Тадэуш Стружэцкі: Беларусь без беларускай мовы існаваць не можа

Інтэрв’ю намесніка міністра культуры Беларусі Тадэуша Стружэцкага інфармацыйнай кампаніі БелаПАН...

У Міжнародны дзень роднай мовы на пытанні інфармацыйнай кампаніі БелаПАН адказвае намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі.

Тадэуш СтружэцкіТадэуш Стружэцкі. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся 9 студзеня 1953 г. у вёсцы Падлявонавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага (1975 г.). Працаваў інструктарам Фрунзенскага РК ЛКСМБ г. Мінска, выкладчыкам кафедры культасветработы Мінскага інстытута культуры, намеснікам дырэктара па культурна-асветніцкай рабоце Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, дарадцам галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў, дарадцам па культуры пасольства Беларусі ў Польшчы. Намеснікам міністра культуры прызначаны 7 снежня 2009 года. У міністэрстве адказвае за арганізацыю прававога забеспячэння функцыянавання міністэрства, каардынацыю дзейнасці ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, развіццё і падтрымку самадзейнай аматарскай творчасці, інавацыйную палітыку, падтрымку культурна-асветніцкай дзейнасці нацыянальных аб’яднанняў у Беларусі і беларусаў замежжа, інфарматызацыю галіны, выставачную і рэдакцыйна-выдавецкую дзейнасць.


— Яшчэ напачатку мінулага года вы падтрымалі ідэю абвяшчэння 2011-га Годам культуры і мовы. Чаму гэта ініцыятыва так і не была падтрымана на высокім узроўні?


— Сапраўды, Міністэрства культуры ініцыявала гэта. На наш погляд, такое прыцягнула б дадатковую ўвагу да існуючых праблем у сферы карыстання беларускай мовай. Але ўрэшце было прынята рашэнне аб абвяшчэнні 2012 года Годам кнігі. Мы таксама падтрымліваем гэту ідэю, бо яна лагічна звязана з рэалізацыяй і першаснай нашай ідэі. Кніга — суб’ект нацыянальнай культуры і мовы. Гаварыць аб Годзе кнігі і не сказаць аб беларускай літаратуры немагчыма, адарваць літаратуру ад агульнанацыянальнай культуры таксама немагчыма. Я думаю, тут няма ніякіх супярэчнасцяў.

— Ёсць меркаванне, што моўнае пытанне сёння занадта палітызаванае. Адсюль і псіхалагічныя праблемы, якія перашкаджаюць размаўляць па-беларуску нават тым, хто мову ведае...

— У Міністэрстве культуры моўнай праблемы не існуе: справаводства, сустрэчы, практычна ўся дзейнасць апарату міністэрства і нашых арганізацый забяспечана якраз на беларускай мове. Большасць нашых супрацоўнікаў добра валодаюць беларуская мовай, мы звяртаемся і адказваем на запыты па-беларуску.

А ў цэлым, безумоўна, праблема ўжывання беларускай мовы ў грамадстве ёсць. Яна існуе на розных узроўнях. У свой час Міністэрства культуры было ініцыятарам распрацоўкі плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. І рэалізацыя гэтага плана дала магчымасць прыцягнуць увагу да праблемы на розных узроўнях кіравання. Сёння міністэрства ініцыюе вяртанне да гэтага плана, каб прааналізаваць, як ён выконваецца на розных узроўнях, у тым ліку і органамі ўлады.

Часам некаторыя дзеячы моўнае пытанне пераносяць у сферу палітыкі. Хаця я асабіста як грамадзянін і прадстаўнік органа дзяржкіравання лічу, што беларуская мова сёння павінна выкарыстоўвацца менавіта як важны фактар кансалідацыі нашага грамадства. Не павінна быць падзелу на тых, хто размаўляе і хто не размаўляе па-беларуску, залічэння такіх груп насельніцтва да нейкіх палітычных плыняў. Думаю, мы гэты этап ужо перажылі. Сёння нам усім патрэбна зразумець, што беларуская мова — гэта важнейшы паказчык асабістых, грамадскіх і дзяржаўных адносін да Беларусі. Рэспубліка Беларусь як самастойная дзяржава без беларускай мовы існаваць не можа. Гэта аксіёма.

— Што патрэбна зрабіць, каб кансалідуючы фактар беларускай мовы запрацаваў?

— Па-першае, трэба як мага часцей карыстацца беларускай мовай і звычайным грамадзянам, і чыноўнікам. Беларуская мова павінна гучаць у паўсядзённым жыцці, вольна пачувацца ў сродках масавай інфармацыі.

Больш шырока беларуская мова павінна выкарыстоўвацца ў сістэме адукацыі. Даследванні і аналіз паказвае, што большасць прадметаў у школе і іншых навучальных установах выкладаецца на рускай мове, — нават гісторыя Беларусі. На наш погляд, гэта няправільна.

Беларуская мова павінна больш шырока прысутнічаць і ў рэкламе, у тым ліку вонкавай. Крытычныя заўвагі на гэты конт вельмі часта прыходзяць у міністэрства. Некаторыя грамадзяне патрабуюць унясення змен у адпаведнае заканадаўства. Мы ўжо зрабілі пэўныя захады ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў, звярнуліся з прапановамі да Нацыянальнага сходу.

— У Беларусі — афіцыйнае двухмоўе. Тым не менш, нельга адмаўляць, што прыярытэт у паўсядзенным, афіцыйным і бытавым ужытку застаецца за рускай мовай. Што варта і можна зрабіць, каб павысіць статус беларускай?

— Гэта — агульнаграмадская праблема. Толькі заканадаўчымі актамі забяспечыць, каб усе людзі карысталіся беларускай мовай, немагчыма. Чалавек мае права размаўляць і на любой з дзяржаўных моў, і на іншых па свайму выбару. Іншая справа, што баланс павінен быць або на карысць беларускай мовы, або з рускай хаця б на роўных. Гэта зусім не абмяжоўвае канкрэтных людзей у іх праве, ён па-ранейшаму будзе вольны сам выбіраць. Але дзяржаўныя ўстановы павінны абавязкова выкарыстоўваць беларускую мову. Калі грамадзянін звяртаецца да іх з заявай на беларускай мове, на ёй жа ён павінен атрымаць і адказ. Дарэчы, гэта ўсё прапісана ў нашым заканадаўстве.

Павінна быць паўнавартасная сістэмная праца, скіраваная на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. Калі яна будзе, то можна спадзявацца, што беларуская мова стане важнейшым і абавязковым складнікам нашага жыцця.

— Як вы лічыце, ці цалкам выконваецца сёння моўнае заканадаўства?

— Не цалкам. Таму мы і ўздымаем гэтае пытанне, звяртаем увагу, што і рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы, і шыльды, і ўнутраная дакументацыя павінны базавацца на беларускай мове. Мы не дапускаем тут нейкіх перагібаў. Безумоўна, ёсць і рускамоўнае насельніцтва, якое можа патрабаваць, каб з імі мелі зносіны на рускай. Але ў маёй практыцы не было ніводнага выпадку, каб я недзе размаўляў на беларускай мове і мне зрабілі заўвагу. Я заўсёды ўпэўнена карыстаюся беларускай мовай і адчуваю, што многія людзі ставяцца да гэтага з сімпатыяй.

— Калі прымусіць размаўляць на беларуская мове складана, то замяніць шыльды, нейкія назвы можна было б і дырэктыўна. Гэта падштурхнула б насельніцтва да больш свабоднага ўспрымання беларускай мовы...

— Я думаю, што гэта — абавязак мясцовых органаў улады. Калі заканадаўствам прадугледжана двухмоўе, то давайце яго ў поўнай ступені і выкарыстоўваць. Назвы ўстаноў абавязкова павінны быць на беларускай і рускай мовах. Гэта нармальная практыка. Напэўна, трэба стымуляваць такое. Але ўжо настаў час, калі варта і проста патрабаваць выканання заканадаўства.

