За галоўную прэмію Experty.by змагаліся “Палац” і Зміцер Вайцюшкевіч

27 сакавіка прайшла пятая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў музычнай прэміі ад інтэрнэт-рэсурса Experty.by…

 

Пятая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў музычнай прэміі ад інтэрнэт-рэсурса Experty.by прайшла 27 сакавіка ў рэстарацыі “Камяніца” сціпла, хутка і без пафасу. 67 рэлізаў ад беларускіх музыкаў, што пабачылі свет у мінулым годзе, ацэньвалі адразу чатыры склады журы: журы партала, якое складаецца з чатырох штатных экспертаў, “вялікае журы”, дзе да штатных экспертаў далучыліся восем пазаштатных экспретаў, “народныя эксперты”, якімі сталі самыя актыўныя карыстальнікі, зарэгістраваныя на сайце, а таксама журы з пяці замежных экспертаў. 


“Clover Club”

“Мінулы год адзначыўся неверагоднай колькасцю рэлізаў, — звярнуўся да прысутных кіраўнік партала Experty.by і вядучы цырымоніі Дзмітрый Безкаравайны. — Яны хлынулі на нас нястрыманай плынню. У выніку мы адрэцэнзавалі 67 альбомаў. Якімі мы б добрымі не былі, мы вырашылі ўвесці пэўныя крэтэрыі і не ацэньваць усё, што выходзіць у нашай музыцы.

Тэндэнцыяй гэтага музычнага году стала вялікая колькасць інтэрнэт-рэлізаў. Калі ў мінулым годзе інтэрнэт-альбомы, якія альбо выкладаліся паралельна з выхадам кружэлкі, альбо наагул выходзілі толькі ў інтэрнэце, складалі палову, то ў гэтым гэта дайшло да 70 адсоткаў. Такім чынам, інтэрнэт афіцыйна стаў для музыкаў сродкам распаўсюду сваіх запісаў. Таму мы адмянілі намінацыю “лепшы рэкард-лейбл”. 

 

Калі ў тройцы лідараў, паводле меркавання беларускіх экспертаў і меламанаў, фігуравалі, па вялікім рахунку, адны і тыя імёны: “Серебряная свадьба” з альбомам «Laterna Magica», Clover Club з рэлізам «Randon Mood Jukebox» ды прадстаўнікі “старой гвардыі” Зміцер Вайцюшкевіч з “Ваячакам” і “Палац” з кружэлкай “Кола грукатала”, то замежнікі спынілі ўвагу на “маладой шпане”.

У тройку лідараў, паводле Аляксандра Філімонава (Lenta.ru, Расія), Юліі Каламіец (Rock.kiev.ua, Украіна), Ярэка Шубрыхта (T-Mobile Music PL), Караліса Вішняўскаса (Delfi.lt, Літва) ды Каспарса Завілейскіса (Riga2014.org, Латвія), самыя цікавыя рэлізы ў 2012 годзе выдалі гурты Akute (“Не існуе”), Sang Sattawood (Tree) і ДахаБраха & Port Mone (“Хмелева project”).

Прысутны на цырымоніі літоўскі журналіст, сябра міжнароднага журы Караліс Вішняўкас адзначыў, што “ўяўляў, быццам беларуская музыка будзе падобная на літоўскую, але крыху горш, а аказалася, што яна сапраўды падобная, толькі лепей”

 

Журналіст, кіраўнік музычнага праекту tuzin.fm Сяргей Будкін, называючы імёны лідараў і пераможцаў у намінацыі “Лепшы дэбютны альбом” сказаў, што не назваў бы сёлетнюю намінацыю дужа пазітыўнай: “Так часта бывае, што першы альбом каманды ён жа апошні. Хочацца, каб так не было, ад усёй душы жадаю, каб у маладых гуртоў альбомаў было паболей, чым у Вайцюшкевіча. На жаль, я чуў, што гэтую тэндэнцыю падтрымлівае гурт, заняўшы трэцяе месца. Гэта Sang Sattawood – я чуў, што яны ўжо распаліся. Спадзяюся, што вы прыйшлі сюды і тут жа пачнеце пісаць новыя песні”. Лепшым дэбютным альбомам быў прызнаны «Randon Mood Jukebox» гурта Clover Club

 

“У нас ёсць тры намінацыі паводле стыляў: найлепшы поп-альбом, найлепшы рок-альбом і найлепшы фолк-альбом, — кажа Безкаравайны. – Сёлета, на жаль, зноўку нашыя поп-выканаўцы не выцягнулі. Выйшлi чатыры альбомы, два з якіх атрымалi недзе па чатыры балы з дзесяці, у тым ліку, пераможцы нейкіх іншых сур’ёзных узнагарод, якія ў нас не каціруюцца: мы вымяраем нешта іншае. Таму найлепшага поп-альбому не будзе”.

