Ultra-Music Awards 2012: адкрыццяў не адбылося

На адной сцэне выступілі “Аддис Абеба”, Irdorath, Паліна Рэспубліка, Akute, Plum Bum і (((O)))...

22 лютага ў клубе “Цэнтр” адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў музычнай прэміі Ultra-Music Awards 2012. На адной сцэне выступілі “Аддис Абеба”, Irdorath, Паліна Рэспубліка, Akute, Plum Bum і (((O))).

Напярэдадні канцэрту арганізатары напісалі ў Фэйсбуку: “Яшчэ адна нагода прыйсці на Ultra-Music Awards! Дзіма Іваноў з “Аддис Абебы” паведамляе, што, магчыма, заўтра разам з гуртом выступіць Дэцл!”. Але не склалася. Затое пад беларускіх музыкаў прысутная моладзь адарвалася напоўніцу.

Бенька здзівілася

Калі тры гады запар пераможцаў прэміі вызначалі наведнікі сайта Ultra-Music.com шляхам галасавання, то сёлета рэдактары парталу вырашылі даць слова людзям кампетэнтным — журы склалі музычныя журналісты, прадусары, прамоўтары, кліпмэйкары. Усяго 51 чалавек. Шорт-ліст прэміі Ultra-Music Awards быў прадстаўлены ў шасці намінацыях. Гэта “Гурт года”, “Альбом года”, “Песня года”, “Кліп года”, “Падзея года” і “Адкрыццё года”.

На званне “Гурт года” прэтэндавалі Akute, “Дай Дарогу!”, “Серебряная Свадьба”. За “Альбом года” змагаліся Akute з кружэлкай Nie isnuje, “Палац” з “Кола грукатала”, “Серебряная Свадьба” з рэлізам Laterna Magica. “Песня года” выбіралася сярод Akute “Kroŭ by vada”, IOWA “Мама”, “Серебряная Свадьба” “Я жизнь люблю”. На прэмію “Кліп года” прэтэндавалі “Без билета” з кліпам “Быть как все”, ili-ili з відэа на песню “V.V. (восень як вясна)” ды “Ляпис Трубецкой” са сваім “Броненосцем (Ты ни при чём?)”. “Адкрыццём года” маглі назваць 2MORROW2LATE, Irdorath ці Паліну Рэспубліку. На званне “Падзея года” прэтэндавалі канцэрт Marilyn Manson, серыя канцэртаў “Тузін Немаўля”, а таксама фестываль “ПІКНІК.BY”.

Паважанае журы вызначыла пераможцаў наступным чынам: узнагароды за “Альбом года”, а таксама за “Песню года” атрымаў вядомы гурт “Серебряная Свадьба”, які быў на гастролях і таму на цырымоніі не прысутнічаў, аднак Бенька па тэлефоне перадала ўсім прысутным гарачыя прывітанні і здзівілася адразу дзвюм узнагародам.

Узнагароду атрымлівае дырэктар “Серебряной свадьбы” Аляксандр Багданаў.
Узнагароду атрымлівае дырэктар “Серебряной свадьбы” Аляксандр Багданаў.

“Гуртом года” чакана для ўсіх стала каманда Akute.

Akute

Akute

“Кліп года” зняў “Ляпис Трубецкой”: ягоны “Броненосец (Ты ни при чём?)” лёгка абыйшоў канкурэнтаў. “Падзеяй года” была прызнаная серыя канцэртаў “Тузін Немаўля”, што нястомна ладзіць рэдактар музычнага парталу “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін. У намінацыі “Адкрыццё года” перамагла Паліна Рэспубліка, што таксама нікога не здзівіла.

Паліна Рэспубліка

45 тысяч за піва

Сярод сябраў журы было шмат журналістаў “Еўрарадыё”, якое зарганізавала ўласную музычную прэмію “Даём рады” і 1 лютага ўпершыню ўзнагародзіла пераможцаў. 

