КУЛЬТПОШУК. Аляксей Арцёмаў: перакладаць вучуся ў Барадуліна!

Вы ведаеце чалавека, які жыве ў Расіі, не мае беларускіх каранёў і піша вершы на беларускай мове, чытае кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў, вядзе блог па-беларуску?..

Вы ведаеце чалавека, які жыве ў Расіі, не мае беларускіх каранёў і піша вершы на беларускай мове, чытае кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў, вядзе блог па-беларуску?.. А я ведаю. Аляксей Арцёмаў, гэты сапраўдны феномен, па ўласнай ініцыятыве без ніякай практычнай патрэбы вывучыў беларускую мову. Ды так, што валодае ёй нашмат лепей, чым многія беларусы! А як ён разбіраецца ў сучаснай беларускай літаратуры! Многім студэнтам філфаку ўпору браць у яго кансультацыі.

Аляксей Арцёмаў

Аляксей Арцёмаў — пачаў пісаць вершы на рускай мове ў 2000 годзе. Публікаваўся ў гарадскіх газетах, выступаў на радыё і тэлебачанні. Лаўрэат і прызёр тульскіх моладзевых літаратурных конкурсаў. Аўтар зборніка вершаў “Двойная звезда” (Тула, выдавецтва “Тульский полиграфист”, 2007-2008). У 2008 годзе пачаў пісаць вершы на беларускай мове. У 2009 годзе атрымаў прыз ад беларускага ПЭН-цэнтру па выніках конкурса імя Шэрмана. Перамагаў у конкурсах беларускага ПЭН-цэнтру (2010, 2012). Публікаваўся ў літаратурна-мастацкіх часопісах “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Верасень”, газеце “Звязда”, у альманаху “Беларус” і іншых выданнях. Перакладае з украінскай, ангельскай, рускай, балгарскай, іспанскай. У выкананні Аляксея па-беларуску загучалі мініяцюры славутага расійска-эстонскага паэта Арвы Метса (частка з іх надрукаваная ў 41-м нумары “Дзеяслова”), некаторыя вершы Эдгара По (верш “Гімн” апублікаваны ў зборніку “Маска Чырвонае Смерці”), творы Федэрыка Гарсіі Лоркі, Рычарда Бротыгана ды іншых аўтараў.

Рускі па крывы, але беларус у душы

Аляксей нарадзіўся дваццаць адзін год таму ў Туле, дзе і жыве зараз. Вучыцца на чацвёртым курсе Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэту па спецыяльнасці “Сістэмы аўтаматызаванага праектавання”. Хлопец усур’ёз цікавіцца сучаснымі кампутарнымі тэхналогіямі, імкнецца павышаць інжынерную кваліфікацыю. Творчы час малады чалавек прысвячае вершам ды літаратурным перакладам. А ў вольны ад вучобы і творчасці час Аляксей піша артыкулы для беларускай “Вікіпедыі”.

Калі мы пазнаёміліся, а было гэта гадоў пяць таму, я паверыць не магла, што ў Лёшы няма беларускіх каранёў. “Як так? — думала я. — Гэта голас крыві загаварыў, няйначай!” Але сам Лёша гаворыць, што ў ягоным родзе не было беларусаў.

“Мае родзічы па крыві рускія. За апошнія сто гадоў — дык дакладна. Па лініі матулі — мяшчане. Прадзед Васіль Іванавіч шліфаваў дэталі на заводзе, а дзед Уладзімір Васільевіч працаваў з чатырнаццаці гадоў, потым стаў добрым слесарам. Яму, дарэчы, зорку Героя не далі толькі з той прычыны, што ён беспартыйным быў. А з боку бацькі маю сялянскія карані”, — распавёў Аляксей.

Пісаць вершы Лёша пачаў на рускай мове. Такое і сярод беларускіх аўтараў нярэдкасць. Сярод рускіх паэтаў пераход Лёшы на беларускую мову ў творчасці — выключны выпадак. Цікавасць да перакладаў узнікла ў хлопца, калі ён вучыўся ў восьмым класе ды пачаў вучыць англійскую мову.

“Нам далі заданне паспрабаваць пераскласці твор Уільяма Шэкспіра на рускую мову. Як аказалася, гэта быў конкурс. Я выйграў школьны адбор ды ўдзельнічаў з перакладам 50-га санэту на раённым конкурсе. Там стаў другім — таму, хто перамог, вынік прыцягнулі за вушы: яму трэба было на філфак паступаць... Я ж на філфак не збіраўся, да й да інстытута заставаўся не адзін год. Але ад такой несправядлівасці, крыўды я тады пачаў перакладаць больш інтэнсіўна”, — з усмешкай распавядае Аляксей.

“Мне стала цікава, чым беларуская мова ад украінскай адрозніваецца”

Настаўнікамі ў перакладніцкай практыцы хлопец называе мазгі ды моўную практыку. Ён займаецца самаадукацыяй, чытаючы кнігі і дапаможнікі па перакладзе, доўга і ўпарта працуе над тэкстамі. “Завочна вучуся ў беларускіх перакладчыкаў Васіля Сёмухі ды Рыгора Барадуліна”, — дадае Лёша.

Беларусы, пазнаёміўшыся з беларускамоўным унікумам з Тулы, задаюцца слушным пытаннем: скуль у яго гэта шчырая прага да ўсяго беларускага? Адказ многіх здзіўляе. Аднойчы хлопцу проста стала цікава, што гэта за мова ў суседзяў такая: “Калісьці я ездзіў адпачываць у Крым, дзе пабачыў тэлеперадачы на ўкраінскай мове. А пасля неяк у інтэрнэце натрапіў на электронны падручнік па беларускай мове. І мне хацелася зразумець, чым яна адрозніваецца ад украінскай. У дзесятым класе тое было”.