— Пакуль выглядае, што мясцовыя ўлады дзейнічаюць як раз насуперак патрабаванням заканадаўства. Летась на адкрыцці цэнтральнага аўтавакзала Мінска выявілася, што там няма ніводнай шыльды па-беларуску. У Маладзечне кінатэатр «Радзіма» перайменавалі ў «Родину»...

— На жаль, такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Думаю, у некаторых выпадках гэта адбываецца ад безадказнасці, у некаторых — проста элементарна ад няўважлівасці. Але тут якраз не павінна быць праблем, бо практычна кожны жыхар Беларусі зразумее ці не любое слова на беларускай мове.

Мне здаецца, мы крыху ўскладняем праблему з беларускай мовай. Для кожнага нармальнага чалавека вывучыць беларускую мову зусім нескладана. У 1992 годзе абсалютная большасць супрацоўнікаў Міністэрства культуры не карысталася беларускай мовай. Але мы стварылі курсы, запрасілі кваліфікаванага настаўніка, і міністр разам са сваімі падначаленымі два разы на тыдзень пасля працы затрымліваўся і вывучаў беларускую мову. І практычна за тры месяцы большасць супрацоўнікаў стала вольна карыстацца беларускай мовай. Ніхто сёння не перашкаджае зрабіць гэтак жа у нейкім іншым міністэрстве, у любой арганізацыі. Павінна быць агульнае жаданне, фарміравацца любоў да роднага слова. Чалавек павінен адчуваць, што паняцце Радзімы непасрэдна звязана з роднай мовай.

— Чаму, на Вашу думку, у апошні год знізілася колькасць жадаючых здаваць іспыты на беларускай мове? Чаму плануецца закрыццё навучання па некаторых спецыяльнасцях, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай мовы і літаратуры?

— Сёння беларуская моладзь дастаткова шырока выкарыстоўвае беларускую мову. Але, вы маеце рацыю, ёсць і практычныя праблемы: тэсціраванне можна здаць на беларускай мове, а заўтра навучальны працэс будзе арганізаваны толькі на рускай. Пакуль, на жаль, чалавек не заўжды адчувае запатрабаванасць мовы.

— А як Вы ставіцеся да ідэі стварэння цалкам беларускамоўнага ВНУ?

— Стварэнне такого ВНУ патрабуе часу і адпаведных сродкаў. Калі ўлічваць, што метадычная і навуковая літаратура па многіх накірунках выдадзена толькі на рускай мове, значыць, трэба будзе забяспечыць іх пераклад і выданне па-беларуску.

А тое, што такая ВНУ патрэбна, — тут, напэўна, нікога не трэба пераконваць. Мы нядаўна сустракаліся з кіраўнітцвам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, і гаварылі, што ён павінен быць вышэйшай навучальнай установай, па форме і па сутнасці — беларускамоўнай. Гэта ідэя можа быць рэалізавана ў бліжэйшай перспектыве.

— Гэтымі днямі ў розных гарадах Беларусі праходзіць агульнанацыянальная дыктоўка па беларуская мове. Чаму б Міністэрству культуры не далучыцца да такой штогадовай акцыі ў якасці суарганізатараў?

— Калі гаварыць аб супрацоўніках міністэрства, то мы практычна кожны дзень пішам такія «дыктоўкі» — не толькі фармальныя лісты, але і творчыя праекты, дзе патрабуецца добрае веданне беларускай мовы. Таму я ўпэўнены, што многія супрацоўнікі такую дыктоўку напісалі б на «добра» ці на «выдатна».

Напэўна, міністэрству можна і далучыцца да гэтай цікавай акцыі. Думаю, гэта было б карысна і цікава.

— У Беларусі існуюць два саюзы пісьменнікаў, якія шмат у чым з'яўляюцца антаганістамі. Ці бычыце Вы магчымасці для іх прымірэння і аб'яднання?

