Дата публикации:
04.04.2013
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/culture/2013/04/04/ic_articles_117_181343/

У Мінску паказалі, як “Жыве Беларусь!”

Автор: Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 

У Мінску адбылася серыя закрытых праглядаў фільма “Жыве Беларусь!” вядомага польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча. Фільм прэтэндуе стаць першай паўнавартаснай мастацкай стужкай пра нашу краіну, паказаны шырокаму еўрапейскаму гледачу. Калі кіно змогуць убачыць беларусы не ў закрытым фармаце, а на вялікіх экранах ці прынамсі на сваіх кампьютарах, пакуль невядома. Але стваральнікі спадзяюцца, што гэтая мара здзейсніцца бліжэй да восені.

Адзін са сцэнарыстаў фільма Франак Вячорка, чыя асабістая гісторыя стала асновай для сюжэта стужкі, вызначае жанр фільма як “трыллер, які нельга глядзець на расслабоне”. Ён гатовы распавядаць пра кіно гадзінамі, бо быў на здымачнай пляцоўцы ўсе 40 дзён, за якія быў зняты матэрыял для стужкі.

Франак вызначае дзьве мэты, дзеля якіх было створанае кіно: еўрапейцам яно распавядзе пра тую складаную палітычную і сацыяльную сітуацыю, што пануе ў нашай краіне і, магчыма, зробіць Беларусь “пытаннем дня” ў краінах Еўрасаюза. Беларусам жа, якія не ведаюць, як жывуць суайчыннікі за кальцавой, у прыватнасці ў Чорнобыльскай зоне, як служаць у войску палітжаўнеры, тым “несвядомым” беларусам, якія яшчэ не сутыкаліся з праявамі рэжыму, гэтая стужка распавядзе пра іншую краіну, дастаткова змрочную і няветлівую.

Кшыштаф Лукашэвіч зняў дастаткова брутальнае кіно ў змрочнай манеры. Фільм пачынаецца з таго, што рок-гурт “ФорZа” спявае песню пра рэвалюцыю, пасля якой гітарыст Зміцер правакуе натоўп на скандаванне “Жыве Беларусь!” пад бел-чырвона-белымі сцягамі. У выніку канцэрт жорстка разганяюць, а саліста Мірона Захарку забіраюць у войска, нягледзячы на сардэчную недастатковасць.

Пасля першых кадраў становіцца зразумелым, што далей падзеі будуць толькі яшчэ больш змрочнымі. Што і абдываецца. У войску Захарку ўвесь час збіваюць, здзекуюцца з яго, а калі даведваюцца, што гэта ён аўтар блога салдата ў інтэрнэце, які паставіў на вушы ўсю краіну, прымушаюць пакаяцца ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Дарэчы, дакументальнай асновай для блога, які надыктоўвае Захарка па тэлефоне сваёй дзяўчынке Веры, стаў вайсковы дзённік Франака Вячоркі, які публікаваўся ў інтэрнэт-газеце Naviny.by.

Гэта шматпластавае кіно, якое распавядае пра падзеі 2009-2010 гадоў, абапіраючыся на шырокую праблематыку. Гэта стужка і пра каханне (праўда, гэтая лінія апынулася самай слабой), і пра змаганне за краіну і за родную мову (дзякуючы шэраговаму Шэраму для салдат перакладаюць прысягу на беларускую мову), і пра выбары-дурыбары (Захарка балатуецца на мясцовых выбарах, набірае большасць галасоў, але вынікі фальсіфікуюць), і пра Беларусь як краіну, якая жыве савецкім мінулым і не хоча з ім развітвацца (у вайсковай частцы паўсюль панатыканыя бюсты і помнікі Леніна), і пра дыскрымінацыю і гвалт, якія спазнаюць маладыя “духі” ад “дзядоў” (дзедаўшчына стала ледзь не галоўным героем стужкі), і пра імкненне зампаліта выслужыцца перад начальствам, ламаючы лёсы і жыцці маладых хлопцаў (колькі вакол нас такіх зампалітаў?)…

Цягам гадзіны і дваццаці сямі хвілін перад гледачом разгортваецца драматычная гісторыя мінскага музыкі, які пацярпеў праз тое, што гаворыць у сваіх песнях пра свабоду і іншую Беларусь. Мастацкія прыёмы, асноўным з якіх стала гіпербала, у даным выпадку мэтазгодная і апраўданая. Калі мы не ўбачым стан рэчаў без прыўкрас і рамантычнага “абы не было вайны”, нічога не станем мяняць.

Ролі ў фільме выконвалі як беларускія, так і польскія акцёры. Беларусы Зміцер «Vinsent» Папко (Мірон Захарка), Анатоль Кот (генерал), Аляксандар Малчанаў (зампаліт), Раман Падаляка (гітарыст Зміцер), Дзяніс Тарасенка (галоўны “дзед”), Аляксандар Памідораў (радыёвядучы) глядзеліся на экране дастаткова пераканаўча, ім хацелася верыць і давяраць. А вось польская актрыса Караліна Грушка, якой даверылі ролю дзяўчыны Мірона Веры, выглядала як з іншай планеты. Ці то яна не зразумела, каго іграе (нават таленавітай актрысе складана пераўвасобіцца ў дзяўчыну беларускага хлопца, на якога ціснуць, калі ты – полька.), ці то яе моцны польскі акцэнт не даваў ёй раскрыцца, а нам разгледзець у ёй тую, якая таксама пакутуе за радзіму і каханне…

Выканаўца адной з ключавых роляў зампаліта акцёр Купалаўскага тэатра Алесь Малчанаў, адказваючы на пытанне, ці проста было пераўвасобіцца ў адмоўнага героя, адзначыў, што “Кшыштаф Лукашэвіч таленавіты рэжыссёр, які ўмее працаваць з акцёрам. Таму было не складана. А потым, адмоўныя ролі нашмат цікавей граць, чым станоўчыя”. На пытанне, якім чынам можа змяніць кіно “Жыве Беларусь!” сітуацыю ў краіне, Алесь адказаў: “Гэта пытанне складанае і я не ведаю адказу. Для мяне важна тое, што гэта першы фільм які паказвае сучасныя праблемы ў Беларусі, нават, калі і гіпербалізавана”.

Кіно пра Беларусь цалкам знятае ў Польшчы, за выняткам некалькіх пейзыжных планаў Мінска. Над фільмам працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакументальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal +. Сусветнай дыстрыбуцыяй фільму «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies. У бліжэйшы час фільм будзе запушчаны ў пракат у Польшчы, паказаны ў Нарвегіі, Чэхіі ды іншых еўрапейскіх краінах. Летам запланаваны выхад кіно на тэлебачаннi.