Еўрарадыё дало рады ды падарыла музыкам… унітаз

Больш за семсот чалавек прыйшло на першы музычны фестываль Еўрарадыё “Даём рады”...

 

Першым вечарам апошняга зімовага месяца ў мінскім клубе Re:Public было горача і людна. Больш за семсот чалавек прыйшло на першы музычны фестываль Еўрарадыё “Даём рады”. Радыёстанцыя вызначыла найлепшыя гурты мінулага году на свой густ у намінацыях “Дэбют”, “Кліп”, “Сінгл”, “Фестываль”, “Сольны выканаўца”, “Альбом” ды “Гурт”.

Пераможцам была ўручаная сімвалічная шкляная “Рада”. Прысутныя патанчылі пад музыку гуртоў Дай Дарогу!, Akute, :B:N:, Re1ikt, Clover Club, Avias. Усё адбывалася разняволена, весела, са шматлікімі нечаканкамі і дадатковымі сцёбнымі намінацыямі, якія агучвалі вядучыя вечара Ілья Маліноўскі і Маша Калеснікава.

Еўрарадыё дало рады ды падарыла музыкам… унітаз

 

Трайная перамога і самы шалёны канцэрт

За дзень да ўрачыстасці рэдакцыя Еўрарадыё абрала музыкаў-пераможцаў ва ўсіх намінацыях. Музычныя лідары мінулага году вызначаліся шляхам таемнага галасавання сярод журналістаў радыёстанцыі. Акрамя сямі “стандартных” намінацый былі вызначаныя і лідары некалькіх намінацый, якія да апошняга трымаліся ў сакрэце.

Рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк тлумачыць ідэю заснавання чарговая музычнай прэміі проста: “Мы пільна сачылі за ўсімі музычнымі падзеямі, што адбыліся ў мінулым годзе, таму не можам пакінуць сваё меркаванне пры сабе”.

Clover Club

Пры сабе рэдакцыя не пакінула і шкляныя статуэткі, вырабленыя адмыслова для фестываля. Шкляную “Раду”, а таксама дыпломы пераможцаў былі ўручаныя ў дзесяці намінацыях. Спіс найцікавейшых музыкаў 2012 году, паводле Еўрарадыё, выглядае наступным чынам.

У намінацыі “Дэбют 2012” перамог малады цікавы гурт Clover Club, які акрамя статуэткі і дыплома атрымаў… унітаз, з якога тут жа на сцэне было распіта шампанскае.

Clover Club

“Надзеяй 2013” быў названы Re1ikt. Найлепшае “Музычнае відэа 2012” належыць гурту V E G E T A B L E S — кліп Baloo. “Сінглам 2012” была вызначаная кампазіцыя "Смецце" каманды Avias. Зміцер Вайцюшкевіч быў названы пераможцам у намінацыі “Сольны выканаўца 2012”. У намінацыі з цікавай назвай “Непатанаючая легенда” перамагла прэстыжная музычная прэмія “Рок-каранацыя”. Дасталося і арганізатарам фэсту “Пікнік.by” — ён быў названы найлепшым “Фестывалем 2012”.

На перамогу ў намінацыі “Альбом 2012” прэтэндавалі адразу тры рэлізы: Futuremental ад Yellow Brick Road, “Сквозь говно” ад “Дай Дарогу!” і “Не існуе” ад Akute. Усе яны былі не проста прэтэндэнтамі — па выніках галасавання гэтыя альбомы набралі аднолькавую колькасць галасоў. На тым і вырашылі — атрымалася трайная перамога.

З галоўнай намінацыяй новай прэміі “Гурт 2012” атрымалася падобная сітуацыя. Перамогу святкавалі “Дай Дарогу!” ды Akute. Гурт “Дай дарогу!” яшчэ атрымаў і персанальную ўзнагароду ад клуба Re:Public за “Самы шалёны канцэрт”.

Усё адбываецца вельмі пазітыўна! — каментуе падзею для Naviny.by Віталь Зыблюк. — Мы першапачаткова настройваліся на пазітыў, і нават калі будуць негатыўныя водгукі, мы ўспрымем іх пазітыўна. Гэта яшчэ адна прэмія, якая толькі на карысць беларускай музыцы: насамрэч, чым больш прэмій — тым лепш. Нажаль, у нас няма музычных акадэмікаў, якія б аўтарытэтна вызначалі найлепшых выканаўцаў, таму на сябе гэтую ролю бяруць музычныя парталы ды радыёстанцыі. Мы хочам рабіць такія прэміі як мага часцей у выглядзе фэстаў. Першапачаткова мы хацелі праехацца з музыкамі па ўсіх рэгіёнах краіны, але ж мы будзем глядзець, наколькі гэта будзе магчыма. Бо ўсё ж асноўная наша праца — гэта журналістыка. Калі атрымаецца, хацелася б ладзіць такія фэсты кожны сезон”.

 

Нестандарныя ракурсы ад Еўрарадыё

Адпачатку было зразумела, што прэмія “Даём рады” не можа стаць проста яшчэ адной суб’ектыўнай музычнай узнагародай. Маладая таленавітая каманда журналістаў Еўрарадыё паклапацілася і пра “нестандартныя ракурсы”. У выніку былі адзначаныя самыя дзіўныя і пазітыўныя падзеі, што адбыліся на беларускай сцэне ў мінулым годзе.

