Культура

Алег Хаменка: фолк-мадэрн як стыль ўжо адбыўся

 

Любая песня на нацыянальнай мове ўжо можа лічыцца фальклорам. Такое меркаванне выказаў лідар фолк-мадэрн-гурту "Палац" Алег Хаменка 14 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай выхаду новага альбома гурту.

"Фолк-мадэрн як стыль, як беларускае адкрыццё ўжо адбыўся. Новы альбом — гэта працяг ідэі, якую мы ўжо цягнем 20 гадоў. Гэта стыль, які нарадзіўся ў Беларусі, прычым як музычны стыль, так і стыль, звязаны з культуралогіяй", — сказаў Хаменка.

"Мы рухаліся ў тым ключы, што ў першым альбоме "Палаца", які так і называўся — "Палац" (тады гэта была аўдыякасета), былі песні выключна народныя ў нашай апрацоўцы. У трэцім альбоме, "Чужыя дзеўкі", народных і нашых песень было пяцьдзясят на пяцьдзясят. У гэтым альбоме — "Кола грукатала" — у нас толькі адна народная песня. Усе астатнія нашы, аўтарскія. Такі рух у нас заўважаны, і гэта тое, што нас адрознівае ад іншых фолкавых гуртоў", — лічыць Хаменка.

Паводле яго меркавання, фальклор у сусветным разуменні гэтага слова ўжо змяніўся, і змяніўся істотна. "Фальклор — гэта не музей. Гэта народная творчасць не зусім прафесійных музыкантаў і, можа, нават прафесійных музыкантаў, якія ствараюць тое, што прывязана да нацыянальнай культуры ці створана на базе нацыянальнай культуры", — адзначае Хаменка.

"Цяпер кажуць, што любая песня на нацыянальнай мове так ці інакш ужо можа лічыцца фальклорам. Таму новыя народныя песні, ці песні, якія стануць народнымі, яны, безумоўна, павінны з'яўляцца. Напрыклад, "Госці" Лявона Вольскага ці "Гуляць дык гуляць" "Сяброў", якую мы ўжо лічым народнай песняй", — разважае Хаменка.

"Для нас будзе проста за гонар, калі нашы песні будуць успрымацца як народныя, — падкрэсліў музыкант. — Іншая справа, што дасягнуць таго, каб людзі сказалі: "О, гэта народнае!" — вельмі цяжка. І гэта павінен сказаць народ, а не аўтар". //БелаПАН

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева