаць лёгкія дэтэктыўчыкі. Вельмі цяжка чытаць Дастаеўскага, Быкава — гэта ж трэба думаць, разважаць, уключаць і галаву, і сэрца! А калі ў нас прызвычаіліся людзі ўключаць толькі рот і жывот, то духоўная прадукцыя ім непатрэбная». Читать полностью: https://naviny.by/rubrics/culture/2011/12/13/ic_articles_117_176161/ Увы, прав дзядзька Генадзь.

Интересные Факты

Загрузка ...