Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Дыктатура можа дапамагчы беларускім творцам дайсці да еўрапейскага чытача
    Вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава наведала Мінск для ўдзелу у фестывалі еўрапейскай прозы «Еўрапеана»...
  2. Беларускі спектакль трапіў у атмасферу ўсерасійскай гістэрыі
    Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра скандал пасля спектакля “Бі-Лінгвы” ў Маскве…


Культура

Выкладчыкі “Глебаўкі” справаздачыліся перад студэнтамі

 

На дваццаць другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі ў галерэі “Панарама” 11 красавіка распачала працу выстава творчых работ выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава “Поліфанія”. Мацёрыя майстры мастацтваў і маладыя творцы, якія пайшлі па шляху перадачы ведаў маладзейшым калегам, выставілі свае работы на вышыні, трымаючы адказ перад сваімі студэнтамі, іх бацькамі ды перад усімі намі. Гэта першая выстава творчых работ мастакоў-педагогаў у галоўнай бібліятэцы краіны. 

 

У разнастайную і багатую экспазіцыю выставы ўвайшлі творы жывапісу, графікі і скульптуры творцаў, якія сёння выкладаюць у прэстыжным каледжы для творчай моладзі. Сярод экспанатаў наведнік выставы пабачыць працы сталых выкладчыкаў, сярод якіх Святлана Кастрыца, Вікторыя Кульваноўская, Алег Хартановіч, Святлана Чэпік, Яўген Колчаў, Міхась Яршоў. Не засталіся ў баку і прадстаўнікі малодшага пакалення – у “Панараме” выставіліся Марына Гарахавік-Лабуда, Юрый Брэль, Андрэй Карпянкоў, Вікторыя Качэня, Павел Хадаровіч, Дар'я Шышкова, Ганна Інькова

 

“Ідэя выставы звязана з тэмай поліфаніі: адначасовага гучання, развіцця і ўзаемадзеяння некалькіх раўнапраўных галасоў у межах адной мелодыі. І сапраўды, мастакоў, якія выкладаюць у мастацкім каледжы, аб’ядноўвае шмат фактараў: многія з іх самі былыя выпускнікі “Глебаўкі”, гэта тыя людзі, хто стаўшы прафесіяналам і знайшоўшы свой шлях у мастацтве, шчыра імкнуцца данесці каштоўныя веды да моладзі”, — адзначаюць арганізатары ў рэлізе да экспазіцыі.

 

Экспазіцыя поўніцца мяккіямі беларускімі краявідамі ў розных выкананнях, ёсць тут і філасофскія работы, і кампазіцыі, з дапамогай якіх мастакі даследуюць структуру прасторы і рэчаў, вы сустрэнеце работы, заснаваныя на багатым беларускім этнаграфічным матэрыяле, мадэрновыя інсталяцыі і кранальную скульптуру. 

 

Фёдар Ястраб, загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распачынаючы адкрыццё выстаўкі, адзначыў: “Вельмі прыемна бачыць сёння так шмат навучэнцаў каледжа, выкладчыкі якога выстаўляюць для вас свае творы. Я абсалютна перакананы, што нават калі нехта з вас не стане мастаком пасля заканчэння вучобы, то назаўжды застанецца звязаным з мастацтвам у той ці іншай форме

 

Такія людзі заўсёды патрэбныя. Бо калі няма сапраўдных аматараў мастацтва, тых, хто разумее, чым яно ёсць у чалавечым жыцці, то мы будзем назіраць наступствы поп-культуры, я б нават сказаў пост-культуры. Пачынаюць з’яўляцца кітчавыя рэчы, серыялы і гэтак далей… Каб гэтага не адбывалася, наша знакамітая “Глебаўка” рыхтуе таленавітых людзей. Дзякуючы гэтаму каледжу мы маем знакамітых дзеячоў мастацтва”

 

Ястраб адзначыў, што ў фондах бібліятэкі знаходзяцца ўнікальныя рэсурсы па сусветным мастацтве, якія дапамогуць пачынаючым мастакам пазнаёміцца як з айчыннай, так і сусветнай мастацкай культурай. “Многія мастакі, працуючы над ілюстрацыямі, абавязкова прыходзяць да нас і карыстаюцца гэтымі каштоўнымі рэсурсамі. Вы працуеце, развіваецеся, таму павінныя тут бываць. Калі вы хоць раз прыйдзеце па такую інфармацыю, вы знойдзеце вельмі шмат кніг і альбомаў, якія будуць сапраўды карыснымі для вас. Нідзе больш вы гэтага не знойдзеце”, — заклікаў Фёдар Ястраб будучых мастакоў “пасябравацца з залам мастацтва бібліятэкі”. 

 

“Чаму такая выстава нам сапраўды патрэбная? – вяртаецца да акрэслення значнасці падзеі Фёдар Ястраб. – Педагог — гэта не толькі той, хто вучыць, як рабіць. Ён павінен паказаць, як гэта рабіць. Хаця педагог не мусіць рушыць індывідуальнасць навучэнца, даючы яму магчымасць развівацца па сваіх законах. Але ёсць законы агульныя ў мастацтва і гэта трэба разумець. Тут вы ўбачыце абсалютна розную мастацкую манеру вашых выкладчыкаў, многія з якіх яшчэ набіраюцца жывапіснага вопыту, самі вучацца і ўдасканальваюцца. Вы маеце магчымасць паглядзець на вынікі пройдзенага імі шляху ў мастацтве. Гэта вельмі цудоўны праект”.

 

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава Аляксандр Шантаровіч прызнаўся, што перад адкрыццём выставы асабліва хваляваўся, колькі ж людзей прыйдзе на адкрыццё экспазіцыі: “Але я бачу, што вас шмат, таму хвалявацца няма чаго. Выставаў рознага кшталту мы арганізуем багата, тут ні дадаць, ні адняць. За апошнія паўгоды мы зладзілі шаснаццаць выставак рознага фармату ў Мінску, у абласных ды раённых цэнтрах. Аднак выстава, якая тут адкрываецца зараз, гэта для мяне нешта зусім асаблівае. Такога кшталту праектаў мы яшчэ не рабілі”

 

Гаворачы пра назву выставы “Поліфанія”, Шантаровіч падкрэсліў, што “поліфанічны лад – гэта асноўная задача нашага коледжа. Калі ў яго кожны год будуць дадавацца галасы і творы нашых навучэнцаў і выкладчыкаў, то мы створым немагчымае! Мы амбіцыёзна заявілі, што гэтая выстава – першая. Мы спадзяемся, што за ёй праз год будзе другая, а пасля і трэцяя, і чацвёртая”.

Оценить материал:
Средний балл - 4.50 (всего оценок: 8)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева