На фестываль перакладной літаратуры “Шэнгенка” некаторыя прыйшлi па шэнгенскiя вiзы

Атрымалi ж замест iх па вітамінцы…

 

Вечарам 12 сакавіка на дварэ быў глыбокі мінус, а ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” было горача ад вялікай колькасці людзей, якія прыйшлі на адкрыццё першага фестывалю перакладной літаратуры “Шэнгенка”. Праўда, не ўсе прысутныя прыйшлі паслухаць творы чэшскіх, венгерскіх, славацкіх і польскіх пісьменнікаў, філосафаў і сацыёлагаў у выкананні вядомых акцёраў Ганны Хітрык і Паўла Харланчука. Некаторыя думалі, што падчас вечарыны будуць раздаваць шэнгенскія візы. Яны не разыгрываліся, ды і не заяўляліся арганізатарамі (вось што значыць трапная назва!), але па вітамінцы кожны атрымаў.

У афішы арганізатары фестывалю, сярод якіх “Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, а таксама кампанія “Будзьма беларусамі!”, заявілі, што гледачоў чакае “літаратурная вечарына “Мультыкультурная віза”, прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры, у якой аўтары змаглі выйсці за вузкія межы нацыянальнага і ўзняліся да глабальнага сусветнага мыслення”. Пад такім мудрагелістым соусам былі прэзентаваныя пяць кніг сярэднееўрапейскіх аўтараў, кожны з якіх вельмі папулярны і паважаны на радзіме.

Прысутным былі прадстаўленыя Петэр Надаш з раманам “Канец аднаго сямейнага рамана” (Венгрыя), Рудольф Слобада з раманам “Розум” (Славакія), Тадэвуш Ружэвіч са зборнікам выбранай паэзіі “Без” (Польшча), Анджэй Стасюк з падарожнай эсэістыкай “На шляху ў Бабадаг” (Польшча), а таксама Дамінік Татарка са зборнікам выбраных эсэ “Культура як стасункі” (Славакія).

“Мы вельмі рады, што да сённяшняга свята далучылася шмат маладых, таленавітых, апантаных перакладчыкаў. Мы маем гонар сёння прэзентаваць кнігі вядомых сярэднееўрапейскіх аўтараў, праца над перакладам якіх ішла на працягу двух апошніх гадоў. Так сталася, што перакладчыкі звычайна застаюцца за кадрам. Сёння мы хочам аднавіць справядлівасць і пазнаёміць вас з гэтымі людзьмі. Мы невыпадкова назвалі наш фестываль “Шэнгенка”, бо гэта тое, што сцірае межы ў Еўропе, а Беларусь з’яўляецца неад’емнай часткай еўрапейскай культурнай прасторы”, — адзначыла Алена Макоўская.

“Мы вельмі вам удзячныя, што, нягледзячы на вясенні авітаміноз, на мароз і завею, вы ўсё ж такі завіталі на наш фестываль, і вельмі спадзяёмся, што колькасць культурніцкіх вітамінаў у вашай крыві пабольшае. Але мы вырашылі вам прапанаваць не толькі духоўныя, але і сапраўдныя вітаміны. Гэта своеасаблівая віза ў вясну і добры настрой”, — дадала Макоўская і перадала ў залу слоік з вітамінамі.

 

Мадэратарам “Мультыкультурнай візы” быў паэт, старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. “Перад тым як запрасіць сюды нашых галоўных сённяшніх персанажаў, хачу падзяліцца з вамі адной думкай, — зазначыў Хадановіч. — Той, хто прыдумаў такую назву для фестывалю – “Шэнгенка”, — чалавек, які лёгка абыходзіцца з такімі сур’ёзнымі для забабонных беларусаў рэчамі, як шэнгенская віза, бо ўсім вядома, як хутка яе ў нас можна атрымаць, як не трэба стаяць у чэргах па шэнгенку... Калі я думаў пра назву, я вырашыў, што гэта альбо нейкі бесшабашны беларус, які не думае пра наступствы, альбо ніякі гэта не беларус. Аказалася, так і ёсць. Назву прыдумаў Павел Касцюкевіч — грамадзянін Ізраіля, якому не трэба атрымліваць тут шэнгенскую візу, таму ён можа дазволіць сабе такія метафары”.