Найлепшы фолк-альбом абвяшчаў Алег Клімаў. “У мінулым годзе абсалютным лідарам была “Троіца”, сёлета таксама ёсць яўны лідар. Я не хачу сказаць, што фолк-альбомаў у нас выходзіць мала, але ж збольшага гурты прапаноўваюць эксперыметальную музыку ў сваім жанры, якая была троху размытая. А перамог калектыў, які на працягу дваццаці год гне сваю лінію і роюіць гэта бліскуча”. Лепшым фолк-альбомам быў прызнаны “Кола грукатала” гурта “Палац”.

 

Лідар “Палаца” Алег Хаменка адзначыў, што “калі збіраўся сюды, то думаў, што ўсё роўна нешта ж дадуць. Я вельмі рады, што мой гурт усё ж складае вельмі сур’ёзную канкурэнцыю для зусім малыдх і вельмі таленавітных каманд. Я б нават сказаў, мімімішным такім – вельмі абаяльным, у сэнсе. Прыемна ўсведамляць, што “Палац” з’яўляецца лідарам сярод лепшых фолк-калектываў Беларусі. Гэта мяне вельмі цешыць”

 

Самай масавай намінацыяй стаў “Найлепшы рок-альбом”. Дзмітрый Падбярэзкі сказаў, што “пашыраюцца стылёвыя межы, што датычыцца і рок-музыкі. Хочацца пажадаць, каб гэтыя каманды працавалі і далей ў пошуку свайго стылю і уласнага гучання, хаця ў многіх гэта ўжо атрымліваецца даволі доўга”. Чаканай для многіх стала перамога гурта Akute з альбомам «Не існуе», які ярка гучыць на беларускай сцэне, перамагаючы практычна ва ўсіх незалежных прэміях. 

 

Найлепшым беларускамоўным альбомам стаў “Ваячак” Змітра Вайцюшкевіча. “Я наогул здзівіўся, што такое можа быць. Вайцюшкевіч зноў у трэндзе!”, — пажартаваў Сяргей Будкін. Зміцер прыйшоў на цырымонію ў класічным чорным капелюшы і ўсім, хто сядзеў побач, распавёў, што набыў яго не ў Нью-Ёрку, як збіраўся, а ў Менску.

“Гэта сапраўды беларускамоўны альбом, але ж польскай паэзіі. Я ўдзячны найперш перакладчыкам Андрэю Хадановічу і Вальжыне Морт. Мае сямнаццаць альбомаў – гэта не так і шмат. І я раю маладым музыкантам: пішыце, працуйце. Я не працую на мясакамбінаце, я музыкант, таму маю права выпускаць адзін альбом ці два, а можа і тры альбомы у год”, — зазначыў Вайцюшкевіч, сарваўшы гучныя авацыі. 

 

Лідар гурта “Серебряная свадьба” Бенька, якая атрымала Прыз народных экспертаў і Прыз вялікага журы, імкнулася як мага хутчэй збегчы з атрыманым дыпломам. “Дзякуй вялікі, гэта ўсё вельмі кранальна і некалькі сюррэалістычна”, — зазначыла музыка. 

 

Музычных падарункаў было няшмат: для прысутных журналістаў фатографаў заспяваў пераможца ў дэбютнай намінацыі гурт Clover Club, якія былі ўтрох, хаця звычайна яны выступаюць упяцёх. “У іх яшчэ барабаны, моцны бас і страшная энэргія. Мы проста падумалі пра сейсмічную бяспеку гэтага раёну, таму папрасілі, каб яны былі ў такім аблегчаным складзе”, — адзначыў Безкаравайны. 

 

За самую галоўную прэмію ў намінацыі “Найлепшы альбом году” змагаліся гурт “Палац” і Зміцер Вайцюшкевіч, які пачынаў сваю музычную кар’еру ў складзе “Палаца”. “Нашу песню не задушыш, — яшчэ раз звярнуўся да прысутных пераможца Зміцер Вайцюшкевіч. – Я хацеў бы, каб гэтая прэмія дала магчымасць усім хто забаронены, а я ў іх спісе таксама: Міхалку, Вольскаму і іншым нармальна перад вамі выступаць і адказваць на вашыя пытанні”.

Усе пераможцы прэміi Experty.by за 2012 год:

Лепшы дэбютны альбом — Clover Club “Randon Mood Jukebox”
Лепшы фолк-альбом — “Палац” “Кола грукатала”
Лепшы рок-альбом — Akute “Не існуе”
Лепшы беларускамоўны альбом — Зміцер Вайцюшкевіч “Ваячак”
Прыз народных экспертаў — Серебряная свадьба “Laterna Magica”
Прыз замежных экспертаў — ДахаБраха&Portmone “Хмелева Project”
Прыз вялікага журы — “Серебряная свадьба” “Laterna Magica”
Альбом года — Зміцер Вайцюшкевіч “Ваячак”.

Паслухаць усе альбомы пераможцаў можна на сайце Experty.by. Арганізатары паабяцалі, што ў бліжэйшыя дні на сайце пачнецца публікацыя топ-10 з каментарамі ўсіх 17 беларускіх і замежных крытыкаў, якія ўдзелнічалі ў вызначэнні пераможцаў. Партнёрам мерапрыемства выступіў інтэрнэт-правайдар “Атлант Тэлеком”.