Алесь Аркуш напісаў музычны раман, альбо Нечаканая прэзентацыя

Прэзентацыя дэбютнага рамана “Палімпсэст” літаратара Алеся Аркуша з чаканай традыцыйна-пафаснай вечарыны ператварылася ў брутальна-крывавае шоў...

Прэзентацыя дэбютнага рамана “Палімпсэст” літаратара Алеся Аркуша ў сталічнай галерэі “Ў”, што адбылася ўчора, з чаканай традыцыйна-пафаснай вечарыны ператварылася ў брутальна-крывавае шоў.

Віктар Лупасін імправізаваў, а Лявон Вольскі не прыйшоў

Алесь Аркуш, вядомы паэт, эсэіст, стваральнік і старшыня Таварыства Вольных Літаратараў, заснавальнік прэстыжнай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”, адразу папярэдзіў гасцей, што будзе шмат сюрпрызаў, неспадзяванак ды цікавостак. Прысутных было нечакана шмат (калі б прэзентацыя праходзіла ў маленькім памяшканні кнігарні, то людзі сядзелі б на каленях адно ў аднога). Можа, справа ў заяўленым арганізатарамі Лявоне Вольскім, які не прыйшоў павіншаваць пісьменніка з першым раманам, а можа, гэта маладыя і дзёрзкія музыкі з гурта Monkey Bite прыцягнулі за сабой шлейф прыхільнікаў… Хочацца ж верыць, што менавіта асоба полацкага пісьменніка Алеся Аркуша прымусіла моладзь ды людзей сталага веку прыйсці вечарам у “Ў”.

Як адзначыла падчас свайго яркага выступу Вольга Акуліч, лідар гурта “Верасень”, “вельмі прыемна бачыць сярод вялікай колькасці людзей так шмат маладых твараў. Ёсць спадзеў, што абуджаецца цікавасць да сваёй літаратуры. Можа, мы нарэшце пачнем ствараць і спажываць сваё, а не задавальняцца тым шырспажывам, што нам навязваюць”.

Алесь Аркуш некалькі разоў паўтарыў, што раман атрымаўся музычным. Тое і не дзіўна, бо ў рамане літаратар апісвае часы свайго сяброўства з Дзімычам, з якім яны калекцыянавалі кружэлкі ды марылі выдаць свой дыск. Фотаздымак Алеся і Дзімыча упрыгожыў вокладку “Палімпсэсту”. “Дзімыча ўжо няма з намі, але я рады, што ягоная мара спраўдзілася. Хай і не на кружэлцы ягоны фотаздымак, а на кніжцы…”

Алесь Аркуш

Музыкі, якія пасля выступаў атрымлівалі кнігу ў падарунак, абяцалі музычнасць рамана спраўдзіць. Акрамя гурта “Верасень” музычную частку вечара склалі Віктар Лупасін і гурт Monkey Bite. Хлопцы з апошняга гурта выканалі колькі жвавых кампазіцый, узнялі настрой прысутным, а мерапрыемству стварылі пазітыўны пачатак.

Monkey Bite

Віктар Лупасін стаў адным з тых сюрпрызаў, які абяцаў Алесь Аркуш. Хлопец у сваёй арыгінальнай манеры выканаў кампазіцыю на словы Аркуша. Музыка спяваў, падглядаючы словы на пакамечанай ружовай паперцы, бо рэпеціраваць пачаў ў той жа дзень.

Віктар Лупасін

Тады яшчэ малы і нясмелы Сяргей Жадан

Акрамя музыкаў, якім упору спаборнічаць, хто з іх больш арыгінальны, у вечарыне ўзялі ўдзел землякі і паплечнікі Алеся Аркуша — прафесар, пісьменнік Пятро Васючэнка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратар Ігар Сідарук, а таксама выдавец кнігі, дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў.

