Аляксандр Тамковіч напісаў кнігу пра жыццё пасля кратаў

Гэта аповед пра тое, што адбылося ў жыцці ўдзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаваныя \"за ўдзел у масавых беспарадках\"…

 

Вечарам 26 лютага на сядзібе БНФ адбылася прэзентацыя сямнаццатай па ліку кнігі журналіста Аляксандра Тамковіча, якая мае назву “Жыццё пасля кратаў”. Іншыя сталічныя пляцоўкі адмовіліся даць памяшканне аўтару кнігі, беларускім праваабаронцам, а таксама тым, хто зведаў турэмнае зняволенне. “Не пусцілі нас у іншае памяшканне”, — з сумам кажа Аляксандр Тамковіч.


Аляксандр Тамковіч

Журналіст сабраў пад адной вокладкай 27 гісторый пра беларусаў, якія за свае погляды і перакананні апынуліся за кратамі. Сярод герояў артыкулаў Тамковіча – Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп, Уладзімір Някляеў і Андрэй Дзмітрыеў, Наталля Радзіна і Аляксандр Фядута, Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка, Васіль Парфянкоў і Алесь Кіркевіч… Кніга пабачыла свет дзякуючы падтрымцы праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Ніхто не бачыць будучыню за кратамі

“Гэтае выданне стала працягам кнігі “Супраць плыні”, што выйшла год таму. “Жыццё пасля кратаў” – гэта аповед пра тое, што адбылося ў жыцці удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года, якія былі арыштаваныя "за ўдзел у масавых беспарадках". Чым яны жывуць? Што ў іх новага? Як працягваецца змаганне? Аб гэтым вы прачытаеце ў маёй новай кнізе”, – кажа аўтар.

Сціплы Аляксандр Тамковіч на прэзентацыі сваёй кнігі гаварыў мала — даваў магчымасць выгаварыцца непасрэдным удзельнікам падзей 19 снежня 2010 года, жыцці якіх сталі прадметам яго дэталёвага даследавання.

“Такія кнігі сведчаць пра грамадскіх актывістаў і пра беларусаў больш, чым іх самыя палымяныя прамовы, — кажа рэдактар кнігі праваабаронца Таццяна Равяка. – Аляксандр Тамковіч паказаў нам гэтых людзей у іх звычайных жыццёвых абставінах, а не на барыкадах. Сёння прыйшло шмат людзей – гэта знак таго, што тэма 2010 года не закрытая, бо застаюцца палітычныя зняволеныя. З некаторымі з герояў аўтар не змог пагутарыць па вядомых нам прычынах… Чытаючы пра Дашкевіча, Лобава, Статкевіча, мы чуем галасы іх родных. Павел Севярынец сам напісаў артыкул. Хоць кніга і называецца “Жыццё пасля кратаў”, не ўсе яшчэ на волі, а для некаторых гэта жыццё паміж кратамі.

Для мяне асабіста было важна бачыць гісторыю тых падзей праз лёс, характар іх непасрэдных удзельнікаў. Лёс усіх гэтых людзей склаўся вельмі па-рознаму: частка засталася на радзіме, частка — у эміграцыі, некаторыя сышлі з актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці, але ўсе яны пасля таго, як выйшлі на волю, шчыра хочуць, каб за кратамі не засталося ніводнага палітвязня. Яшчэ вельмі важна, што ў гэтай кнізе паказана індывідуальнае бачанне будучыні кожнага з герояў артыкулаў. Ніхто не бачыць, што ў будучыні людзі за свае перакананні апынуцца за кратамі. Спадзяюся, што так і будзе”.

Уладзімір Някляеў звярнуўся да прысутных з жартам: “Год таму ў мяне браў інтэрв’ю адзін французскі журналіст, які задаў мне пытанне, на якое я не знайшоў, што адказаць. Ён спытаўся, што ў вашым апазіцыйным жыцці можна назваць сістэмнай з’явай. Цяпер я ведаю, што такой з’явай можна назваць выхад чарговай кнігі Аляксандра Тамковіча. У гэтай кнізе ажыццявіўся прынцып сямейнага альбома – гэта практычна бяспройгрышны варыянт, дзякуючы якому вельмі добра раскрываюцца людзі. Тамковічу чарговы раз удалося цікава расказаць пра выбраных ім людзей”.


Уладзімір Някляеў

“Амерыканка” дапамагла зразумець, хто мы ёсць насамрэч

Ірына Халіп захварэла, таму не змагла прысутнічаць на прэзентацыі, але прыйшоў бацька вядомай журналісткі Уладзімір Халіп. “Кніга атрымалася вельмі густоўнай, — адзначыў ён. – Да таго ж яна вельмі своечасова выйшла. Думаю, яе будуць чытаць ўважліва. Нашы журналісты вяла, безыніцыятыўна падышлі да падзей снежня 2010 года, яны не асэнсавалі іх. Але тэма гэтая не скончаная пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Гэта не злачынцы, а прыстойныя людзі, якія выйшлі на плошчу адстойваць свае правы на так званыя свабодныя выбары. Іншым журналістам варта было б далучыцца да справы Аляксандра, бо ён адзін чыста фізічна не зможа ахапіць усіх удзельнікаў тых падзей”.