Знакаміты Аляксандр Памідораў перамог у намінацыі “Няспраўджаная надзея, ці Палёт над мяталам птушкай”. Сітуацыя была наступная: падчас канцэрта Gods Tower музыка паспрабаваў, як тое часта робіцца падчас рокавых канцэртаў, перамясціцца са сцэны на рукі прыхільнікаў. Але ахвочых падхапіць вядомага беларускага музыку не знайшлося…

Аляксандр Памідораў

Гурт Re1ikt у мінулым годзе шукаў новага вакаліста, вяртаў былога. Каманда “пошукавікаў” атрымала шкло ў намінацыі “Шукаем гітару, ці Чаму на кастынг не ходзяць дзяўчыны, мы ж так у бабылях і застанемся”.

Re1ikt

Яшчэ адна сітуацыя і чарговы нестандартны ракурс. Напярэдадні фестывалю “Пікнік.by” музыкі з Chiefs Band узялі ды пасварыліся з арганізатарамі праз месца ў лайн-апе. У выніку чаго яны прыехалі, пасікалі ў кусцікі ды і вярнуліся ў сталіцу… За што і атрымалі прэмію “Выступ года, ці… фестывалі-фестывалі! Добра вам, а мы не сцалі!”.

Канечне, Еўрарадыё не магло абысціся без намінацыі “Пытаннечка 2012”. Атрымалі порцыю апладысментаў хлопцы з гурта RetroElektro, якія доўга і смачна распавядалі журналістам і слухачам Еўрарадыё пра вялікія творчыя планы, а на наступны дзень узялі ды… спынілі існаванне.

І апошняя — самая нечаканая, на мой погляд, перамога. У намінацыі “Музычная ўзнагарода 2012” самай лепшай, паводле Еўрарадыё, стала прэмія “Даём рады”.

Журналісты маюць магчымасць трапіць туды, куды не трапляюць звычайныя людзі: гэта закуліссе да ці пасля канцэртаў, — тлумачыць жартоўныя намінацыі чытачам Naviny.by Віталь Зыблюк. — Сёння мы вырашылі паказаць адваротны бок канцэртаў і тыя цікавыя моманты, што былі схаваныя ад шырокага кола гледачоў. Чаму мы падарылі ўнітаз музыкам з Clover Club? Падчас афтапаці гурта The Toobs, якая адбывалася ў новай кватэры клавішніцы з Clover Club, разбілі ўнітаз, і яна нейкі час, бедная, жыла без яго…”

 

Памідораў: нацыянальную музычную прэмію я лічу ганьбай

Уражаннямі ад музычнага вечара і ад новай музычнай прэміі з чытачамі Naviny.by падзяліўся адзін са “сцёбных” намінантаў музыка Аляксандр Памідораў:

Гэта нармальна, што ў нас сёння з’явілася музычная прэмія адной асобна ўзятай, хай сабе і інтэрнэт-радыёстанцыі. І мне падаецца, што пачатак — удаўся, усё вельмі някепска: поўная зала людзей, прыстойны гук, нармальныя намінацыі: і з гумарам, і сур’ёзныя… Добры і падбор артыстаў, якія сёння выступаюць на адной сцэне. Усе яны насамрэч праявілі сябе досыць ярка за мінулы год на той сцэне, якую чамусьці ўпарта не хочуць заўважаць і ўлічваць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Але калі гэтыя гурты не падтрымлівае ўлада, гэта не значыць, што яны горшыя ці лепшыя. Уся музыка — гэта культура.

Мы дагэтуль жывем у сітуацыі, якая склалася ў Савецкім саюзе: нібыта і няма ніякіх рок-гуртоў. Гэтая нацыянальная музычная прэмія… Я лічу яе ганьбай. Я не думаю, што артысты, якія выходзяць атрымліваць гэтую прэмію, атрымліваюць вялікае задавальненне. Мы ж усе нармальныя людзі, мы ўсе ўсё бачым. Не трэба казаць, што гэта музыка, якую немагчыма слухаць. І Ларыса Грыбалёва — моцны прафесіянал, і Аляксей Хлястоў мае вельмі добры голас, якіх у нас няшмат, а Аляксандр Саладуха проста сваім існаваннем на эстрадзе паказвае прыклад, як трэба працаваць з людзьмі — трэба несці шчасце і ўсміхацца, нягледзячы ні на што!

Паўтаруся: тое, што тут зараз адбываецца, мне вельмі падабаецца. Калі каманда Еўрарадыё вырашыць працягнуць гэтую традыцыю, можа быць, гэта выльецца ў нешта іншае, большае. Не варта ставіцца да гэтай падзеі як да нейкай нацыянальнай прэміі. Успрымайце гэта як прэмію радыёстанцыі, якая, дарэчы, таксама можа быць вельмі нават уплывовай. Мае значэнне і тое, што вызначэнне пераможцы адбываецца не шляхам галасавання нейкай калегіі ці міфічнага журы. Гэта вельмі суб’ектыўны выбар адной рэдакцыі. Вось нашае меркаванне — кажуць яны. І хай так будзе! Хто ведае, можа быць, праз тры гады музыкі будуць біцца за магчымасць удзельнічаць у прэміі “Даём рады”.

 

Фота Яўгена Ерчака