Падчас прэзентацыі рамана аўтар адзначыў: “Перад прэзентацыяй да мяне падыходзілі журналісты і пыталіся, аб чым мая новая кніга. Мне складана адказаць на гэтае пытанне, бо “Палімпсэст” — і пра каханне, і пра службу ў войску, і пра стаўленне да алкаголю, і пра маладосць… Падзеі рамана адбываюцца ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў. Там шмат рэальных людзей. Я не змяняў ні іх імёны, ні мянушкі. Наагул, я стараўся напісаць вясёлую рэч. Там шмат забаўных гісторый, гумару. Думаю, чытачы не раз будуць смяяцца, перагортваючы старонкі кнігі. Сто семдзесят старонак — гэта мой любімы аб’ём. Гэтую кнігу можна прачытаць, напрыклад, у дарозе, альбо за адну ноч”.

Уладзімір Арлоў пусціўся ва ўспаміны пра часы, якія апісваюцца Аркушам у рамане, узгадаў паседжанні літаратурных аб’яднанняў “Тутэйшыя”, “Крыніца”, на якіх быў і малады Алесь Аркуш.

Уладзімір Арлоў

“Мне вельмі прыемна, што час ад часу, калі выходзяць такія кнігі, наш крынічанскі пульс зноў пачынае біцца. Алесь Аркуш — унікальны чалавек. Ён запусціў у нацыянальны беларускі космас вельмі шмат ідэяў, матэрыалізаваў іх! Узгадаем хаця б альманах “Ксеракс беларускі”, які выдаваў Алесь, альбо прэмію “Гліняны Вялес”, якая будзе ўручацца ўжо ў дваццаты раз, ці адроджаны Алесем часопіс “Калоссе”. Ён ладзіў у Наваполацку сур’ёзныя літаратурныя канферэнцыі, на якія прыязджаў тады яшчэ малы і нясмелы Сяргей Жадан, зорка сучаснай украінскай літаратуры…”, — узгадаў Уладзімір Арлоў.

Выдавец Зміцер Вішнёў адзначыў, што за кнігу яму не сорамна, “бо яна атрымалася выдатнай і па змесце, і па аздабленні. Нарэшце распачалася серыя “Таварыства Вольных Літаратараў”, якую будуць падтрымліваць і выдаваць “Галіяфы”!”

Зміцер Вішнёў

Моцна ўразіў прысутных пісьменнік Ігар Сідарук. Ён сціпла выйшаў да мікрафона, сказаў колькі віншавальных слоў і пачаў чытаць сваё маленькае апавяданне. І прачытаў пра… смачныя піражкі, на якія жанчына пускала спачатку шчанюкоў, а пасля і ручкі сваёй маленькай дачкі. Спачатку прысутныя проста анямелі, і ў зале стала вельмі ціха, пасля пачалі нясмела смяяцца, а калі Сідарук у творы зазначыў, што “ёсць жа яшчэ і ножкі”, з задніх шэрагаў пачуўся сутаргаваты гістэрычны смех.

Ігар Сідарук

Алесь Аркуш на гэтым не спыніўся і абвясціў пра яшчэ адну неспадзяванку. Таму, хто задасць яму самае цікавае пытанне, ён падорыць кружэлку гурта Santana. Пытанняў у цыдулках прыйшло няшмат. Сярод іх былі такія: “Чаму вы гаворыце, што ў кнізе 170 старонак, калі там насамрэч 160?”, “Для вас вашая жонка — муза, альбо жанчына, з якой прыемна бавіць час?” На другое пытанне пісьменнік не адказаў, прыгожа абмінуўшы інтымную тэму, а наконт колькасці старонак аджартаваўся: “Ну, бачыце, Вішнёў дзесяць старонак выкінуў!” Кружэлка дасталася зямлячцы Алеся Аркуша, якая прадставілася Марай.

Алесь Аркуш зазначыў, што гэта не апошняя прэзентацыя, што ладзіцца ў Беларусі. Чакаюцца сустрэчы з чытачамі ў Віцебску, Полацку, Жодзіна. Калі “афіцыйная” частка скончылася, па аўтографы да Алеся Аркуша выстраілася даўжэзная чарга. Пакуль ён падпісаў усе кнігі, прысутныя выпілі ўсё віно ды з’елі ўсе цукеркі.




Оставьте комментарий (0)