 

Пасля роздумаў пра метафарычную візу Хадановіч прадставіў першага аўтара, з творамі якога азнаёміліся прысутныя падчас вечарыны: “Дазвольце прадставіць вам вельмі сур’ёзнага польскага пісьменніка, раманіста, жывога класіка, вельмі сур’ёзнага прэтэндэнта на Нобеля Тадэвуша Ружэвіча. Ён ужо некалькі дзесяцігоддзяў задае тон у польскай паэзіі. Гэта паэт, які змяніў сітуацыю ў сучаснай польскай паэзіі, які адказаў на пытанне, якой павінна быць паэзія пасля Асвенціма, пасля Халакосту. Я б параіў беларускім паэтам павучыцца ў яго, як пісаць вершы так, каб не збівацца на пафас, гаворачы пра важныя рэчы”.

Творы Тадэвуша Ружэвіча прачыталі Ганна Хітрык і Павел Харланчук, якія агучвалі творы ўсіх пяці еўрапейскіх аўтараў, раз за разам зрываючы бурныя апладысменты ад удзячнай публікі.

 

Размову пра Тадэвуша Ружэвіча працягнула перакладчыца вершаў паэта Марына Казлоўская, якая адказвала на пытанні Андрэя Хадановіча. “Паэзія Ружэвіча вельмі простая, але яна патрабуе вялікай унутранай працы ад чытача”, — падкрэсліла Марына.

 

Двух славацкіх пісьменнікаў — Дамініка Татарку і Рудольфа Слабаду — прадстаўляў паэт, выдавец са Славакіі Петэр Мілчак, якому дапамагала быць зразуметым аўдыторыяй перакладчыца Святлана Богуш. Гаворачы пра кнігу Рудольфа Слабады “Розум”, Мілчак адзначыў, што “яна будзе цікавая не прыхільнікам лёгкай літаратуры, а падрыхтаванаму чытачу, які любіць паразважаць над творам”.

 

Сёлета ў Славакіі адзначаецца стагоддзе з дня нараджэння пісьменніка Дамініка Татаркі. Беларусы могуць прачытаць у перакладзе на беларускую мову яго эсэ ў кнізе “Культура як стасункі”. “У жыцці Татаркі было шмат учынкаў, якімі ён мог ганарыцца, але былі і падзеі, за якія яму было б зараз сорамна. Дамінік Татарка быў удзельнікам народнага славацкага паўстання, але разам з тым напісаў тры раманы пра калектывізацыю… Я не маю права яго судзіць. Усё тое, што я кажу, гэта ўсяго толькі мой суб’ектыўны погляд на няпростае жыццё гэтага пісьменніка”, — адзначыў госць са Славакіі. Петэр Мілчак між іншым паабяцаў, што ў хуткім часе выдасць як мінімум чатыры кнігі беларускіх пісьменнікаў у сваім выдавецтве.

 

Перакладчыца Марыя Пушкіна прадстаўляла кнігу падарожнай эсэістыкі “На шляху ў Бабадаг” польскага пісьменніка Анджэя Стасюка. Яна выслухала перакладзены Хадановічам верш Юры Андруховіча, прысвечаны Стасюку, а пасля сказала: “Я думаю, усё клёва і Стасюк бы мной ганарыўся”. Пасля Марыя распавяла, як няпроста ёй было працаваць над перакладам, а таксама падзялілася, што падчас падарожжаў аўтаспынам носіць у заплечніку эсэістыку польскага пісьменніка: “Ягоныя тэксты набываюць такі сэнс падчас маіх падарожжаў аўтаспынам, што ёсць сэнс ехаць далей. Перакладаць кнігу было вельмі цяжка, бо ў пісьменніка вельмі няпростая стылістыка. Я вельмі раю дзяўчаткам кавалак пра Славенію, бо там вельмі шмат коцікаў”.

 

Апошнім аўтарам, якога прадставілі на вечарыне “Мультыкультурная віза”, быў венгерскі празаік Петэр Надаш, аб працы над перакладам якога распавёў перакладчык Алесь Карцель. “Гэтая кніга напісаная амаль у стылі плыні свядомасці, што, канечне, робіць працу над перакладам больш цяжкай. На пераклад гэтай, здавалася б, тоненькай кнігі, у мяне пайшоў месяц упартай працы. У мяне склалася ўражанне, што кніга нагадвае сапраўдную чорную дзірку, якая зацягвае ў сябе дзеянні і час. Шмат у чым гэты раман Надаша аўтабіяграфічны… Я прыклаў усе намаганні, каб гэты тэкст чытаўся па-беларуску добра”, — сказаў Карцель.

Пасля вечарыны, якая скончылася на пазітыўнай ноце, я паразмаўляла з галоўнымі героямі вечара Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком, якія агучвалі творы прэзентаваных сярэднееўрапейскіх аўтараў, а на цырымоніі ўганаравання лаўрэата прэміі Гедройца агучвалі ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў .

 

Павел: Гэта ўсё з-за Хадановіча. Ён зацягнуў нас і на Гедройца, і сюды. Ён жа сфарміраваў нашу пару. Ва ўсім вінаваты Хадановіч (усміхаецца).

Ганна: Урыўкі з твораў нам далі, выбіраў зноў-такі Хадановіч. А нам засталося толькі зрэжысіраваць нашае чытанне. Што да твораў, якія мы агучвалі сёння, то я б вельмі хацела мець кнігу вершаў Тадэвуша Ружэвіча, а таксама прачытаць царкам раман Петэра Надаша. А з шорт-лістэраў Гедройца вельмі хачу цалкам прачытаць раман Някляева. Калі мы з Пашам чыталі ўрыўкі, я адразу сказала, што было б здорава, каб прэмію далі Някляеву. Так і атрымалася.

Павел: Сапраўды, чытаецца вельмі добра, лёгка. У рамане Някляева вельмі светлая думка, як мне падаецца.

Ганна: Так, там такімі простымі словамі напісана пра няпростыя рэчы і з’явы… Абавязкова трэба прачытаць “Газіроўку” цалкам.

Павел: Мы заўважылі, што пісьменнікі з Сярэдняй Еўропы, творы якіх мы сёння чыталі, вельмі шмат разважаюць пра смерць, пра тое, што старое адыходзіць у нябыт, набліжаецца нешта новае. Яны зараз у такой прасторы паміж знаходзяцца. А ў тэкстах беларускіх пісьменнікаў я ўбачыў іронію з саміх сябе. Нашы пісьменнікі стараюцца напісаць так, каб нікога не зачапіць. Яны не заўжды могуць сваю думку выказаць проста, яны яе прыхаваюць за нейкую гісторыю, за нейкія метафары.

Ганна: Я перакананая, што галоўнае ва ўсім — прастата. Не павінна быць мудрагеліста. Я не кажу, што не мусіць быць складаных слоў, але пісаць трэба проста, зразумела. Простыя пачуцці, простае бачанне.

Сёння тут была цёплая атмасфера, нам утульна чыталася. А на Гедройцы было не так. Там і зала нязручная была, і асвятленне было кепскае — мы тэксту не бачылі! Ды і людзі туды прыйшлі, каб атрымаць узнагароды.

Павел: Не-е. Некаторыя па ўзнагароды прыйшлі, а некаторыя прыйшлі, каб паслухаць беларускую літаратуру! Там было шмат літаратараў, філолагаў, зацікаўленых у літаратуры людзей.

Ганна: А я іначай лічу! Гэта было не свята, як сёння, калі ты адкрываеш для сябе нешта новае, а мерапрыемства. Было чаканне, хто ж атрымае прэмію — і неістотна, што ты мне там чытаеш (смяецца). Хто перамог, хто перамог?Ды нам і самім было цікава, хто атрымае прыз! А тут па-сямейнаму было, класна, зручна. Мы ж усё роўна адчуваем сябе як на сцэне!

Павел: Так, на прэміі было напружанне ва ўдзельнікаў, у гледачоў, а яно, канечне, нам перадавалася. Мы хваляваліся, збіваліся…

Ганна: Да сённяшняй вечарыны мы рыхтаваліся спачатку кожны дома, абмяркоўваючы нейкія хады і прыдумкі па тэлефоне, а пасля, калі ўжо ведалі тэксты, рэпеціравалі недзе тры гадзіны.

У межах фестывалю “Шэнгенка” аматараў еўрапейскай літаратуры чакаюць яшчэ некалькі мерапрыемстваў. 20 сакавіка адбудзецца сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”. Падчас сустрэчы будуць прэзентаваныя кнігі “Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў” (навукова-палемічная праца) Iштван Бiбо, “Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм” (зборнік навуковых артыкулаў) Анджэя Валіцкага. Сярод выступоўцаў перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант.

26 сакавіка адбудзецца літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”. Вас чакае прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах: Багуміл Грабал “Я абслугоўваў ангельскага караля”, Эган Бонды “Запрашэнне на вячэру”, Міхал Вівэг “Цудоўныя гады сабаку пад хвост”, Ірэна Доўскава “Моцны Жбуць". У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядучы — куратар серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка.

29 сакавіка адбудзецца мемуар-вечарынка. На сустрэчы будуць прэзентаваныя наступныя кнігі: Жо Лангерава “Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.”, Ян Рознэр “Сем дзён да пахавання”, Імрэ Кертэс, “Страчаны лёс”, Шандар Марай, “Споведзь мешчаніна”.Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядучыя — Андрэй Хадановіч і Сяргей Сматрычэнка.

Усе вечарыны будуць адбывацца ў галерэі “Ў”. Пачатак у 19 гадзін.