“Я за тое, каб было як мага болей музычных прэмій, — адзначыў у каментары для Naviny.by галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк. — Але мяне вельмі засмучае, што ў Беларусі амаль няма музычных крытыкаў. Я ў свой час сам быў музыкам і спазнаў на сабе, што такое беларуская крытыка. У нас ёсць толькі адзін крытык, перад якім я магу стаць на калені — гэта Таццяна Заміроўская. Астатнія займаюцца музычнай журналістыкай. Не хапае людзей, якія б ацэньвалі музычны працэс, а гэта самае істотнае…

Ёсць у нас, скажам, добрая каманда, якая гучыць як гурт 60-х гадоў. Навошта мне ў 2013 годзе слухаць гурт, які гучыць, як у 60-х?.. На жаль, не бачу прагрэсіі. Мы давалі прэміі тым гуртам, якія далей могуць сябе праяўляць, развіваючы беларускую музыку. І на галоўным перможцы — гурце Akute — мы з Ultra-Music сышліся, бо гэта калектыў, які можа сябе праявіць у будучыні. Я шчыра ўпэўнены, што яны зробяць вельмі добры альбом. Але ёсць гурты на гэтай сцэне, у якія я не веру”.

“Аддис Абеба”



Падзяліўся сваімі ўражаннямі ад цырымоніі і сябра журы прэміі журналіст Дзмітрый Падбярэзскі.

“Я не бяруся ацэньваць тое, што атрымалася ў сукупнасці — як ёсць, так ёсць, — адзначыў Дзмітрый. — Сама цырымонія, безумоўна, патрэбная. Прэмія — гэта больш-менш аб’ектыўны вынік з таго, што гучала весь мінулы год на нашай сцэне. Зноў такі, не хачу ацэньваць сваіх калег, якія былі сябрамі журы, а таксама густы публікі, аднак не ўсе калектывы, якія сёння на сцэне, знаходзяцца ў маіх уласных фаварытах. Аднак калі людзі працуюць жыўцом, публіка іх успрымае, то гэта добра.

У беларускай музыцы ёсць узоры, да якіх трэба імкнуцца. Напрыклад, адноўленая праграма “Веселые нищие” на вершы Роберта Бернса, якую выконвалі “Песняры”. Я літаральна сёння паслухазў запіс — мала з кім з сучасных беларускіх гуртоў можна параўнаць! Старыя коні, канечне, баразны не псуюць… Сёння ў многіх маладых музыкаў няма базы, што вельмі кепска. На мой погляд, для еўрапейскай публікі будзе ўяўляць цікавацсь гурт Irdorath, а таксама Akute. З імі я як прадстаўнік Dzida Music, хацеў бы працаваць”.

Амаль адзінае, што ўразіла спадара Падбярэзскага — кошты на піва ў клубе. “Хацеў набыць бутэльку піва — 45 тысяч! Такіх коштаў у Еўропе і блізка няма, хіба ў Швецыі ці Нарвегіі”, — паскардзіўся Падбярэзскі.

Irdorath

Аглядальнік часопіса “Новая Еўропа” Ігар Жалткоў, які прыйшоў паслухаць маладыя беларускія гурты, сказаў, што нікога для сябе не адкрыў: “Для мяне тут не адбылося нейкай сенсацыі. Я не адкрыў сёння для сябе ніводнага гурта, як гэта было, напрыклад, на “Рок-каранацыях”. Кася Камоцкая была адкрыццём! Ці “Пани Хида” — усе былі ўражаныя, ці N.R.M. — нешта новае, цікавае! Я вяртаўся дадому і шукаў альбомы гэтых каманд, слухаў, а зараз у мяне няма такога жадання... Вось выступае гурт Plum Bum. Я ў ім бачу сумесь Gogol Bordello, які зараз вельмі папулярны, і “Ленінграда”, які быў з’явай, але даўно адыйшоў. Аднак Gogol Bordello працаваў з фальклорнымі матывамі, яны апрацоўвалі цыганскую, габрэйскую, славянскую мелодыку, гуляў з рознымі матывамі. А наш Plum Bum капіруе гэтыя гурты, але ані тэкст, ані музыка мне арыгінальнымі не падаліся… На жаль, адкрыцця не адбылося”.

Plum Bum
Plum Bum