Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Виктор Казько получил премию Гедройца
    Помимо этого Казько награжден специальным призом по результатам читательского голосования...
  2. Золото Каннского кинофестиваля получил фильм о нелегальных эмигрантах
    И, в целом, главным триумфатором этого фестиваля стал французский кинематограф…


Культура

Людміла Рублеўская і Віктар Шніп. Блогі на паперы


У Дзень роднай мовы, 21 лютага, у мінскім “Кніжным салоне” адбылася сумесная прэзентацыя новых кніг сямейнай пары Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай. Віктар распавёў пра сваю новую празаічную кнігу “Пугачоўскі цырульнік”, а Людміла прадставіла зборнік выбранай прозы “Ночы на Плябанскіх млынах”. Абедзьве кнігі пабачылі свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Вечарына, якая цягнулася тры гадзіны, адбылася ў камернай атмасферы за кубкам гарбаты. Так раней праходзілі літаратурныя чытанні з размовамі “за жыццё” ў знакамітых літаратурных салонах.




Акт вялікай асабістай смеласці

Людміла Рублеўская адразу вырашыла патлумачыць прысутным, дзе яны знаходзяцца. “Гэта не прэзентацыя ў чыстым выглядзе, — адзначыла пісьменніца. — Прэзентацыя — гэта калі прыходзіць аўтар са сваёй новай кнігай і ўсе па чарзе выходзяць і гавораць, які ён добры, якая добрая ў яго кніга… Аўтар зачытвае кавалак, раздае аўтографы і ўсе задаволеныя. Мы ж з вамі знаходзімся ў незвычайным месцы. Гэта не проста кнігарня, гэта сапраўдны літаратурны салон. У нас ужо ёсць досвед такіх камерных гутарак, да якіх могуць далучыцца ўсе жадаючыя. Такіх размоў у нязмушанай сяброўскай атмасферы нам вельмі і вельмі не хапае”.



“Нагодай для такой сустрэчы з’явіўся выхад нашых з Віктарам новых кніг, — працягвае Рублеўская. — Кнігі гэтыя незвычайныя. Гаворка пойдзе пра кнігу Віктара Шніпа “Пугачоўскі цырульнік”, якая ўзнікла на падставе ягоных запісаў у блогу. Тыя, хто чытаў ЖЖ Віктара, думаю, падсеў на тое, што ён піша, бо гэта вельмі шчыра і незвычайна. Для мяне, напрыклад, выхад гэтай кнігі стаў актам вялікай асабістай смеласці Віктара. Канечне, гэта не першая спроба такога кшталту — мы ўсе ведаем пра сеціратуру, якая стала часткай літаратуры нон-фікшн, што азначае непрыдуманую літаратуру.



Літаратуразнаўцы блытаюцца, адносячы да гэта кірунку і мемуары, і ўспаміны, і дзённікі… Ёсць тэксты, якія ствараюцца адразу з разлікам на тое, што іх будуць чытаць, а ёсць інтымныя тэксты, якія робяцца выключна для сябе. Сеціратура, то бок запісы ў блогу — гэта гібрыд, публічны дзённік. Раней практыкавалася жыццё “для салонаў”, калі пісаліся тэксты і лісты для іншых, каб было пра што расказаць і што ўзгадаць. Новая кніга Віктара Шніпа вельмі адрозніваецца ад іншых кніг такога кшталту. У Адама Глобуса, Яўгенія Грышкаўца, якія таксама выдавалі свае блогі, зусім іншыя кнігі… З такіх дробных запісаў вымалёўваецца дастаткова цэласная карціна асобы Віктара”.


Цыкл чыстай праўды

Віктар Шніп першую палову сустрэчы амаль нічога не гаварыў, даючы слова Людміле. Таму і пра сваю кнігу давялося распавядаць самой аўтарцы: “Гэта пакуль толькі сігнальны асобнік маёй новай кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах”. Сюды ўвайшлі творы, што не выдаваліся ў іншых кнігах, але маюць часопісныя варянты. Таксама тут апублікаваны раздзел “Старасвецкія міфы горада Б*”, які выдаваўся асобнай кнігай, але вельмі даўно не перавыдаваўся. А на гэтую кнігу быў і ёсць вялікі попыт.



