Аўтарам лепшых публікацый года ў часопісе «Дзеяслоў» уручана прэмія «Залаты апостраф»

 

22 лютага ў сталічнай кнігарні "Логвінаў" адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі "Залаты апостраф" за лепшыя публікацыі ў часопісе Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) "Дзеяслоў" у 2012 годзе, паведамляе БелаПАН.

Cёлета гэтая прэмія ўручаецца ўжо дзясяты раз. У якасці спецыяльнага госця падтрымаць святочны настрой бый запрошаны вядомы паэт, бард Алесь Камоцкі.

Такім чынам, лаўрэатам прэміі ў намінацыі "Паэзія" стаў прадстаўнік старэйшага пакалення, пісьменнік і перакладчык Алесь Разанаў за публікацыю "Столькі і гэтулькі". Адрывістыя і кароткія, але складаныя паводле сваёй структуры "паэтычныя пункціры" Разанава прызнаныя наймацнейшымі за вершаваныя творы іншых намінантаў, сярод якіх былі Анатоль Брусевіч, Антон Рудак, Іна Снарская і Віка Трэнас.

Аўтарам лепшага празаічнага твора стаў паэт і празаік Алесь Паплаўскі са сваёй аповесцю "Lapido", напісанай у 2011 годзе паміж Прагай і Брэстам. На лаўры ў гэтай намінацыі таксама прэтэндавалі Сяргей Вераціла, Валер Гапееў, Павел Ляхновіч і Алесь Усеня.

Намінацыя "Дэбют" знайшла свайго фаварыта ў асобе маладой журналісткі і празаіка Марыны Яўсейчык за публікацыі з цыкла "Казкі лесу", якая стала лепшай сярод такіх імёнаў, як Зміцер Баяровіч, Юля Бо, Вераніка Кашкан і Яўгенія Руль.

Спецыяльны прыз "За ўклад у сучасную беларускую літаратуру" прысуджаны пісьменніку, публіцысту і перакладчыку Анатолю Кудраўцову "за непасрэднае дачыненне і дапамогу пры стварэнні часопіса, вялікае пісьменніцкае майстэрства і высокую якасць твораў".

Сёлетняя, юбілейная, прэмія шмат у чым стала адметнай, адзначыла ў каментарыі БелаПАН прэс-сакратар СБП Віка Трэнас.

"Хацелася б адзначыць, што ўпершыню лаўрэатам прэміі стаў літаратар не з Мінска. Я маю на ўвазе Алеся Паплаўскага, які жыве ў Брэсце, — сказала яна. — Апроч таго, ў межах нашай сёлетняй прэміі адбылася адмысловая дабрачынная акцыя — атрыманую ўзнагароду Алесь Разанаў вылучыў на дапамогу сваім калегам-пісьменнікам".