Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Королева оперетты Виктория Мазур — звезда, которая погасла
    На протяжении трех с лишним десятилетий Виктория Мазур радовала публику своими блистательными выступлениями. В первый день весны ее не стало…
  2. Составлен топ-100 величайших белорусских песен. От «Майского вальса» до «Александрины»
    Музыкальный портал Tuzin.fm составил рейтинг 100 величайших белорусских песен...


Культура

Ці будуць беларусы Велікабрытаніі галасаваць за Litesound?

 

Днямі на сайце belarusians.co.uk з’явілася заява ад імя беларусаў, якія пражываюць у Вялікабрытаніі. У ёй гаварыцца, што яны не будуць галасаваць за беларускіх удзельнікаў «Еўрабачання-2012» — гурт Litesound.

Litesound

«Да Эўрабачаньня ставяцца па-рознаму, але факт застаецца: пасьля футбольнага чэмпіянату гэта будзе найбольшай эўрапейскай падзеяй году на тэлевізійных экранах. Некаторыя краіны багата інвэстуюць у Эўрабачаньне — гэта добрая нагода для "мяккай", народнай дыпляматыі, — гаварыцца ў заяве. — Шкада, але Беларусь зноў заляпалася сёлета: у Баку едзе гурт вабных хлопцаў зь някепскай песьняй, але адзін зь іх пасьпеў-такі запэцкацца публічна, калі заявіў: «Ад беларускай мовы мяне цягне на ваніты і заўжды цягнула». А шкада, нашыя галасы хлопцам не зашкодзілі б. Толькі брыдка аддаваць іх намарна».

Праўда, як патлумачыў Naviny.by прадстаўнік «Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі», гэтая самая большая суполка беларусаў у краіне не мае дачынення да такой ініцыятывы:

«Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі не заклікала і не плянуе заклікаць ні сяброў Згуртаваньня, ні шырэйшую беларускую грамаду ў Вялікабрытаніі займаць канкрэтную пазыцыю ў справе конкурсу «Эўрабачаньня». Гэты сайт belarusians.co.uk ня ёсьць афіцыйным сайтам нейкай арганізацыі. Гэты допіс сапраўды сьведчыць аб пэўных настроях расчараваньня сярод беларусаў з прычыны ранейшае рэпутацыі гурта Litesound, аднак Згуртаваньню нічога не вядома ні пра якія ініцыятывы арганізаваньня байкоту гурту беларусамі ў Вялікай Брытаніі ці Эўразьвязе».

У той жа час намеснік Старшыні ЗБВБ Мікалай Пачкаеў заўважыў: «Паводле нашага разуменьня, беларускамоўная песьня болей прыцягнула б увагі беларусаў у Вялікай Брытаніі і іншых краінах Эўразьвяза ды болей, чым звычайна, заахвоціла б іх прыняць удзел у галасаваньні на карысьць выступоўцаў зь Беларусі».

Да таго ж, як высветлілі Naviny.by, музыкант, які так абразіў аўтараў заявы, ніколі не быў у складзе гурта.

Як патлумачыў нам дырэктар Litesound Юрый Каракін, Марыё Гулінскі, пра якога ідзе гаворка, працаваў з гуртом у якасці сесійнага музыканта. «Не скажу, што чалавек штосьці разумнае тады сказаў. У мяне гэта, як ім ва ўсіх, выклікала шок, — прызнаўся ён. — Але, па-першае, ён ніколі не быў сталым членам гурта, Марыё мы клікалі час ад часу для ўдзелу ў канцэртах. І паколькі ён не быў у складзе гурта, мы не можам яго выхоўваць і неяк уплываць на яго светапогляд. Да таго ж, ужо два гады як ён наогул не працуе з намі. Калі ён сказаў такое асабіста, то гурт прычым? Ён жа не ад імя гурта казаў…».

На думку Каракіна, Марыё Гулінскі мог так выказацца пра мову з-за таго, што яго адлічылі з універсітэту менавіта праз нездадзены іспыт па беларускай мове: «Ён цудоўны музыкант. Але так атрымалася, што, напэўна, пасля гэтага выпадку у яго з’явілася нейкае адрыньванне беларускай мовы».

Па-другое, працягвае Каракін, такія заявы аб байкоце выклікаюць здзіўленне, бо «Litesound — беларускі гурт, які спявае, у тым ліку, і на беларускай мове»:

«Гурт абсалютна нармальна ставіцца да любой мовы. І тым больш да беларускай — гэта ж нацыянальная, дзяржаўная мова, — кажа ён. — Litesound выконвае песні на беларускай мове — напрыклад, «Завушніцы», паспяховая песня, якую мы выканалі разам з «Песнярамі». Таксама мы падрыхтавалі беларускамоўную версію песні We are the Heroes, з якой выступаем на «Еўрабачанні». Думаю, гэта годны адказ нападкам такога кшталту».

Зараз Каракін шкадуе, што адразу пасля выказвання сесійнага музыканта гурт не адрэагаваў і не патлумачыў сваю пазіцыю. Аднак у той жа час разбірацца зараз з заклікамі беларусаў з Вялікабрытаніі, якія настроіліся супраць Litesound, не плануе: «На мой погляд, гэта проста нейкая палітычная акцыя, якая не мае дачынення ні да нашага гурта, ні наогул да мастацтва».

Як патлумачыў у сваю чаргу рэдактар сайту belarusians.co.uk, скандальнага паведамлення “не было б, калі б факт пра тое, што Марыё Гулінскі больш ня ў складзе Litesound, зьявіўся ў беларускіх СМІ. І шкада, што сам гурт на гэты конт ня выказаўся”.

Litesound выступіць 24 мая ў другім паўфінале з кампазіцыяй We are the Heroes пад пятым нумарам. А за дзень да таго, 23 мая, іх чакае генеральны прагон, на якім свае ацэнкі выставіць журы.

«У нас ідзе планамерная праца, да ўсяго ўжо гатовыя. Праблем няма. Псіхалагічны стан гурта таксама нармальны», — падкрэслівае дырэктар групы.

«Журналісты і ўсе ўдзельнікі прымаюць нас вельмі добра. Многія ўчора падыходзілі і казалі, што ў нас самая лепшая песня на «Еўрабачанні»! Паводле рэйтынга журналістаў, які вядзецца ў прэс-цэнтры «Еўрабачання», днямі мы былі на 6-м месцы», — сцвярджае Каракін.

Нагадаем, міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне" сёлета ўпершыню пройдзе ў Азербайджане дзякуючы перамозе прадстаўнікоў гэтай краіны Ell & Nikki на леташнім конкурсе. Падчас паўфіналаў, якія адбудуцца 22 і 24 траўня, вызначыцца дваццатка фіналістаў. Акрамя таго, на сцэну Baku Crystal Hall 26 мая выйдуць удзельнікі, якія прадстаўляюць краіны "Вялікай пяцёркі" — Германію, Іспанію, Вялікабрытанію, Францыю і Італію, і выканаўца з Азербайджана. Пераможцаў конкурсу абяруць пры дапамозе прафесійнага журы і галасавання гледачоў.

Оценить материал:
Средний балл - 3.50 (всего оценок: 6)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева