Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Эдгард Запашный: наше шоу более качественное, чем то, что в Минск привозит Cirque du Soleil
    В сентябре Цирк братьев Запашных привезет в Минск шоу «К.У.К.Л.А»...
  2. Языковой скандал: белорусские литераторы выходят из состава ПЕН-центра
    Белорусские писатели выходят из состава ПЕН-центра, несмотря на извинения руководства организации…


Культура

Як Зміцер Вайцюшкевіч на Камароўцы крышталем гандляваў


Вечарам 18 верасня вядомы музыка Зміцер Вайцюшкевіч далучыўся да акцыі “за прылаўкам кнігарні “ЛогвінаЎ”, стаўшы гандляром кніг беларускіх пісьменнікаў ды сваіх, а таксама чужых кружэлак. Акрамя таго, прысутныя пачулі прэм’ернае выканенне песень з будучага праекту Змітра. Гандаль ператварыўся ў гадзінную сустрэчу музыкі з аматарамі яго творчасці, што адбывалася ў разняволена-добразычлівай атмасферы.



Песенька няшчаснага Казла

Адкрываючы інтэрактыўна-музычны вечар, арт-дырэктар кнігарні “ЛогвінаЎ” Павел Касцюкевіч адзначыў, што “напачатку, калі кнігарня толькі пачала працаваць, многія думалі, быццам яна задумвалася выдаўцом Ігарам Логвінавым для сяброўскіх пасядзелак, лоўлі рыбы ды паходах на байдарках. Насамрэч тут ладзіцца шмат літаратурных вечарынаў, такіх, як зараз. Праўда, атмасфера тут сапраўды сяброўская, да таго ж, у сутоннях ёсць некалькі байдарак ды спінінгаў”.

Павел Касцюкевіч
Павел Касцюкевіч

“Вы ведаеце, я ж зараз вярнуўся ў сваю маладосць! Рэч у тым, што ў далёкім 1992 годзе я прадаваў крышталь на Камароўцы — матуля даставала. А пасля мяне павязалі…” — падзяліўся па сакрэце з прысутнымі Зміцер Вайцюшкевіч, распачынаючы вечар.

Музыка расказваў розныя гісторыі, раіў кнігі, жартаваў, граў на саксафоне, спяваў пад гітару. Распавядаючы пра кнігі сваіх любімых беларускіх пісьменнікаў, Вайцюшкевіч прызнаўся: “Я не чакаў, што ў маім жыцці будзе такі добры кантакт з паэзіяй… Зараз я ведаю на памяць больш за 200 вершаў аўтараў розных нацыянальнасцей”.



Гаворачы пра паэзію ў сваім жыцці, Зміцер падзяліўся з прысутнымі дэталямі сваёй плённай супрацы з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком, Уладзімірам Някляевым, Рыгорам Барадуліным: “Насамрэч, усё пачалося з “Песенькі няшчаснага Казла” Леаніда Дранько-Майсюка, якая ўвайшла ў мой першы музычна-паэтычны праект “Цацачная крама”. Ну а пасля праекты выдаваліся штогод…”


Каго трэба чытаць. Асабісты спіс Змітра Вайцюшкевіча

Зміцер вельмі хваляваўся: як бы на каго не забыцца, раючы прысутным імёны і творы. У выніку атрымаўся дастаткова даўгі пералік.

Уладзімір Някляеў. Я лічу, што ён лепей за ўсіх чытае свае вершы. Чытаць свае творы не так проста, і далёка не кожны ўмее гэта рабіць. Някляеў, на маю думку, з гэтай задачай спраўляецца проста выдатна!

Трэба абавязкова чытаць усе творы Рыгора Барадуліна. Вось бярыце і чытайце! Хацеў бы і я ў свае 70 з нечым гадоў прыдумляць такія байкі і гісторыі, як дзядзька Рыгор!..

Вельмі люблю творы Уладзіміра Арлова. Таксама шчыра вам усім раю. Яго кніга “Краіна Беларусь” мусіць быць у кожным доме, каб кожны беларускі дзіцёнак змалку чытаў сапраўдную, цікавую, багата ілюстраваную гісторыю сваёй радзімы.

Алесь Разанаў. Хачу крыху пачакаць з песнямі на ягоныя вершы. Мабыць, патрэбна вычакаць, неабходная так званая ўнутраная амартызацыя: ты не можаш быць заўжды фрэш, заўжды актыўным. Але творы Разанава ўсім нам трэба ведаць.

Канечне, Уладзімір Караткевіч, усімі намі любімы. Я вельмі шкадую, што не паспеў пачуць ніводнай байкі ад яго асабіста.

Люблю паэзію Анатоля Сыса. У нас з ім была асаблівая гісторыя. Ён часам запрашаў мяне выпіць разам. Прыходзь, кажа, у госці, у мяне бутэлька гарэлкі ёсць. Вельмі таленавіты паэт.

Часопісы “Дзеяслоў” і ARCHE. Іх трэба альбо чытаць сістэмна, альбо ўвогуле не чытаць. Яны добрыя ў тым сэнсе, што даюць вам якасны кантэкст сучаснай літаратурнай сітуацыі ў краіне.

Завітвайце ў букіністычныя кнігарні. Там часта можна знайсці вельмі файныя, рэдкія кнігі па прывабным, вельмі нізкім кошце.


Турэмная лірыка ад Бураўкіна

Разынкай вечара стала прадстаўленне Змітром песень з яшчэ ненапісанага праекта на вершы Генадзя Бураўкіна. “Гэты праект яшчэ не дапісаны. Сам Бураўкін прапанаваў праспяваць турэмную лірыку, альбо папросту шансон. Вельмі спадзяюся, што новы праект з аркестрам неўзабаве ажыццявіцца”, — падзяліўся музыка.



Зміцер распавёў, навошта, на ягоную думку, варта чытаць кнігі, у прыватнасці, паэзію: “Чытаць трэба, каб не “нукаць” і не “экаць”. Для таго, каб ведаць, аб чым вы гаворыце — асабліва гэта актуальна ў сённяшняй Беларусі. Заклікаю вас чытаць і для таго, каб разумець важкасць, грунтоўнасць кожнага прамоўленага, напісанага слова”.

У эксклюзіўным каментары для БелаПАН Зміцер Вайцюшкевіч прызнаўся, што “падобныя акцыі, якія ладзіць кнігарня “ЛогвінаЎ”, могуць палепшыць веды тых людзей, якія маюць нейкае дачыненне да беларускай культуры, ды распавесці много новага тым, хто неабазнаны ў сучаснай культурнай сітуацыі ў краіне. Я думаю, што любая актыўнасць у такім рэчышчы прыводзіць да станоўчых вынікаў. Любая ініцыятыва дае людзям надзею, што вельмі істотна сёння. Да таго ж, калі адбываюцца нейкія працэсы — абуджаецца новая кроў, узнікае дыскусія, культурны дыялог”.



Скончылася вечарына “Калыханкай” на вершы Рыгора Барадуліна. Вядомую песню праспявалі ўсе разам: радок Зміцер — радок прысутныя на вечарыне-гандлі.

Оценить материал:
Средний балл - 4.39 (всего оценок: 13)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева