«Крамбамбуля» запісала альбом на дзевяці мовах (відэа)

Гурт «Крамбамбуля» нарэшце гатовы да рэлізу свежага альбома Drabadzi-Drabada...

 

Гурт «Крамбамбуля» нарэшце гатовы да рэлізу свежага альбома Drabadzi-Drabada. Музыкі ўжо прадстаўлялі новую праграму ў Беларусі і за мяжой, а ў лютым плануюць ладзіць афіцыйную прэзентацыю ў мінскім клубе Re:Public.

Пласцінка Drabadzi-Drabada складаецца з песень розных народаў свету, запісаных і па-беларуску, і на мовах арыгіналу. Усяго ў альбом увайшлі песні на дзевяці мовах.

Як распавёў Naviny.by лідар гурта Лявон Вольскі, у крамах можна будзе набыць два варыянты альбому: адзін больш танны, які ўключае только песні на беларускай мове, другі варыянт змяшчае два дыска — адзін з песнямі на беларускай мове, другі — на іншых мовах.

«Я раю купляць поўны альбом, таму што версія з мовамі арыгіналу вельмі цікавая», — кажа Вольскі.

Многія музыкі зараз увогуле адмаўляюцца ад выпуску альбомаў на традыцыйных носьбітах, таму што праз некаторы час музыка ўсё роўна трапляе ў інтэрнэт. «Я, безумоўна, разумею гэтых музыкаў, але дыскі можна прадаваць на канцэртах, дасылаць на розныя фестывалі як дэма. Мы шмат ездзім зараз. Дыск нам не пашкодзіць», — падагульніў Лявон Вольскі.

У новы альбом увайшлі песні на шведскай, нямецкай, польскай, французскай, італьянскай, харвацкай і іншых мовах.

Каб запісаць пласцінку, многія мовы Вольскаму давялося вывучаць з нуля. «Шведскую прыйшлося амаль што з нуля вучыць, кансультавацца са Стэфанам Эрыксанам (амбасадар Швецыі ў Беларусі. — Naviny.by)», прыводзіць прыклад музыка.

Але Вольскі не вывучаў новыя мовы да гутарковага ўзроўню. «Я вывучаў словы песен, каб правільна іх данесці, і я ўпэўнены, што там усё са страшным акцэнтам, але гэта, наадварот, надае свой шарм. Носьбіты мовы, якія чулі нашыя песні, казалі, што гэта нават цікава», — кажа Вольскі.

«Калі б мы запісвалі песні толькі на беларускай мове, альбом бы ўжо даўно выйшаў», — дадае ён.

Найцяжэйшым, по словах Вольскага, было выкананне нямецкай песні, якая гучыць як скарагаворка: «Не скажу, што гэта была найцяжэйшая мова, але падрыхтоўка заняла шмат часу. Шчыра кажучы, усе мовы былі не такія ўжо і складаныя».

Нават шведская мова не падалася Вольскаму складанай, хоць і лічыцца, што ў скандынаўскіх моваў вельмі цяжкае вымаўленне: «Безумоўна, яна няпростая, таму што там ёсць насавыя, гартанныя гукі, але песня, якую мы ўзялі, не такая ўжо страшная для выканання».

Праграму Drabadzi-Drabada гурт «Крамбамбуля» ўжо прадстаўляў падчас «Канцэрту на траве» на хутары Шаблі, а таксама на канцэртах у Берліне і Гамбургу.

У блішэйшы час альбом будзе прэзентаваны ў маскоўскім клубе PIPL падчас святкавання Новага году па-беларуску, але там будзе прадстаўлена толькі некалькі песен, бо на поўную прэзентацыю проста не хопіць часу.

Дарэчы, як адзначае Лявон Вольскі, раней святкаваць Новы год на працы яму давялося толькі аднойчы: «Мы ігралі з «Крамбамбуляй» у клубе, але мне не спадабалася, гэта было вельмі будзённа. А святкаваць у Маскве ўжо само па сабе экзатычна». У расійскую сталіцу Лявон паедзе разам з жонкай Ганнай, іх дачка Адэля застанецца ў Мінску.

Афіцыйная прэзентацыя новага альбома «Крамбамбулі» адбудзецца 11 лютага ў Re:Public. Лявон Вольскі абяцае, што гурт пакажа «ўсе элементы шоў».

«Я зараз не гатовы казаць, што там будзе. «Крамбамбуля» ніколі не іграла канцэрты проста так — сыгралі, сыгралі на біс, развіталіся і пайшлі. «Крамбамбуля» — гэта гурт для актыўнага адпачынку і музыкаў, і гледачоў, таму трэба даваць шоў па поўнай праграме, што мы і збіраемся рабіць», — распавёў музыка.

На канцэртах песні будуць выконвацца ў тым ліку і на мовах арыгіналу.

Тым часам на YouTube з’явіўся кліп на харвацкую песню «Гэта не ветразь», зняты рэжысёрам Мацвеем Сабуравым, а таксама пазітыўны рэкламны ролік «Крамбамбулі» для замежных гледачоў, у якім адзначаецца, што гурт паходзіць з Чарнобыльскай зоны, апошняй дыктатуры Еўропы і забаронены на радзіме.


Вольскі называе гэты ролік самаіроніяй. Па яго словах, аўтар ідэі — «нямецкі сябра», які займаецца прасоўваннем гурта ў Германіі.

У відэа прадстаўлены факты пра Беларусь, якія «на Захазе лічаць візітоўкай краіны». «Мы падсумавалі гэтыя штампы пра Беларусь, на жаль, атрымаўся абсалютны негатыў, але гэта факт, — кажа Вольскі. — Але мы ўсё роўна весялімся, як вы бачыце».