Я таксама здзейсніла акт асабістай смеласці і ўключыла ў зборнік цыкл “Гісторыя пані. Нявыдуманыя аповеды”. Гэта рэальныя гісторыі, якія я, таксама як і Віктар, змяшчала ў сваім блогу. Тыя, хто чытаў мае кнігі, ведаюць, што я адрозніваюся буйнай фантазіяй, у маіх творах намяшана і рамантыка, і фантасмагорыі, і містыфікацыі… Але ў гэтым цыкле нявыдуманых гісторый — чыстая праўда. У гэтым раздзеле чытачы знойдуць факталагічную падставу для маіх мастацкіх твораў, стане зразумелым, адкуль што пайшло”.

Віктар Шніп перад тым, як пачаць чытаць займальныя праўдзівыя гісторыі, якія склалі кнігу, распавёў, што пачаў занатоўваць розныя жыццёвыя здарэнні ў 18 год: “Нядаўна завёў блог, пасля на блог у ЖЖ падбіў і Людмілу, дзе мы і публікуем свае назіранні. Пэўны час мае дзённікавыя запісы друкаваліся ў часопісе “Маладосць”. А ў 2002 годзе, калі ўтварыўся холдынг, Раіса Баравікова папрасіла мяне, каб я нешта напісаў пра таварыства “Тутэйшыя”. Я напісаў, гэты тэкст апублікавалі, а ў наступным нумары маіх успамінаў ужо не было… Відаць, пабаяліся друкаваць, хоць я і сам кропачкі ставіў замест пэўных імёнаў, каб нікога не пакрыўдзіць”.



“Кожны дзень, пачынаючы з 1979 года, Віктар Анатольевіч робіць запісы ў сваім дзённіку”, — падцьвердзіла Людміла Рублеўская.


Барадулін, Сыс, Дранько-Майсюк і іншыя

Пасля расповедаў пра кнігі пісьменнікі перайшлі да чытання ўрыўкаў з іх. Спачатку Віктар Шніп адмаўляўся чытаць, спісваючы нежаданне агучваць уласныя тэксты на свой кепскі настрой: “Прачытаў сёння, што ў нас амаль не засталося беларускамоўных школ, дык настрой сапсаваўся…”. Аднак усё ж прачытаў колькі займальных гісторый, выклікаючы вясёлы смех у прысутных.

Так, чытачы кнігі “Пугачоўскі цырульнік” даведаюцца пра праўдзівыя гісторыі, што адбываліся (альбо не адбываліся) ў Віктара Шніпа з рускім акцёрам Мікалаем Карачанцавым (“…не хапала яшчэ, каб Карачанцаў у мяне дзяўчыну адбіў”), пісьменнікамі Андрэем Федарэнкам (“ён з’ехаў у Амерыку і цяпер там выдае часопіс “Маладосць”), Анатолем Сысам (“…толькі жанчына хацела выключыць святло, як Сыс прамовіў: “Не пакідайце ж мяне, каб не ўмёрлі…”), Леанідам Дранько-Майсюком (“ён мяне вучыў, як з дзяўчатамі сябе ў Маскве паводзіць, бо ён адвучыўся ўжо, а я толькі паступіў”), Рыгорам Барадуліным (“Рыгор Іванавіч прапаноўваў выпіць, але я адмаўляўся, і мы сядзелі на кухні і гаварылі. Часта Барадулін хацеў паглядзець, як я абіраю бульбу, і нават хацеў паспаборнічаць, у каго лупіна будзе танейшай і даўжэйшай…”) і шмат з кім яшчэ.

“Таксама я ўключыў у кнігу свае сненні, — расказвае Віктар Шніп. — Часам бывае складана зразумець, што з занатаванага мной адбывалася наяве, а што мне прыснілася. Часам так праўдзіва і дакладна апішаш сон, што пасля і паверыш у тое, што гэта адбывалася насамрэч”.

“Я спрачалася, дарэчы, з ім доўга, ці варта ўключаць у кнігу гэтыя сненні, — распавядае Людміла. — Я прапаноўвала вынесці іх у нейкі асобны раздзел, бо часам яму такія сны бачацца, такія рэальныя запісы з’яўляюцца, што я не магу адрозніць, што Віктару прыснілася, а што на самой справе адбылося. Чытачы ж могуць падумаць усялякае…”.



Пасля чытання і размоў пра новыя кнігі пісьменнікаў адбылася аўтограф-сесія, пасля чаго прысутныя выпілі гарбаты з печывам і працягнулі размову ў свабодным рэжыме пра розныя цікавыя жыццёвыя выпадкі, экстрасэнсорныя здольнасці, астэроіды, новыя тэхналогіі, паглыбленасць сучаснай моладзі ў блогі і сацыяльныя сеткі ды шмат пра што яшчэ.


Оценить материал:
Средний балл - 4.50 (всего оценок: 10)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева