“Вершы на асфальце”. Вечар беларускай паэзіі ў нямецкай залі

Свае вершы прачыталі беларускія паэты Міхась Скобла, Анатоль Івашчанка, Віталь Рыжкоў, Алесь Ліпай, Наста Кудасава, Павел Свярдлоў...

Другі дзень міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Страцова “Вершы на асфальце” цягнуўся больш за пяць гадзін. Акрамя непасрэдна чытанняў паэтычны марафон умясціў у сябе яшчэ выступ музыкі Яўгена Барышнікава і прэзентацыю кніжнай серыі “Кнігарня пісьменніка”.



Распачаў паэтычныя чытанні Уладзімір Някляеў. Ён выказаў падзяку гаспадарам Інстытута Гётэ ў Мінску: “Шкада, што ўжо няма з намі Міхася Стральцова, бо мог бы яшчэ жыць. Шкадую і пра тое, што мы тут, у Мінску, не можам знайсці беларускую залу, беларускіх гаспадароў вечара беларускай паэзіі. Больш ніякіх шкадаванняў няма, бо аднаго немагчыма выправіць — немагчыма вярнуць таго, хто фізічна сыйшоў, але другое мы з вамі абавязкова выправім.

Можа, нехта бачыў гэтую маю кніжачку “Лісты да Волі”. Тут — турэмныя вершы. Яна тоненькая, бо, дзякуй Богу, я нядоўга сядзеў, “Вайну і мір” не паспеў напісаць. Такія кніжкі чым таннейшыя, тым лепей. У яе я ўключыў толькі вершы, напісаныя ў “амерыканцы”, у турме Камітэта дзяржбяспекі. Пазней, ужо дома, я практычна напісаў кніжку, якую пакуль што не ведаю як назваць. Гэта не лісты ў турму, канечне, але блізка да таго…”.

Уладзімір Някляеў

Таксама свае вершы прачыталі беларускія паэты Міхась Скобла, Анатоль Івашчанка, Віталь Рыжкоў, Алесь Ліпай, Наста Кудасава, Павел Свярдлоў, Дзмітрый Строцаў, а таксама замежныя госці: паэтка з Эстоніі Андра Тээдэ, эстонскі паэт і перакладчык Ігар Коцюх, руска-нямецкі паэт Сяргей Бірукоў ды шведская паэтка Інга-Ліна Ліндквіст.

Алесь Ліпай

Паэтычныя чытанні працягнуліся на добрую гадзіну, а то і паўтары даўжэй за запланаваны час. Але ж тых, хто застаўся на прэзентацыю кніжнай серыі “Кнігарня пісьменніка”, было не так і мала — чалавек трыццаць.

“Добрай ночы, — павітаўся з аматарамі беларускай паэзіі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. — Дзякуй усім, хто дачакаўся нашай прэзентацыі. Самае салодкае, цікавае будзе акурат напрыканцы. Паэтычная серыя, што выходзіць у нашым саюзе, называецца “Кнігарня пісьменніка”. Выйшла ўжо 35 кніжак, большасць з якіх — паэтычныя. З запрошаных на сённяшнюю прэзентацыю пяці аўтараў прыйшло чатыры. Ім — слова”.

Барыс Пятровіч паабяцаў, што “у нас будзе кароткая прэзентацыя”. Яна сапраўды атрымалася караценькай — нягледзячы на тое, што большасць прысутных слухалі вершы не другую і нават не трэцюю гадзіну запар, апошняга выступоўцу паэта Леаніда Дранько-Майсюка не хацелі адпускаць. Але — аб усім па парадку.

Першым з чатырох прысутных аўтараў прадстаўляў сваю кнігу паэт з Гародні Анатоль Брусевіч“вундэркінд, які выдаў сваю першую кнігу, будучы вучнем 9 класа”. Яго новая кніга “Апошні дзень” выйшла зусім нядаўна. Перад тым, як Анатоль пачытаў колькі сваіх вершаў, Барыс Пятровіч уручыў паэту білет сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. “Вельмі прыемна, што менавіта на міжнародным паэтычным фестывалі атрымліваю гэты білет. Прыехаў сюды проста літаратарам, а з’еду дадому ўжо пісьменнікам”, — адзначыў новаспечаны сябра СБП.