Украінскую мову ён так і не вывучыў: разумее яе ды вольна чытае, а вось піша па-ўкраінску так сабе. Коўдру на сябе перацягнула мова беларуская: вось яе ён вывучаў дасканальна. Спачатку чытаў рускамоўныя падручнікі для тых, хто вывучае беларускую мову, пасля вучыў асобныя словы. З часам ён стаў разумець больш за 60 працэнтаў тэкстаў на беларускай мове без слоўнікаў. Тады Лёша ўзяўся за беларускамоўную перыёдыку, слухаў радыё праз інтэрнэт і, зразумела, чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Падтрымлівае камунікацыю па-беларуску Лёша праз інтэрнэт. У Туле ёсць адна беларускамоўная сям’я, але з імі хлопец знаёмы толькі завочна. Ды і прасцей камунікаваць праз скайп, блогі ды сацыяльныя сеткі...

“Я не амбітны…”

Гаворачы пра сябе ў паэзіі, Лёша сціпла зазначае: “Не, я не амбітны… Я ж не гаварыў у 18 год, ды і зараз не сцвярджаю, што я прафесійны пісьменнік. Гэта ўсё ж маё хобі. Я паэт-аматар і перакладчык-аматар. Тлумачальны слоўнік распавядае, што паэт — гэта чалавек, які піша вершы, а перакладчык — той, хто перакладае тэксты, валодае мовамі. Я пішу вершы і перакладаю. Нічога сакральнага ў гэтых словах няма і не трэба яго там шукаць”.

Тры гады таму Аляксей Арцёмаў удзельнічаў у ПЭН-цэнтраўскім конкурсе імя Карласа Шэрмана. Раскрываючы таямніцы ўдзелу, ён расказаў, што ў газеце “Наша ніва” прачытаў інфармацыю пра гэты конкурс. Будучы чалавекам недаверлівым, напісаў ліст паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу, каб спраўдзіць, ці не качку апублікавала “НН”. Даслаў арганізатарам конкурса некалькі сваіх вершаў ды нізку перакладаў. У выніку атрымаў заахвочвальны прыз ад ПЭНу. Пасля першага значнага поспеха вершы публікаваў у часопісе “Дзеяслоў”, у калектыўных нізках твораў. У 2010 годзе стаў адным з пераможцаў ПЭН-цэнтраўскага конкурсу імя Ларысы Геніюш, а сёлета выйшаў у фінал конкурса імя Максіма Танка.

Што да сучаснай беларускай літаратуры, то больш за астатніх Лёшы падабаюцца празаічныя творы Уладзіміра Арлова. З паэзіяй складаней: “Цяжка сказаць, хто любімы паэт... Я не фанат постмадэрнізму, а сучасная паэзія, што ў Беларусі, што ў Расіі хіліцца менавіта ў гэты бок. Але магу сказаць, што з павагай стаўлюся да творчасці шматлікіх сучасных аўтараў”.

Ляці, валавока!

Я чую, як недзе далёка
Маленькая птушка пяе.
Вітаю цябе, валавока,
Вітаю напевы твае.

Агромністы свет над табою,
Нябёсаў бясконцы абшар
І поўная шчасця й спакою
Адвечнай прыроды душа.

Даўно ў гарадах мітуслівых
Я марыў пра тыя сады,
Дзе грушы ды жоўтыя слівы,
Дзе цёпла й утульна заўжды.

Шукаў іх у град і залеву,
Дарэмна хадзіў па зямлі
І толькі птушыныя спевы
Надзеі згарэць не далі.

Адолею ўсе перашкоды
Каб мрою нарэшце знайсці.
Да сонца на крылах свабоды
Ляці, валавока, ляці!

  Кавярня

Ля станцыі ў кавярні прыдарожнай
Не захмялець — адно напіцца можна,
Але нашто мне піва і віно?
Я на адной з такіх спусцелых станцый
Збаяўся — і не змог з табой застацца,
А верасень у жоўтым кімано
Махаў галлём неабляцелых клёнаў.
Я чуў — ты ўслед мне сыпала праклёны -
І прамаўчаў, і зноў паскорыў крок.
Загояцца марудна ў сэрцы раны:
Не вылечыць і столік рэстаранны...
Сяджу ў кавярні. Побач сцэна й змрок.
І робіцца чамусь ніякавата:
Пяе жаночы голас пра расплату,
А гук ляціць і растае ў журбе...
Я выйшаў на свабоду з душнай залі
І хутка апынуўся на вакзале...
Але скажы: як збегчы ад сябе?

  Вяргіня

Усё псуецца, гасне, гіне
З недасканаласцю сваёй,
А ў садзе нечая вяргіня
Блішчыць свавольнай чысцінёй.

Яна квітнее. І спрадвеку
Красуе ў свеце прыгажосць
Як быццам кажа чалавеку,
Што ён на свеце толькі госць.

Але ж успамінаць няпроста,
Што маеш ты кароткі век...
Калісьці я рыдлёўкай вострай
Вяргіню зрэзаў і пасек.

Раслін я многа бачыў рэдкіх,
Са дня таго гады прайшлі...
Ды толькі ссечаная кветка
Ад болю енчыць з-пад зямлі.