Як Уладзімір Арлоў прасіў калег на дудзе зайграць

У сталічнай галерэі “Ў” адбывалася вялікая прэзентацыі кнігі “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” на англійскай ды рускай мовах...

З чаго звычайна складаецца прэзентацыя кнігі пісьменніка? Акрамя расповедаў пра саму кнігу, яе актуальнасць для сучаснікаў і нашчадкаў (актуальнасць знаходзіцца заўжды, будзь гэта кніга па гісторыі Беларусі, пра брытанскіх футбольных фанатаў ці пра асаблівасці развядзення кактусаў), амаль усе выступоўцы ўдзельнічаюць у спаборніцтве па прыдумванні і агучванні найлепшага камплімента (заслужанага ці не — мала хвалюе расчуленых літаратараў) героям прэзентацыі.

Вечарам 10 чэрвеня ў аматараў рамантычнага, да слёз прабіраючага пафасу была выдатная нагода атрымаць асалоду напоўніцу. У сталічнай галерэі “Ў” адбывалася вялікая прэзентацыі кнігі пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Змітра Герасімовіча “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” на англійскай ды рускай мовах. Гледзячы на зацятае перацягванне каната, сатканага з дыфірамбаў, прысвечаных Уладзіміру Арлову (а таксама і іншым удзельнікам урачыстасці), я думала вось аб чым.

Па вялікім рахунку, фармат “ты мяне запрашаеш, таму я не магу цябе і тваю працу не пахваліць” зразумелы. Парушыць яго ў беларускай закансерваванай літаратурнай прасторы могуць сабе дазволіць лічаныя людзі. Валянцін Акудовіч, напрыклад, які заўжды аджартуецца, маўляў “усе хваляць, а я цябе паругаю, бо ёсць за што”, але на слабыя месцы кнігі ўкажа. Альбо Андрэй Хадановіч, які таксама выбірае напаўжартоўную інтанацыю, каб сказаць не як трэба, а як ёсць.

Іншыя заслужаныя і прызнаныя аўтарытэтамі прадстаўнікі беларускага прыгожага пісьменства так не могуць. Яны шчыра перакананыя, што калі ты прыйшоў на прэзентацыю — трэба хваліць (а пасля ўжо, у кулуарах з віном ці шампанскіх у руках гаварыць таварышам ці нават журналістам: “Ну так, вядома, кніга слабая, але вы ж разумееце…”).

Уладзімір Арлоў — з тых, хто не стане за спінай даводзіць пра “вы ж разумееце”, таму і дыфірамбы ў свой гонар учора вечарам ён выслухоўваў з няёмкасцю на твары. Па ягоных усмешках было бачна, што яму ў такой прытарна-цукровай атмасферы, як мінімум, няўтульна.

Калі кампліменты “цудоўны”, “прыўкрасны”, “найлепшы”, “самы таленавіны”, “незвычайны” відавочна пераўзыйшлі норму, Арлоў пачаў жартам вяртаць выступоўцаў да жыцця. “Шкада, што ты на дудзе не йграеш, а то зараз бы зайграў у мой гонар — толькі гэтага і не хапае!” — давялося паўтарыць пісьменніку некалькі разоў.

Кніга як нацыянальны міф

Пра кнігу, пераклады якой на англійскую і рускую мовы пабачылі свет у славацкім выдавецтве Kalligram, што ў Браціславе, Арлоў распавёў прысутным наступнае: “Кніга, якая сабрала нас тут сёння, мае ўнікальную гісторыю. Першае выданне выйшла ў 2003 годзе, а цяпер перад вамі трэцяе беларускае выданне. Кніга мае свайго чытача, сваіх крытыкаў, вельмі шмат водгукаў, і я не буду пра яе гаварыць шмат… Я хачу адзначыць, што мы са Змітром Герасімовічам імкнуліся расказаць пра гісторыю Беларусі як пра частку агульнаеўрапейскага цывілізацыйнага працэсу. Мы хацелі сцвердзіць тое, што жыхары Беларусі — гэта ментальна і гістарычна еўрапейскі народ”.

“Ідэя кнігі нарадзілася шмат раней, яшчэ ў 90-я гады”, — дадаў Арлоў.