— Я думаю, такія магчымасці існуюць. Трэба рабіць крокі насустрач. Творчыя людзі павінны гэта рабіць. Тым больш, калі гэта тычыцца вельмі важных падзей, фактаў, праектаў. Напрыклад, выдатная магчымасць такога паяднання — сумеснае адзначэнне і святкаванне 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не трэба дзяліцца, хто больш левы ці правы, а разам узяцца за папулярызацыю творчасці нацыянальных песняроў.

— Ужо некалькі гадоў грамадскія арганізацыі прапаноўваць назваць адну з мінскіх вуліц імем Васіля Быкава. Ці падтрымлівае міністэрства культуры гэтую ініцыятыву? Калі ў Мінску нарэшце з'явіцца музей Быкава і помнік славутаму пісьменніку?

— Мы лічым, што імя Быкава — адзін з сімвалаў не толькі нацыянальнай літаратуры, але і Беларусі ўвогуле. Спадчына Васіля Быкава павінна быць ушанавана, запатрабавана. Спецыяльная экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, зараз размешчана ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, гэты музей зараз актыўна вывучае і збірае спадчыну Быкава.

Думаю, у перспектыве (і яна не павінна расцягвацца на дзесяцігоддзі) музей Быкава з'явіцца. Для гэтага патрэбна дакладна вывучыць яго літаратурную спадчыну, мець дастаткова музейных прадметаў, знайсці адпаведнае памяшканне...

— Пытанне наконт так званых чорных спісаў дзеячаў культуры. Хоць іх наяўнасць афіцыйна не пацвярджаецца, але факт застаецца фактам: шэраг гуртоў, музыкантаў, прычым пераважна беларускамоўных, не могуць даваць канцэрты не толькі на вялікіх пляцоўках, але і ў малых клубах у Беларусі, іх песні не пачуеш па тэлебачанні і радыё. У выніку яны змушаныя гастраляваць выключна па замежжы...

— Магу только пацвердзіць, што ў Міністэрства культуры ніякіх чорных спісаў няма. Мы лічым, што творчыя калектывы, дзейнасць і творчасць якіх не супярэчаць заканадаўству, нацыянальным традыцыям і агульнапрынятым нормам грамадскіх паводзін і гэтак далей, павінны быць запатрабаваныя. Мы не бачым ніякай праблемы ў прадастаўленні пляцовак і эфіру беларускамоўным гуртам і музыкам. Калі недзе на месцах існуюць такія забароны, то патрэбна ў кожным канкрэтнымм выпадку высвятляць, хто гэта зрабіў і з якіх прычынаў.

— Зразумела, што на выпраўленне сённяшняга стану беларускай мовы патрэбен час. Але ці ёсць яго дастаткова ў беларускага народа? Увогуле, на Вашу думку, які лёс чакае беларускую мову? Што трэба зрабіць, каб на ёй нарэшце загаварыў увесь беларускі народ?

— Безумоўна, трэба на ўсіх узроўнях фарміраваць сістэму папулярызацыі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. А гэтая сістэма пачынаецца з самага ранку, калі гучыць нацыянальны гімн на беларускай мове, далей працягваецца тэле- і радыёперадачамі, дзе гучыць паўнавартасная беларуская мова. Калі кіраўнікі на ўсіх узроўнях карыстаюцца беларускай мовай, калі яна становіцца звычайнай у паўсядзённым ужытку, гучыць у грамадскім транспарце. Калі вонкавая рэклама, назвы дзяржаўных і іншых арганізацый маюць шыльды па-беларуску. Калі вучні, пачынаючы з першага класа, чуюць родную мову, чытаюць на ёй вершы. Калі ў радыёэфіры гучаць беларускамоўныя песні. Усё гэта мае важны выхаваўчы патрыятычны фактар. Ён нагадвае чалавеку, што ён жыве ў Беларусі — самастойнай краіне з багатымі культурнымі традыцыямі і адметнасцямі, якімі можна па праву ганарыцца. І я веру, што так яно ўрэшце й будзе.