Марына Лобава, маці зняволенага Эдуарда Лобава, падзякавала Аляксандру Тамковічу за тое, што ён “не дае забыцца на падзеі плошчы. Ні я, ні мой сын яшчэ не ведаем, што такое жыццё пасля вызвалення. Я рада, што выйшла такая кніга, якая дапаможа і мне, і сыну адаптавацца да жыцця пасля турмы, калі ён выйдзе на волю”.


Марына Лобава

Малады палітык Алег Корбан скарыстаўся нагодай, каб яшчэ раз заклікаць усіх апазіцыйных палітыкаў аб’яднацца і шукаць кампрамісы дзеля агульнай мэты: “Мне спадабаўся такі цікавы падыход аўтара – паказаць чалавека праз яго дзяцінства, мары, сям’ю, шматлікія фотаздымкі. Я лічу, што гэта кніга – энцыклапедыя беларускага палітвязня. У ёй сабраныя асабістыя гісторыі вялікай колькасці вядучых беларускіх актывістаў, лідараў. Хацелася б, каб гэтыя людзі змаглі аб’яднацца, бо калі не сёння, то ўжо ніколі. Нам не хапае еднасці, кампраміснасці – трэба ісці да гэтага. Трэба працаваць з людзьмі ўжо сёння, а не чакаць наступных выбараў. Зрабіць усё для таго, каб нашае аб’яднанне прыносіла плён будучыні, нашай краіне”.

“Я яшчэ не прачытаў кнігу, яшчэ нават у руках яе не трымаў, — прызнаўся Анатоль Лябедзька. – Але я маю ў сваёй хатняй бібліятэцы ўсе шаснаццаць папярэдніх кніг Аляксандра Тамковіча, таму ведаю, што ён халтуры не робіць, піша сэрцам і душой, за што яму вялікі дзякуй. Маё жыццё падзялілася на дзве часткі: да “амерыканкі” і пасля яе. Гэта, мабыць, дзіўна гучыць, але там я атрымаў і каштоўны вопыт. Толькі там я зразумеў, што не з усімі гатовы ісці ў разведку. Толькі там я ўпершыню ўсвядоміў, які я даўжнік перад сваімі бацькамі. “Амерыканка” усім нам дала магчымасць зразумець, хто мы ёсць. Яна выдатна адказвае на пытанне, ці мы такія прыгожыя, як перад фотакамерамі, альбо іншыя. Сёння я цешуся тым, што аднойчы Аляксандр Тамковіч возьме інтэрв’ю і ў Статкевіча, і ў Бяляцкага”.

Не рабіце з іх герояў

Яшчэ адзін герой кнігі “Жыццё пасля кратаў” Аляксандр Фядута быў асабліва эмацыянальным. “Нашы жонкі разумнейшыя, чым мы. І мая жонка, на жаль, не выключэнне, — адзначыў Фядута. – Яна зусім непублічная асоба, і калі падчас першага інтэрв’ю яна папрасіла журналістаў, каб яны не рабілі з палітвязняў герояў, на яе паглядзелі як на вар’ятку. А я цалкам з ёй згодны. Гэта кніга – пра жывых людзей, а не пра каменныя помнікі. Тамковіч напісаў пра людзей, якім балюча, якія рабілі і робяць памылкі. Менавіта таму гэтыя гісторыі будуць жыць доўга. Я адкрываю гэту кнігу – і чую галасы жывых людзей.

Тыя, каго называюць генераламі і палкоўнікамі плошчы, гэта людзі, перад якімі маячылі ці то слава, ці то грошы, ці то эміграцыя… Мы ўсе, ідучы на плошчу, ведалі, навошта мы туды ідзём і за што будзем сядзець. А тыя маладыя хлопцы, якіх вязалі і саджалі, ішлі за нашу і вашу свабоду – вось яны і ёсць сапраўдныя героі! Дзякуй, што мы можам апынуцца побач на старонках адной кнігі з тымі, хто ішоў на плошчу за свабоду і толькі за яе. Гэта кніга – апраўданне ўсім нам”.

“Самае галоўнае для герояў гэтай кнігі – застацца, — перакананы лідар кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў. – Аляксандр Тамковіч аб’яднаў людзей, у якіх адна і тая ж мэта – застацца ў гэтай краіне. Я маю на ўвазе не фізічна і нават не духоўна. Самае важнае, каб гэта краіна была і для нас таксама, каб нашы дзеці не марылі з’ехаць, каб атрымаць адукацыю і зрабіць кар’еру, за мяжу, каб ведаць, што падзеі снежня 2010 года не паўторацца. Галоўным лозунгам плошчы быў не “Жыве Беларусь!”, а “Застаёмся!”. Мы ўсе хочам застацца, хочам, каб Беларусь змянялася, стала еўрапейскай краінай, у якой нам будзе ўтульна жыць”.

Усе прысутныя на прэзентацыі атрымалі кнігу “Жыццё пасля кратаў” бясплатна, а таксама змаглі займець аўтограф аўтара, паразмаўляць з Аляксандрам Тамковічам ды з іншымі ўдзельнікамі прэзентацыі ў нефармальнай атмасферы.