Перакладчык “Краіны Беларусь” на англійскую мову брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі падзяліўся з прысутнымі, што, калі перакладаў кнігу, адчуваў трывогу і гонар адначасова: “Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч стварылі шмат у чым унікальнае выданне. Па-першае, гісторыя беларускага народу ніколі не падавалася ў выглядзе такога ўдалага спалучэння тэксту і ілюстрацый, па-другое, да выхаду першага выдання ў 2003 годўе Беларусь не мела кнігу, якая б належным чынам падавала для сучаснага чытача гісторыю краіны па-беларуску, і тым больш нічога падобнага не было па-англійску.”

Рэдактар англійскага выдання Вольга Калацкая таксама гаварыла і пра гонар, і пра трывогу: “Я хачу прызнацца, што мне раз-пораз сніцца адзін і той жа жахлівы сон, што я мушу спяваць “Аіду”. Я апынаюся на сцэне, голасу няма і не было ад нараджэння, словаў не ведаю, нотаў тым болей… Прыкладна тое самае адчуванне ў мяне было, калі мне патэлефанаваў Арлоў з прапановай быць рэдактарам англійскага выдання “Краіны Беларусь”. Гісторык з мяне прыкладна такі самы, як і оперная спявачка, мастацтвазнаўца прыблізна як футбаліст, а каб рэдагаваць пераклад, зроблены бліскучым перакладчыкам Джымам Дынглі, які дасканала ведае беларускую мову, трэба быць не двойчы героем, а двойчы крэтынам! Я шчыра сказала спадару Арлову: “Здаюся!” На што ён мне адказаў: “Вольга, не здавайцеся!” і ўблытаў мяне ў гэтую авантуру”.

Кнігу, якую давялося рэдагаваць Вользе Калацкай, яна вызначае няйначай як “нацыянальны міф — не як міфы пра багоў і герояў, а як падставовы фактар фармаванне беларускай нацыі”.


Кніга-пашпарт Беларусі

“У кожнай цывілізаванай дзяржаве грамадзянін павінен мець пашпарт, той дакумент, які сведчыць, дзе чалавек нарадзіўся, якое ў яго імя і прозвішча, дзе ён жыве, — выказаў перакананне Уладзімір Арлоў. — У маім уяўленні пашпарт павінна мець і кожная цывілізаваная дзяржава. Гэты дакумент павінен зазначаць і месца дзяржавы, і час нараджэння дзяржаўнасці народа, які насяляе гэтую зямлю, вызначаць галоўныя падзеі асобаў у гэтай дзяржаве на працягу стагоддзяў.

Такім вось пашпартам мне ўяўляецца наша кніга. Можна сказаць і больш сціпла: спробай стварыць такі пашпарт. Але, як мы ведаем, кожны пашпарт не павінен быць на адной мове, іначай нашыя блізкія і далёкія суседзі нічога не зразумеюць. І цяпер, дзякуючы Джыму, мы такі пашпарт маем”.

У рускамоўнай і англамоўнай “Краіне”, як і ў беларускамоўным томе, больш за дзьве тысячы ілюстрацыі. Унікальныя летапісныя мініацюры, сярэднявечныя гравюры ды рэдкія фотаздымкі для кнігі шукаў мастак, графік і дызайнер Зміцер Герасімовіч. Ён быў нешматслоўным: “Я хачу сказаць, што без супольнай працы з нашымі калегамі, якія прысутнічаюць тут зараз, нічога не атрымалася б, я б не сабраў гэтыя ўсе ілюстрацыі”.

Зміцер Герасімовіч адзначыў, што з гістарычнымі ілюстрацыямі працаваць складана, патрэбная дапамога вялікай колькасці гісторыкаў. Мастак выказаў спадзяванне, што ад перавыдання да перавыдання кніга ўдасканальваецца, робіцца лепей і лепей.

Музычны настрой вечарыны ствараў музыка Яўген Барышнікаў. Ён граў на дудзе, на якой астатнія, нягледзячы на настойлівасць Арлова, зайграць адмовіліся, абмежаваўшыся вуснымі хваласпевамі.

Нечаканкай вечара стаў акапэльны спеў Змітра Вайцюшкевіча, які забег у галерэю “Ў” на нейкую іншую вечарыну і на прэзентацыі апынуўся выпадкова. Але ён так хацеў кнігу Арлова ў падарунак, што выйшаў і праспяваў на радасць усім прысутным. Кнігу ў падарунак атрымаў.

“Краіна Беларусь” па-англійску мае тыраж тры тысячы асобнікаў, па-руску — пяць тысяч. Падчас прэзентацыі аўтары адзначылі, што маюць намер перакласці кнігу на польскую мову, а таксама на шэраг іншых еўрапейскіх моў.