Наступнай сваю кнігу прадстаўляла паэтка Аксана Данільчык, якая “вельмі спяшалася, бо заўтра ёй ад’язджаць у далёкую краіну”. Кніга паэткі мае назву “Сон, які немагчыма забараніць”. “Гэта актуальная еўрапейская паэзія з глыбока асабістымі, але зразумелымі і блізкімі кожнаму, хто спрабуе адказаць на вечныя пытанні, вобразамі, думкамі і ідэямі, якія складаюцца ў ланцужок рэфлексій, знакавы для арыгінальнай эстэтыкі паэткі. Змешчаныя ў кнізе пераклады з італьянскай мовы сведчаць пра шматграннасць творчага жыцця аўтара”, — адзначаецца ў анатацыі да кнігі.

“Кніга Сержука Сыса выйшла сёлета, але некалькі асобнікаў мы яшчэ маем”, — абвесціў наступнага аўтара Барыс Пятровіч. Сяржук Сыс адзначыў, што “кніга называецца “Стрэмка”. Назва такая крыху змрочная, сумнеўная. Але ж гэта тая стрэмка, што мяне раніца. Няхай вас яна не раніць”. Прадстаўленая кніга — дэбютная кніга паэта, добра вядомага аматарам беларускай паэзіі. “Запамінальныя вобразы, элементы самабытнай міфалогіі, філасофскія і настальгічныя матывы, іронія і гумар, уласцівыя творам паэта, далучаюць чытача да непаўторнага свету лірычных перажыванняў аўтара”, — адзначаецца ў анатацыі да паэтычнага зборніка.

Леаніда Дранько-Майсюка, які завяршаў прэзентацыі кніжнай серыі чытаннем са зборніка “Кніга для спадарыні Эл”, прадстаўляць было не трэба. Ён прачытаў паэму “Водар вільготнага траўня”, у якой распавёў пра сваё паэтычнае падарожжа са шведскай пісьменніцай Інгай-Лінай Ліндквіст, якая прысутнічала ў залі. Замест таго, каб прачытаць яшчэ адзін верш, аб чым паэта прасіў і мадэратар кароткай прэзентацыі, і ўдзячныя слухачы, ён, як звычайна, паступіў па-свойму і распавёў займальную гісторыю. Пра саламяны капялюш і радасных партугальскіх дзяцей.

“Мы пазнаёміліся са спадарыняй Інгай у далёкім 2000 годзе ў Лісабоне. А пасля нас з групай літаратараў павезлі ў бок Атлантычнага акіяну. І калі мы апынуліся на беразе, арганізатары сказалі нам, што мы можам пабыць там роўна пятнаццаць хвілін. Уявіце сабе: Антлантычны акіян, Божа мой… І так мне захацелася нырнуць, хоць на адну хвіліну ўпасці ў гэта акіян… Адпраўляючы мяне ў гэтае падарожжа, жонка мне набыла саламяны капялюш. Акрамя мяне купацца захацеў толькі Андрэй Федарэнка і яшчэ адна балгарская паэтэса. І — больш ніхто! А вакол нас — шмат партугальскіх дзетак, якія прыбеглі на бераг з усіх куткоў Партугаліі.

Я папрасіў аднаго паэта павартаваць на беразе мой капялюш. Ён кажа: Лёня, без праблем. Я адкапаў ямку, паклаў у яе грошы, пашпарт, а зверху кінуў адзенне ды капялюш. Мы пакупаліся, выйшлі, апрануліся, арганізатары нас сталі выганяць з берага і мы селі ў аўтобус. Еду і думаю: што такое, радасць партугальскіх дзетак была нейкая неверагодная, проста касмічная, яны знікалі ў глыбіні Партугаліі, радуючыся і нешта падкідваючы… І калі мы прыехалі ў гатэль, я па адной кішэні — грошы тут, па другой кішэні — пашпарт тут. Я аб сваю галаву — бах! — няма капелюша! Так што памятайце, едучы ў Партугалію, саламяны капялюш купляецца на адно купанне, бо там шмат радасных партугальскіх дзяцей”.

Такой праўдзівай вясёлай гісторыяй скончыўся другая частка паэтычнага марафону. Выданні серыі “Кнігарня пісьменніка” можна набыць у сталічных кнігарнях, а таксама ва ўсіх абласных гарадах краіны.


  • "Такой праўдзівай вясёлай гісторыяй скончыўся другая частка паэтычнага марафону." Пусть поэтам всегда будет весело - они же поэты :)